НЕ - ВАЙНЕ!
252

Ад інсульту памёр галоўны рэдактар і гендырэктар "Комсомольской правды" Уладзімір Сунгоркін

14.09.2022

Пасля затрымання журналіста КП Генадзя Мажэйкі па "Справе Зельцара" Сунгоркін публічна заявіў, што прад'яўленыя абвінавачанні — абсурдныя.  Але Мажэйку з-за кратаў не выпусцілі. Неўзабаве газета закрыла прадстаўніцтва ў Беларусі.

Уладзіміру Сунгоркіну было 68 гадоў. Па дадзеных крыніц ТАСС, прычынай смерці стаў інсульт.

Тэлеканал "Звязда" ўдакладняе, што Сунгоркін памёр 14 верасня падчас аўтапрабегу ў Прыморскім краі.

Як піша Руская служба BBC, Сунгоркін працаваў у "Камсамольскай праўдзе" з 1985 года, прарабіўшы шлях ад карэспандэнта да галоўнага рэдактара, якім ён стаў у 1997 годзе.

Яшчэ ў 1992 годзе ён стаў выканаўчым дырэктарам АТ "Камсамольская праўда". Неўзабаве пасля гэтага з "Камсамолкі" сышлі журналісты, не згодныя з палітыкай выдання, у тым ліку будучы Нобелеўскі лаўрэат, галоўрэд "Новай газеты" Дзмітрый Муратаў і галоўрэд тэлекампаніі ВІD Сяргей Кушняроў.

"Камсамолку" называюць любімай газетай Уладзіміра Пуціна. Сам Сунгоркін быў даверанай асобай Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах 18 сакавіка 2018 года і лічыўся адным з найбольш набліжаных да ўлады медыяменеджэраў.

Свае адносіны з расійскай уладай Сунгоркін у інтэрв'ю тэлеканалу "Дождж" у 2012 годзе растлумачыў так: "А мне наогул Пуцін падабаецца — учарашні, пазаўчарашні, заўтрашні".

 

Пасля пачатку вайны ва Украіне Сунгоркін разам з генеральнымі дырэктарамі ТАСС і ВДТРК Сяргеем Міхайлавым і Алег Дабрадзеевым трапіў у санкцыйны спіс ЕС за "дэзінфармацыю і маніпуляванне фактамі". "Уладзімір Сунгоркін распаўсюджвае і легітымізуе агрэсіўную антыўкраінскую і антызаходнюю прапаганду пуцінскага рэжыму пад непасрэдным кіраўніцтвам Крамля ў адным з самых папулярных СМІ Расіі", — гаварылася ў дакуменце Еўрасаюза.

Як зазначае Еўрарадыё, у 2000-я беларуская "Камсамолка" стала важнай для грамадства газетай, якая смела крытыкавала ўлады.

Але неўзабаве маскоўскае кіраўніцтва загадала быць цішэй, а дзёрзкіх рэдактараў звольнілі. Газета заставалася незалежнай і дазваляла сабе нашмат больш, чым дзяржаўная прэса. Але ўжо не дзякуючы, а насуперак Сунгоркіну.

У жніўні 2020 года "КП у Беларусі" сумленна асвятляла пратэсты. "Дом друку" адмаўляўся друкаваць яе нумары Тады в.а. галоўрэда быў прызначаны Аляксандр Коц — вайсковы карэспандэнт з Масквы, які сёння на поўную "асвятляе" "спецыяльную вайсковую аперацыю".

Чытайце яшчэ:

Задачка со звездочкой: свобода слова, права человека или национальная безопасность?

Беларускія медыйшчыкі ўзялі ўдзел у журналісцкім турніры ў Друскінінкаі

«Расчаравалася ў працы міжнародных інстытутаў»: як Сабіна Аліева змяніла юрыспрудэнцыю на журналістыку

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!