230

Адна базавая за незалежную прэсу. Барыса Хамайду зноў аштрафавалі

25.06.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Вядомы распаўсюднік незалежнай прэсы атрымаў па пошце пастанову пра штраф, накладзены адміністрацыйнай камісіяй Чыгуначнага раёна Віцебска.

Паводле Барыса Хамайды, на пасяджэнне камісіі, дзе разбіралі ягоную справу, ён не пайшоў, каб не марнаваць час. Сябе вінаватым ён не лічыць, бо ў дзень інцыдэнту, калі яго затрымала міліцыя, ён не рабіў нічога надзвычайнага.

vitebsk_0625_hamajda_f1.jpg

— 30 красавіка я, як і заўжды, прыйшоў да “сіняга дома”, раскрыў парасон, расклаў столік, выклаў часопісы і кнігі. Тут з бліжэйшай крамы — а я стаю прыкладна за тры метры ад увахода, выходзіць загадчыца і пачынае мяне праганяць. Маўляў, гэтае месца арэндаванае кавярняй “Бургер-кінг” для вынасной рэкламы. І паказвае на стэнд. Я кажу, што ні я стэнду, ні ён мне не замінаем. Але загадчыца выклікала міліцыю, мяне забралі ў Чыгуначны РАУС і склалі пратакол паводле артыкула 21.14 КаАП (парушэнне парадку ўтрымання населеных пунктаў), які прадугледжвае штраф памерам да 5-ці базавых велічынь, — распавёў Барыс Хамайда.

Хоць штраф далі і мінімальны, плаціць яго распаўсюднік не збіраецца з прынцыповых меркаванняў. Не збіраецца і абскарджваць пастанову, хаця лічыць яе несправядлівай. Адну базавую велічыню — 25 рублёў 50 капеек — будуць вылічваць з пенсіі.

На працягу сакавіка-красавіка Барыса Хамайду тройчы затрымлівалі каля “сіняга дома” і складалі пратаколы за загрувашчванне вуліцы. Але пратаколы ад 14 і ад 25 сакавіка міліцыя скасавала: адміністрацыйная камісія адмовілася іх разглядаць, бо супрацоўнікі міліцыі не прадставілі дастаткова доказаў вінаватасці Барыса Хамайды. Трэці пратакол камісія палічыла больш абгрунтаваным і аштрафавала распаўсюдніка незалежнай прэсы.