Нашумелы праект блогера Андрэя Павука «Рудабельская паказуха», пад шыльдай якога ён робіць правакацыйныя тэлефанаванні беларускім чыноўнікам, прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».
Пра адпаведнае рашэнне паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, хоць на сайтах упаўнаважаных на гэта сілавых структур адпаведнай інфармацыі пакуль няма.
«За публічныя заклікі да санкцый, дыскрэдытацыю і абразу службовых асобаў, арганізацыю дзейнасці дзеля падрыхтоўкі і здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь група грамадзян, аб'яднаных пад назвай «Рудабельская паказуха», прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем», — пішуць крыніцы, набліжаныя да сілавікоў.
«Рудабельская паказуха» ў апошнія гады стала сапраўдным мемам і адначасова «страшным сном» для высокапастаўленых функцыянераў. Блогер з пасёлку Акцябрскі на Гомельшчыне Андрэй Павук, які з прычыны пераследу пакінуў Беларусь, запачаткаваў моду на тэлефанаванне чыноўнікам рознага ўзроўню, вымагаючы суразмоўцаў адказваць на нязручныя пытанні (ці, хутчэй, рознымі спосабамі ад іх ухіляцца). А затым выкладаў запісы дыялогаў у публічным доступе.
Адным з апошніх, каго блогер давёў да «белага калення», стаў намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі, экс-кіраўнік сумна вядомага падраздзялення ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў. Пазнаўшы Андрэя Павука, абазваў яго «жывёлай» і прыгразіў, што абавязкова таго «знойдзе».
YouTube-канал «Рудабельская паказуха» мае амаль 50 тысяч падпісантаў, неаднаразовыя спробы дзяржаўных хакераў узламаць ці заблакаваць пляцоўку плёну не мелі.
Раней у Беларусі супраць Андрэя Павука ўжо пачалі шэраг крымінальных спраў. Напрыклад, паводле арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады), 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).
Напраканцы мінулага года ўпраўленне ўласнай бяспекі Генеральнай пракуратуры нават выпусціла адмысловую заяву з нагоды «свавольстваў» Андрэя Павука, які, называючы сябе суддзёй, тэлефанаваў пракурорскім работнікам і іх сваякам.
Адзначаецца, што ў гутарках з імі блогер «паведамляў загадзя ілжывыя звесткі пра палітычнае становішча Рэспублікі Беларусь, распаўсюджваў паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы». Ведамства завочна прыгразіла тэлефоннаму пранкеру зняволеннем да 6 гадоў за «экстрэмісцкую дзейнасць».
Андрэй Павук родам з Нароўлі на Гомельшчыне, адзін з тысяч вымушаных чарнобыльскіх перасяленцаў. Ён сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, заснавальнік і аўтар папулярнага YouTube-канала «Рудабельская паказуха». За грамадзянскую пазіцыю неаднаразова затрымліваўся і прыцягваўся да адказнасці ў райцэнтры Акцябрскі, дзе жыў да эміграцыі.
У кастрычніку 2020 года, ратуючыся ад пераследу, з’ехаў з сям’ёй за мяжу. На пачатку быў у камандзе сайта зняволенага калегі-блогера Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни», затым засяродзіўся на эпатажным дуэце «Красная зелень» з опернай спявачкай Маргарытай Ляўчук, з якой запісваў сатырычныя ролікі «на злобу дня». Не так даўно дуэт распаўся, блогер зноў вярнуўся да індывідуальнай творчай дзейнасці.
Чытайце яшчэ:
Блогер Андрей Паук: «Власть и ее сторонники беззащитны перед свободой слова, правдой и открытостью»
Закладнік уласнай сістэмы. Чаму прапаганда так нязграбна рэагавала на знікненне Лукашэнкі
«Ватыкан праігнараваў свайго шчырага верніка Ігара Лосіка». «Хрысціянская візія» не атрымала адказу на зварот да Папы Рымскага