3133

Адказы на запыт незалежнага выдання апублікавалі ў дзяржаўнай газеце

13.11.2014 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Карэспандэнтка «Intex-press» (Баранавіцкая незалежная газета) Алена Зелянко звярнулася да начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Баранавіцкага гарвыканкама Андрэя Сямашкі з просьбай адказаць на пытанні, якія тычацца будаўніцтва арэнднага жылля ў Баранавічах.

Пасля некалькіх зваротаў журналісткі чыноўнік Баранавіцкага гарвыканкама сказаў, каб Зелянко адправіла яму пісьмовы запыт – ён дашле адказ, а размаўляць не можа, бо заняты.

30 кастрычніка, пасля карпатлівай працы карэспандэнта, у гарвыканкам быў адпраўлены запыт з 10 пунктаў, якія ўключаюць 17 пытанняў (для таго, каб атрымаць паўнавартасныя адказы ад чыноўніка ў пісьмовым выглядзе, калі журналіст нічога ўдакладніць не можа).

Якое ж было здзіўленне рэдакцыі, калі 12 лістапада ў дзяржаўнай газеце "Наш край" быў апублікаваны артыкул яе галоўнай рэдактаркі Таццяны Карпік, дзе Андрэй Сямашка якраз і адказаў на пытанні незалежнага выдання.

У той жа дзень "Intex-press" атрымала ліст з гарвыканкама, у якім чыноўнік апавясціў рэдакцыю, што "інфармацыя пра арэнднае жыллё падрабязна адлюстраваная ў газэце “Наш край””.

«Расцэньваем гэта як нядобрасумленную канкурэнцыю двух гаспадарчых суб'ектаў, – сказалі службе маніторынгу ГА “БАЖ” у рэдакцыі “Intex-press”. – Многія чыноўнікі працуюць з незалежным выданнем праз пісьмовыя запыты. Цалкам магчыма, што цяпер яны пачнуць рэгулярна практыкаваць такі спосаб “супрацоўніцтва”. Тады журналістам раёнкі можна будзе без усялякіх сумненняў выкарыстоўваць чужыя ідэі, тэмы і якасна прапрацаваныя пытанні. Вядома, такая “нягідлівасць” засмучае, хоць, з іншага боку, радуе, што чытачы дзяржаўнага выдання нарэшце атрымалі адказы на талковыя пытанні».