1783

Адміністрацыйныя справы ў дачыненні да журналістаў па арт. 22.9 КаАП і папярэджанні за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі ў 2014 годзе

18.12.2014 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Паводле маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

ЖУРНАЛІСТЫ:

На журналістах артыкул 22.9. КаАП упершыню быў “апрабаваны” летась у Віцебску. Летам 2013 года Кастрычніцкі РАУС Віцебска завёў у дачыненні да незалежнай журналісткі Алены Сцяпанавай адміністрацыйную справу за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Міліцыянты сцвярджалі, што журналістка на працягу доўгага перыяду “ажыццяўляла прафесійную дзейнасць журналіста замежнага СМІ “Радыё Свабода” без адпаведнай акрэдытацыі”. Справа дайшла да суда, але суддзя накіравала пратакол на дапрацоўку, заўважыўшы неадпаведнасць паміж адміністрацыйным артыкулам і фактычным абвінавачаннем. Больш да разгляду суд не вяртаўся.  

Да красавіка 2014 г. артыкул 22.9 не “ўсплываў”, хаця папярэджанні журналістам за супрацу з замежнымі СМІ выносіліся: у лютым 2014 г. пракуратура Лідскага раёна папярэдзіла Юрыя Дзешука, у сакавіку Брэсцкая гарадская пракуратура папярэдзіла журналіста Яўгена Скрабца, а Гомельская абласная пракуратура –  Юлію Сівец і Мікалая Бянько.

У красавіку 2014 г. Віцебская абласная пракуратура вынесла папярэджанне журналістцы Святлане Сцяпанавай – таксама за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежным СМІ. У папярэджанні быў згаданы арт. 22.9. КаАП ч.2, за парушэнне якога журналістку “могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці”.

Таксама ў красавіку 2014 г. Ленінскі раённы суд Гродна абвінаваціў журналіста Алеся Дзянісава ў парушэнні таго ж арт. 22.9 ч.2 КаАП і пастанавіў спагнаць з яго 4,5 млн. рублёў (30 базавых велічынь) за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.

Такую ж суму па тым жа артыкуле пастанавіў спагнаць у маі Карэліцкі раённы суд з гродзенца Алеся Залеўскага, штатнага працаўніка Польскага грамадскага тэлебачання TVP, часткай якога з'яўляецца тэлеканал "Белсат".

Гродзенскаму журналісту Андрэю Мялешку ў чэрвені прысудзілі штраф (таксама 30 базавых па арт. 22.9 ч.2 КаАП ) за супрацоўніцтва з “Беларускім Радыё Рацыя”.

У чэрвені 2014 г. пракуратура Брэсцкай вобласці папярэдзіла мясцовага журналіста Максіма Хлябца за супрацоўніцтва з «Беларускім Радыё Рацыя» без акрэдытацыі. (Артыкул 22.9 КаАП у папярэджанні не фігураваў.)

У жніўні ў Магілёве двух незалежных журналістаў – Аляксандра Буракова і Міхаіла Аршынскага – выклікалі ў міліцыю пасля праверкі УКДБ па Магілёўскай вобласці, якое зацікавілася сюжэтам на тэлеканале “Белсат”. Журналістам паведамілі пра ўзбуджэнне адміністрацыйных справаў за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі. (Праверка УКДБ праводзілася восенню 2013 года, таму не выключана, што ў гэтых адміністрацыйных спраў скончыўся тэрмін даўніны. Прынамсі, працягу выклікі ў міліцыю з нагоды сюжэту на “Белсаце” пакуль не атрымалі.)

Выклік у міліцыю на 1 верасня атрымліваў брэсцкі журналіст Яўген Скрабец. Міліцыянты прасілі яго з’явіцца ў аддзяленне і даць тлумачэнні з нагоды публікацыі на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”. Журналіст у міліцыю не пайшоў, але ён перакананы, што супраць яго заведзена адміністрацыйная справа. 

4 верасня на бабруйскую журналістку Марыну Маўчанаву склалі пратакол за парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП. 25 верасня суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска пакараў яе штрафам у памеры 32 базавыя велічыні (4 800 000 рублёў).

