594

Ад Гомеля да Чарнобыля – рэгіянальная філія ГА “БАЖ” падсумавала вынікі года

12.12.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У мінулыя выходныя Гомельская філія ГА “БАЖ” падсумавала вынікі сёлетняй дзейнасці. У выступе старшыні філіі Анатоля Гатоўчыца, у прыватнасці, адзначалася, што жыццё рэгіянальнай суполкі вызначана шэрагам запамінальных мерапрыемстваў, у якіх удзельнічалі таксама сябры з Мінска, Брэста, Пінска, Віцебска, Гродна. Да справаў гомельскіх БАЖаўцаў спрычыніўся нават Камітэт ААН па правах чалавека.

Высілкамі філіі быў зладжаны грамадскі рэйд па кнігарнях і бібліятэках горада на тэму “Шукаем кнігі Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч”, прэс-тур у вёску Стаўбун Веткаўскага раёна, дзе захаваўся старажытны абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы”. Да 30-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС арганізаваны двухдзённы прэс-тур у Чарнобыль з заездам у пацярпелую ад радыяцыі вёску Гдзень Брагінскага раёна.

Удзельнікі сходу адзначалі шэраг удала зладжаных у Гомелі семінараў і майстар-класаў, падчас якіх сваім досведам дзяліліся калегі з “Нашай Нівы” і “Радыё Свабода” – Ірына Арахоўская, Сяргей Гудзілін і Алесь Матафонаў. У прыватнасці, абмяркоўваліся і вывучаліся пытанні мастацкага падыходу ў фотажурналістыцы, творчыя прыёмы і адметнасці ў стварэнні відэарэпартажаў і дакументальных фільмаў.        

У ліпені гамельчукі спрычыніліся да збору сродкаў на дапамогу сям’і забітага ў Кіеве сябры ГА “БАЖ” Паўла Шарамета.

Падрыхтаваныя і накіраваныя ў Камітэт ААН па правах чалавека скаргі журналістаў-фрылансераў, сябраў ГА “БАЖ” Ларысы Шчыраковай і Кастуся Жукоўскага – на сістэматычнае парушэнне з боку ўладных структур правоў на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.

У верасні падведзеныя вынікі конкурсу на ўганараванне заснаваным філіяй дыпломам “За адданасць прафесіі” – пераможцам стаў Андрэй Павук, адміністратар сайта “Рудабельская паказуха” з гарадскога пасёлка Акцябрскі. Сёлета Андрэй Павук быў прыняты ў сябры ГА “БАЖ”.

Сябры Гомельскай філіі ўдзельнічалі ў карпаратыўным фэсце “Бажынкі-2016”, у семінарах і навучальных праграмах, якія праводзіліся цэнтральным офісам.

На наступны год прапанавана каля дзясятка розных спраў, якія наважана рэалізаваць Гомельская філія. У іх ліку прэс-тур у Жыткавіцкі раён, дзе захаваўся старадаўні абрад “Юраўскі кагарод” – ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі і мае быць прадстаўлены на разгляд ЮНЭСКА. Плануюцца таксама супольныя рэйды дзеля асвятлення пытанняў атрымання ў рэгіёне экалагічна чыстай прадукцыі.

Філія ГА “БАЖ” разам з мясцовай суполкай Таварыства беларускай мовы маюць узяць пад кантроль практыку перайменавання ў Гомелі вуліц, звяртаючы ўвагу на тое, што гарсавет адмаўляецца ад надання назваў, звязаных з імёнамі выбітных беларускіх дзеячаў і класікаў беларускай літаратуры.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!