350

Адукацыя, юрыдычная падтрымка і абарона калег, — магілёўскія БАЖаўцы вызначыліся з планамі на 2020 год

13.01.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сябры Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” 12 студзеня сабраліся ў грамадскім цэнтры “Кола” ў Магілёве, каб падвесці вынікі 2019 года і вызначыцца з планамі на 2020 год.

Сустрэча распачалася з выступу лідара суполкі Барыса Вырвіча, ён нагадаў пра мерапрыемствы, якія былі праведзеныя сябрамі суполкі ў мінулым годзе. Вырвіч адзначыў, што год аказаўся даволі насычаным для бажаўцаў Магілёўшчыны, ім удалося арганізаваць шмат цікавых актыўнасцяў для журналістаў і правабаронцаў рэгіёна.

“Не буду многа казаць пра тыя мерапрыемствы, якія мы праводзілі ў мінулым годзе, бо вы самі ў іх удзельнічалі. Мы рэгулярна сустракаліся на сходах, праводзілі прэс-клубы і круглыя сталы, арганізоўвалі цікавыя сустрэчы, ладзілі мерапрыемствы ў межах БАЖаўскай “Эстафеты добрых спраў” і г.д. Хачу адзначыць, што ўсё тое, што мы занеслі напрыканцы 2018 года ў планы нашай дзейнасці на 2019 год, нам удалося ажыццявіць”, —адзначыў лідар суполкі ў сваім выступе.

Барыс Вырвіч праінфармаваў удзельнікаў сходу, што іх сумесная дзейнасць не засталася па-за ўвагай кіраўніцтва ГА “БАЖ”, і магілёўская суполка стала адным з лаўрэатаў конкурсу "Лепшая філія 2019 года". Барыс Вырвіч адзначыў, што магілёўскія бажаўцы ўваходзяць у лік лепшых філій па выніках конкурсу ўжо некалькі гадоў запар.

Ён таксама нагадаў прысутным пра навучальныя праграмы і адукацыйныя курсы, якія будзе ладзіць ГА “БАЖ” сёлета, агучыў свае прапановы па мерапрыемствах, якія можа арганізаваць суполка, адказаў на шматлікія пытанні ўдзельнікаў сходу.

Дыскусія атрымалася вострай і канкрэтнай. Галоўны рэдактар “Магілёўскага рэгіёна” Зміцер Салаўёў унёс свае прапановы па арганізацыі навучання для сябраў суполкі. Журналіст Уладзімір Лапцэвіч і праваабаронца Барыс Бухель распавялі прысутным пра працу юрыстаў — сябраў ГА “БАЖ” у Магілёве, і пра неабходнасць журналістам больш паслядоўна адстойваць свае правы і інтарэсы з дапамогай юрыстаў ГА “БАЖ”. Барыс Бухель заклікаў удзельнікаў сходу да больш актыўнага праяўлення салідарнасці падчас палітычна матываваных судоў над журналістамі і грамадскімі актывістамі.

Рэдактар горацкай газеты “УзГорак” Галіна Будная падзялілася вопытам дзейнасці Горацкай суполкі ГА “БАЖ” і прапанавала арганізоўваць супольныя мерапрыемствы, распавяла пра працу рэдакцыі газеты і сайта horki.info.

Свае меркаванні і прапановы па арганізацыі дзейнасці магілёўскай суполкі на сходзе таксама выказалі Рыгор Кастусёў, Пётр Мігурскі, Алесь Сабалеўскі, Валерый Каранкевіч, Яўген Глушкоў, Леанід Осіпаў, Аляксандр Буракоў.

Па выніках дыскусіі быў зацверджаны план дзейнасці магілёўскіх бажаўцаў на 2020 год. Традыцыйна некаторыя мерапрыемствы сябры ГА “БАЖ” будуць ладзіць сумесна з актывістамі іншых грамадскіх арганізацый Магілёўшчыны. Таксама удзельнікі сходу прынялі рашэнне аб актывізацыі дзейнасці сайта суполкі http://mogilevpress.by.

Скончылася сустрэча сумесным святочным калядным сталом,падчас якога сябры журналісцкай арганізацыі з гарбатай і тортам сумесна адзначылі надыход Новага 2020 года.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!