1052

Адбылася цырымонія ўганаравання пераможцаў журналісцкай прэміі імя Аляксея Караля

30.05.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сёлета, дзякуючы падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў, дадалася намінацыя “Найлепшы літаратурна-мастацкі крытычны матэрыял”.

Галоўная рэдактарка “Новага Часу” Аксана Колб

— Гэты конкурс планавалася правесці адзін раз. Але наш сталы партнёр — Саюз Беларускіх пісьменнікаў — настаяў, што конкурс трэба праводзіць штогод, — распавяла галоўная рэдактарка “Новага Часу” Аксана Колб. — Сёлета было больш матэрыялаў грамадска-палітычных і на тэму эканомікі, і менш на тэмы культуры і гісторыі — у гэтым адрозненні конкурса гэтага і мінулага гадоў. Аляксей Кароль падтрымліваў моладзь, і нам хочацца працягваць гэтую традыцыю, каб маладыя журналісты заставаліся ў нашых шэрагах, дадавалі ў калектыў “свежую кроў”, а выданне станавілся лепшым.

Сёлета матэрыялы ацэньваліся ў дзвюх намінацыях:

• найлепшы грамадска-палітычны матэрыял

• найлепшы сацыяльна-эканамічны матэрыял.

Прэмію за найлепшы грамадска-палітычны матэрыял уручала дачка Аляксея Караля Ірына Віданава.

— Я хачу падзякаваць “Новаму часу”, Аксане Колб, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, бо застаецца жывым тое, што тату было вельмі дарагім: гэта і газета, і пошук маладых, таленавітых, разумных, неабыякавых аўтараў.

Якасных грамадска-палітычных артыкулаў цяпер няшмат. На мой погляд, артыкулам, за які я сёння буду ўручаць прэмію, ганарыўся б і бацька, бо ў тэксце ёсць і адсылкі да Фуко, і праца з першакрыніцамі, і асабісты досвед аўтара. 

Пераможца — Мікалай Дзядок з артыкулам “Турма і воля: культурны абмен”.

Прэмію Міколы, які цяпер на сесіі ў Вільні, забраў яго тата. Ён падзякаваў рэдакцыі і выказаў спадзеў, што “Новы Час” стане лёсам яго сына, Міколы Дзядка.

Ірына Віданава летась стала ідэйным натхняльнікам заснавання журналісцкай прэміі на знак памяці пра гісторыка, палітыка, рэдактара і свайго бацьку Аляксея Караля.

У намінацыі “Найлепшы сацыяльна-эканамічны матэрыял” вызначана два пераможцы:

Дзіяна Пінчук

Дзіяна Пінчук з тэкстам “Хто яны, жыхары выміраючай вёскі?”.

Сяржук Кійко

Сяржук Кійко з тэкстам “Як мінчук будаваў школу для дзяцей у Непале”.

Дзіяна Серадзюк

Найлепшы матэрыял па выніках галасавання чытачоў: «З шабляй ды пад дуду, альбо гісторыя навобмацак» Дзіяны Серадзюк.

У намінацыі “Найлепшы літаратурна-мастацкі крытычны матэрыял” перамагла Наста Грышчук, таксама адзначаныя тэксты Алесі Лапіцкай і Алены Карп.

Наста Грышчук

Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч падчас цырымоніі ўганаравання пераможцаў конкурсу выказаў спадзеў, што жанр літаратурна-мастацкай крытыкі будзе развівацца.

Усе тэксты конкурсу можна знайсці на сайце ў асобным раздзеле.

Фота Вольгі Хвоін