1632

Ад сённяшняга дня "Новы Час" — у кіёсках Мінска і Мінскай вобласці!

08.04.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Агульнарэспубліканскае выданне "Новы Час" ад сённяшняга дня можна набыць у кіёсках "Белсаюздрук". Пакуль у Мінску і Мінскай вобласці. Таксама ўжо можна падпісавацца на выданне на другое паўгоддзе — падпісны індэкс 63279.

— Усе нумары цяпер асаблівыя, бо мы распавядаем пра бурлівыя падзеі, што адбываюцца ў краіне. У гэтым нумары ёсць цікавы матэрыял — пачатак серыі артыкулаў пра рэпрэсаваных асобаў, якіх ніхто такімі не лічыў. Гэтых людзей высылалі без тэрміну, звычайна за эканамічныя злачынствы. Аўтар — Уладзімір Валодзін — абапіраецца на архіўныя звесткі, нідзе пра гэта яшчэ не пісалі. Я ўдзячная чытачам, якія падтрымлівалі нас усе гэтыя гады, і спадзяюся, што яны застануцца з намі і цяпер, будуць пытацца пра газету ў шапіках, набываць яе, — расказала прэс-службе БАЖ рэдактар "Новага Часу" Аксана Колб.

Цікава, што першы нумар, які пойдзе ў шапікі, мае 13-ы нумар, але ў рэдакцыі спадзяюцца, што ён будзе шчаслівым.

Нагадаем, у лютым рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён перадаў кіраўніку дзяржавы спіс дзевяці выданняў, якія не могуць трапіць у тую ці іншую дзяржаўную сетку распаўсюду. Лукашэнка абяцаў вырашыць праблемы з распаўсюдам недзяржаўных СМІ.

Тыя, хто звярнуўся ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюды, сапраўды атрымалі станоўчыя адказы ўпершыню за шмат год. Так "Газета Слонімская", "Новы Час", "Intex-press" і "Борисовские новости" вярнуліся ў шапікі на гэтым тыдні.

Большасць згаданых выданняў, а таксама "СНплюс. Свободные новости плюс" і "Вольнае Глыбокае" цяпер  знаходяцца на этапе ўзгаднення для ўключэння ў падпісны каталог "Белпошты" на другое паўгоддзе.

Набывайце незалежную прэсу! :)