Пра яшчэ адну адміністрацыйную справу са спазненнем стала вядома ў верасні – журналіст “Беларускага Радыё Рацыя” Віталь Сямашка 5 верасня атрымаў паведамленне з упраўлення ўнутраных спраў Лідскага райвыканкама: яго інфармавалі, што справа супраць яго па артыкуле 22.9 КаАП закрытая, бо тэрмін прыцягнення яго да адказнасці скончыўся.

16 верасня ў прыватнай кватэры А. Буракова і яго бацькоў з санкцыі пракурора г. Магілёва супрацоўнікі Ленінскага РАУС правялі "агляд месца адміністрацыйнага правапарушэння". Паводле пастановы, падставай стала з’яўленне ў ліпені-жніўні 2014 г. на інтэрнэт-сайце "Нямецкай хвалі" трох матэрыялаў за подпісам Буракова. У выніку ператрусу з кватэр забралі два ноўтбукі, два сістэмныя блокі і дзве флэшкі. Пазней у той жа дзень Буракова апыталі ў Ленінскім РАУС Магілёва і паведамілі, што звінавачваюць у парушэнні арт. 22.9 КаАП. 30 верасня на журналіста склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, а 8 кастрычніка суддзя Ленінскага раённага суда Магілёва Алена Волкава аштрафавала яго на 40 базавых велічыняў (6 млн рублёў).

Днём раней, 7 кастрычніка, суддзя Гродзенскага раённага суда Ганна Лявусік прызнала журналіста Андрэя Мялешку вінаватым у парушэнні таго ж арт. 22.9. ч. 2 КаАП і пастанавіла спагнаць з яго штраф у 35 базавых велічыняў (5 млн 250 тыс. рублёў).

3 лістапада стала вядома пра чарговую адміністрацыйную справу ў дачыненні да журналіста паводле арт. 22.9 ч.2 КаАП – Аліну Літвінчук з Брэста хочуць прыцягнуць да адказнасці за супрацоўніцтва з “Беларускім Радыё Рацыя”.  

2 снежня суд Ленінскага раённага суда Гродна (суддзя Юрый Казакевіч) аштрафаваў Андрэя Мялешку на 40 базавых велічыняў (6 млн руб.).

11 снежня суд Слонімскага раёна (суддзя Андрэй Ліхач) прызнаў Алеся Залеўскага вінаватым у "незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ" (арт.22.9 ч.2 КаАП) і аштрафаваў на 40 базавых велічыняў (6 млн рублёў).

17 снежня Бярозаўскі раённы суд (суддзя Наталля Вакульчык) аштрафавала Тамару Шчапёткіну на 30 базавых велічыняў (4,5 мільёна рублёў) за «незаконны выраб прадукцыі СМІ».

24 снежня суд Ленінскага раёна Брэста аштрафаваў на 40 базавых велічыняў (6 млн. рублёў) брэсцкага журналіста Алеся Леўчука.

Юрысты ГА “БАЖ” неаднаразова падкрэслівалі, што прымяненне артыкула 22.9 ч.2 да асобных журналістаў юрыдычна непісьменнае. “Праваахоўнікі і суды фактычна прыроўніваюць журналістаў да рэдакцый СМІ, хаця “прадукцыю СМІ” журналісты не вырабляюць. Паводле закона “Аб СМІ”, журналісты рыхтуюць матэрыялы, паведамленні для СМІ, на аснове якіх рэдакцыі якраз і вырабляюць “прадукцыю СМІ”. Адпаведна, толькі рэдакцыя і можа быць прыцягнутая да адказнасці па гэтым артыкуле, а ніяк не журналіст”, – кажа намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.

Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч яшчэ ў чэрвені г.г. выказала занепакоенасць з нагоды павелічэння колькасці штрафаў беларускім журналістам за працу без акрэдытацыі. Яна паінфармавала, што 5 чэрвеня напісала міністру замежных спраў Уладзіміру Макею ліст, падкрэсліўшы  неабходнасць перагледзець патрабаванні акрэдытацыі журналістаў. Пачас свайго афіцыйнага візіту ў Мінск 15-16 верасня 2014 г. яна таксама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці наогул адмяніць абавязковую акрэдытацыю.

