421

Адбудзецца шэраг судоў над журналістамі паводле арт. 22.9 КаАП

27.01.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Журналістку Кацярыну Ткачэнка на пятніцу, 29 студзеня, выклікаюць у суд Маскоўскага раёна Мінска ў якасці асобы, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс.

Кацярыну вінавацяць у працы без акрэдытацыі паводле арт.22.9 КаАП. Працэс над журналісткай пачнецца а 12:30, кабінет 135.

Журналістцы пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў.

Таксама 29 студзеня ў Мінску паводле арт. 22.9 КаАП будуць судзіць журналіста Івана Куракевіча.

А ў Жлобіне ў суд скіравалі адміністрацыйную справу паводле арт. 22.9 КаАП у дачыненні да журналісткі Алены Шчарбінскай.

Таксама ў Завадскі РУУС Мінска выклікалі і журналіста Алеся Сіліча. Адметна, што журналіст нават не рыхтаваў матэрыял, а 10 і 24 студзеня далучаўся да эфіру "Белсата" праз Skype з Мінска і распавядаў пра падзеі ў сталіцы. Яго вінавацяць па гэтых двух эпізодах.

Пераслед за працу без акрэдытацыі з’яўляецца частым відам ціску на журналістаў у Беларусі. Тэлеканал “Белсат” шмат разоў звяртаўся ў МЗС Беларусі з просьбай выдаць журналістам такую акрэдытацыю, але дагэтуль яе не атрымаў.

У 2020 годзе многія замежныя медыя былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС, таму іх журналісты ці былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі, ці працуюць тут, але фармальна парушаючы заканадаўства. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!