2379

Адукацыйны курс «Навіны па-новаму» (рэгістрацыя да 5 лютага)

20.01.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» праводзіць цягам двух бліжэйшых месяцаў бясплатны курс, на якім прафесійныя рэпарцёры навучаць хутка ствараць такія навіны, якія абавязкова «выбухнуць».

Навіны застаюцца самым запатрабаваным «таварам» сродкаў масавай інфармацыі і ў эпоху Інтэрнэта.

Але гэта не так проста: зразумець, што хоча ведаць чытач, здабыць факты, якія не ляжаць на паверхні, выбраць адпаведны фармат і фокус падачы інфармацыі і пракласці ёй шлях да шырокай аўдыторыі.

Як зрабіць свой «тавар» унікальным, якраз і будзем вучыцца падчас арыентаванага на набыццё практычнага досведу курса «Навіны па-новаму».

Курс будзе карысны для тых, хто толькі пачынае працаваць журналістам, ці  яшчэ вучыцца журналістыцы. А тым, хто працуе даўно, дае магчымасці рабіць сваю работу больш якасна, дзякуючы авалодванню сучаснымі інструментамі і тэхнікамі.

Цягам серыі майстар-класаў ад выбітных беларускіх рэпарцёраў мы распрацуем алгарытм дзеянняў, якія дазволяць хутка і якасна пісаць навіны на любыя тэмы.

Слухачы навучацца:

— знаходзіць навіны там, дзе іншыя  іх не заўважаюць;

—  здабываць эксклюзіў з прэс-рэлізаў і прэс-канферэнцый;

— распрацоўваць тэму пад адмысловым ракурсам;

— будаваць “перакуленую піраміду” па сучасных стандартах;

— пісаць лагічна, ясна, коратка.

Пасля заканчэння курса слухачы будуць умець:

  • весці стрымы (наўпроставыя трансляцыі) падзей;
  • прывабна запакоўваць навіны і эфектыўна карыстацца прынадамі: загалоўкам, тызерам, лідам;
  • верыфікаваць інфармацыю і пазнаваць фэйкі;
  • карыстацца сацсеткамі для пошуку інфармацыі, герояў і каментатараў, а таксама прасоўвання ўласных тэкстаў.

Сярод трэнераў Андрэй Махоўскі (Reuters), Ірына Леўшына (БелаПАН), Паўлюк Быкоўскі (DW), Алесь Залеўскі i Сяргей Кавалёў (Белсат, відэатрансляцыі) і іншыя.

ДА ЎДЗЕЛУ ЗАПРАШАЮЦЦА: журналісты, студэнты факультэтаў журналістыкі.

АПІСАННЕ КУРСА: Курс «Навіны па-новаму» распачнецца 10.02.2018  у Мінску і завершыцца  1.04.2018  майстар-класам замежнага трэнера ў Вільні. Паміж гэтымі датамі па суботах (з 14.00 да 18.00) пройдуць шэсць майстар-класаў ад журналістаў розных беларускіх СМІ.

Удзел у курсе бясплатны, але колькасць удзельнікаў абмежаваная.

Падаць заяўку на ўдзел можна да 5 лютага, 24:00.