 

РАСПАЎСЮДНІКІ:

Да распаўсюднікаў СМІ згаданы артыкул 22.9 КаАП таксама прымяняецца. І таксама неапраўдана, лічаць юрысты ГА "БАЖ". Яны падкрэсліваюць, што да распаўсюднікаў маланакладных СМІ патрабаванне заключаць дамову з рэдакцыяй абсурдна, бо Закон аб СМІ не патрабуе ад такіх СМІ ўтварэння юрыдычнай асобы – адпаведна, заключаць дамову проста няма з кім.

У красавіку Смаргонскі раённы суд аштрафаваў на 3 мільёны рублёў мясцовага актывіста Уладзіміра Шульжыцкага за распаўсюд маланакладнага бюлетэня «Смаргонскі грак». На думку суда, Шульжыцкі павінен быў папярэдне заключыць з юрыдычнай асобай рэдакцыі бюлетэня дамову на яго распаўсюд.

У тым жа месяцы Георгія Станкевіча з Бешанковічаў аштрафавалі на 7 мільёнаў рублёў за распаўсюд самвыдатаўскай газеты “Крывінка”.

У жніўні суддзя суда Магілёўскага раёна Станіслаў Леўчанка пакараў штрафам у памеры 30 базавых велічынь рэдактара газеты “Наш Магілёў” Ігара Барысава. Суд прызнаў яго вінаватым у парушэнні закона “Аб СМІ” і незаконным распаўсюдзе друкаванай прадукцыі (арт. 22.9 ч.2 КаАП), хоць сам журналіст сцвярджаў, што ён не распаўсюджваў газету “Наш Магілёў” і бюлетэнь “Сацыял-дэмакрат”, а проста перавозіў іх у асабістым аўтамабілі.

12 жніўня г.г. актывістку з Оршы Таццяну Сячко затрымалі падчас распаўсюду па паштовых скрынях  ўлётак, прысвечаных “Народнаму рэферэндуму”. Намеснік начальніка аддзелу аховы і прафілактыкі правапарадку аршанскай міліцыі Сяргей Бязлюдаў склаў на яе пратакол за парушэнне арт. 22 9 ч.2 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). 11 верасня суддзя аршанскага суда Алеся Дранькова прысудзіла Т. Сячко штраф у 40 базавых велічынь (каля 450 еўра), палічыўшы прэтэнзіі міліцыі абгрунтаванымі. Не згодная з рашэннем жанчына звярнулася са скаргай у Віцебскі абласны суд, а таксама ў Міністэрства інфармацыі – з пытаннем, ці можна лічыць улёткі “сродкам масавай інфармацыі” (узор улётак быў прыкладзены). Намеснік міністра Уладзімір Матусевіч адказаў, што дасланая прадукцыя з’яўляецца неперыядычным выдпннем і таму не лічыцца СМІ. Ліст з Міністэрства інфармацыі Тацяна Сячко на рашэнне Віцебскага абласнога суда не паўплываў, хаця і быў далучаны да матэрыялаў справы.

19 верасня гродзенскую актывістку Вольгу Крапоціну затрымаў  ў цэнтры горада чалавек у цывільным, калі яна раздавала мінакам улёткі з тэкстам “Верните Крым! Руки прочь от Украины” і “Ганьба здраднікам Радзімы з “трыкалорам” у зубах. Пуцін вам далонь пацісне, як уздыме на штыках!”. Тады В. Крапоціну пратрымалі пару гадзін у РАУСе, забралі ў яе 17 улётак “не экспертызу”, а потым па месцы яе жыхарства правялі ператрус і забралі ноўтбук і дзве флэшкі. 11 лістапада маёр міліцыі Алег Кока завітаў да актывісткі і прынёс ёй разам з вынікам экспертызы забраных раней улётак пратакол пра нібыта здзейсненае ёю  парушэнне арт. 22.9 ч. 2 КаАП. 18 кастрычніка суд Ленінскага раёна г. Гродна аштрафаваў Вольгу Крапоціну на 30 базавых велічыняў паводле арт. 22.9 ч.2 КаАП.

 

Даведка:

Арт. 22.9. КаАП: “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”.

Ч.2. арт 22.9 КаАП: “Парушэнне вызначанага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў перыядычных друкаваных выданняў, распаўсюду эратычных выданняў, апублікавання сродкам масавай інфармацыі абвяржэння, а роўна незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”.

Штраф – ад 20 да 50 базавых велічыняў.