3280

Адпіска чыноўніка агаломшыла рэдакцыю рэгіянальнага выдання

29.05.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Адказ на запыт з аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Баранавіцкага гарвыканкама агаломшыў карэспандэнтаў “Intex-press”. “Ніколі мы не атрымлівалі такіх здзеклівых адказаў”, – кажуць у рэдакцыі.

Карэспандэнт “Intex-press” Таццяна Некрашэвіч, працуючы над важнай для горада тэмай рассялення баракаў часоў Першай сусветнай вайны, адправіла запыт начальніку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Баранавіцкага гарвыканкама Андрэю Сямашку. Чыноўніка прасілі даць адказы па няпростай сітуацыі: некаторыя жыхары адмаўляюцца перасяляцца з прыватызаванага жылля ў арэнднае, і службоўцы нават пагражалі высяляць іх прымусова.

– Ніколі раней мы не атрымлівалі такога цынічнага, такога здзеклівага адказу, – кажа журналістка.

Рэдакцыя прыводзіць самыя выбітныя адказы службоўцы, скараціўшы ў іх толькі дату і адрасы дамоў №2, 4, 6 па вуліцы Каліноўскага і №5, 9, 11 па вуліцы Арджанікідзе, што падлягаюць рассяленню:

– Якая колькасць сем’яў пагадзілася выехаць з баракаў на ўмовах, прапанаваных гарвыканкамам: падаравалі кватэры дзяржаве і скарысталіся грашовым кампенсаваннем?

– Усе грамадзяне, якія жадалі перасяліцца, атрымалі жылыя памяшканні ў пабудаваным шматкватэрным жылым доме №14 па вуліцы Марфіцкага і Жураўлевіча.

– Якая колькасць сем’яў не пагадзілася выехаць з баракаў на ўмовах, прапанаваных гарвыканкамам?

– Некаторыя грамадзяне ў цяперашні час не жадаюць перасяляцца са сваіх жылых памяшканняў.

– Ці будуць прымусова высяляць жыхароў, не згодных выязджаць з баракаў? Калі так, то на які час гэта запланавана?

– Да цяперашняга часу жыхары прымусова не высяляліся.

– Якая колькасць сем’яў яшчэ не атрымала грашовую кампенсацыю за ўласнае  жылое памяшканне? Па якіх прычынах жыхары не атрымалі гэтых грошай?

– Не ўсе сем’і атрымалі грашовую кампенсацыю за іх кватэры, бо сума сродкаў, прадугледжаная на першы квартал 2015 года для выплаты кампенсацыі, цалкам выдаткаваная.

– Якая колькасць сем’яў з баракаў выказалі згоду пераехаць у арэнднае жыллё?

– Усе грамадзяне, якія жадалі перасяліцца, атрымалі жылыя памяшканні ў пабудаваным шматкватэрным жылым доме №14 па вуліцы Марфіцкага і Жураўлевіча.

– Колькі сем’яў адмовіліся пераязджаць у арэндныя кватэры?

– Не ўсе жыхары пажадалі перасяліцца са свайго жылля.

– Колькі арэндных кватэр прадставіў горад для перасяленцаў з баракаў?

– Усім жыхарам былі прапанаваныя кватэры для перасялення ў пабудаваным шматкватэрным жылым доме.

Адметна, што начальнік Аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Баранавіцкага гарвыканкама Андрэй Сямашка раней ўжо ігнараваў пісьмовыя запыты незалежнага выдання, перадаваў адказы на іх у раённую газету.

– Дэманстрацыя такога ўзроўню “кампетэнтнасці” і “адказнасці” чыноўніка амаль дэмаралізавала рэдакцыю, якая імкнецца выконваць стандарты журналістыкі, адлюстроўваць, у тым ліку, і афіцыйны пункт гледжання, даваць дакладную ўсебаковую інфармацыю, – гавораць у “Intex-press”.