1014

Адукацыйны курс ад БАЖ «Пра палітыку і выбары: вучымся пісаць крута» (да 25 кастрычніка)

20.10.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гэта толькі здаецца, што палітыкі ў Беларусі няма ці яна зусім аднамерная, убогая. Калі глядзець прафесійным вокам, ведаць закуліссе, дзейных асоб і шэрых кардыналаў, умець вывудзіць інфу, разумець хітрыкі ды трэнды, то можна рабіць яскравыя хвосткія матэрыялы, якія паставяць публіку на вушы, набяруць процьму клікаў.

Натуральна, трэба яшчэ і проста ўмець пісаць, гуляць словам.

Стаць такім профі вам дапаможа курс «Пра палітыку і выбары: вучымся пісаць крута», які ладзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў у Мінску з 2 лістапада па 22 снежня 2019 года.

Заняткі будуць весці знаныя журналісты, палітычныя і медыйныя эксперты. Яны не стануць грузіць голай тэорыяй (хоць і «матчастку» ведаць важна), а найперш падзеляцца досведам, зладзяць практыкумы.

У вас будзе магчымасць прапанаваць увазе трэнераў свае працы, каб атрымаць ацэнку ды парады.

У вас ёсць шанец навучыцца:

— цікава, пераканаўча, з веданнем справы пісаць пра палітыку, выбарчыя кампаніі ў суровых умовах беларускай сістэмы;

— арыентавацца ў персаналіях, нюансах ды падводных плынях беларускай палітыкі, разумець гульні ўладаў, палітыкаў і паліттэхнолагаў з электаратам ды прэсай;

— выкарыстоўваць розныя інфармацыйныя і аналітычныя жанры ў палітычнай тэматыцы: пісьменна будаваць рэпартаж, інтэрв’ю з палітыкам, каментаваць падзеі хутка і трапна;

— рабіць фактчэкінг, распазнаваць фэйкі, абыходзіць пасткі маніпуляцый;

— канструяваць матэрыял тэхналагічна, працаваць з экспертамі, крыніцамі інфармацыі;

— завострываць кантэнт пад падачу ў Сеціве, шукаць тэмы і прасоўваць матэрыялы праз сацыяльныя сеткі, выкарыстоўваць новыя фарматы падачы (відэакаментар ды інш.);

— пісаць сцісла, выразна, яскрава, шліфаваць стыль;

— абыходзіць этычныя ды прававыя пасткі, датрымліваць уласную бяспеку, падстрахоўвацца ад непрыемнасцяў пры асвятленні вострых сюжэтаў, у тым ліку падчас палітычных кампаній.

Дадатковыя перавагі: удзельнікі, якія паспяхова закончаць навучанне, атрымаюць сертыфікат.

Да ўдзелу запрашаюцца журналісты, студэнты факультэтаў журналістыкі з Мінска і рэгіёнаў.

Па выніках курса кожны ўдзельнік АБАВЯЗКОВА павінен падрыхтаваць свой матэрыял.

Трэнеры: кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН  Аляксандр Класкоўскі, медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, палітычны аналітык Арцём Шрайбман, юрыст Алег Агееў, палітолаг Валер Карбалевіч.

АПІСАННЕ КУРСА: Курс «Пра палітыку і выбары: вучымся пісаць крута» распачнецца 2 лістапада і завершыцца 22 снежня 2019 г.

У межах курса ў Мінску па суботах з 15.00 да 18.00 пройдуць 6 заняткаў (9 лістапада ў звязку з доўгімі выходнымі заняткаў не будзе). Лепшыя з удзельнікаў пасля заканчэння курса змогуць патрапіць на майстар-клас замежнага трэнера ў Вільню.

Удзел у курсе бясплатны, колькасць удзельнікаў абмежаваная. Прыярытэт пры адборы аддаецца сябрам ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якія не маюць запазычанасці па ўнёсках.

Падаць ЗАЯЎКУ НА ЎДЗЕЛ можна да 25 кастрычніка, 23:59.