700

Ад эліты да ізгояў: з БТ звольнілі чарговага лаўрэата конкурсу «Тэлевяршыня»

15.03.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Сілавікі ўсё часцей прыходзяць да былых і дзейных супрацоўнікаў дзяржаўных тэлеканалаў, западозраных у нелаяльнасці. Адных пасля затрымліваюць, з іншымі тэрмінова развітваюцца на працы.  

Днямі супрацоўнікі спецслужбаў заявіліся ў студыю на Макаёнка, 9 і вывелі адтуль у кайданках уганараванага рэжысёра шматлікіх трансляцый Андрэя Пінчука.

Паводле абазнаных крыніц, у выніку абышлося без затрымання, але пасля «прафілактычнай гутаркі» Андрэй Пінчук выйшаў ужо ў статусе беспрацоўнага. Найбольш верагоднай прычынай называюць кулуарныя выказванні супрацоўніка БТ, якія не ўкладаліся ў ідэалагічнае рэчышча афіцыйнай палітыкі. 

Андрэй Пінчук — адзін з самых дасведчаных тэлевізійных адмыслоўцаў сваёй галіны, пра што сведчыць і паслужны спіс з адзначэннем яго заслуг. Сярод іншага ён уладальнік прафесійнай прэміі «Тэлевяршыня-2012» у намінацыі «Найлепшы рэжысёр спартыўных трансляцый» за паказ матчаў Лігі чэмпіёнаў з удзелам футбольнага клуба БАТЭ. 

Таксама ад супольнасці колішніх тэлевізійнікаў стала вядома пра затрыманне экс-менеджаркі канала «Беларусь 2» Вольгі Гладкай. У офісе яна вяла афіцыйнае справаводства, адсочвала выкананне дамоваў і г. д. Яна звольнілася з Белтэлерадыёкампаніі ў верасні 2020 года, каб паспрабаваць сябе ў сферы ІТ. Аднак рашэнне супала з масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і беспрычыннага гвалту сілавікоў, да пратэстаў у выглядзе страйку далучыліся і многія супрацоўнікі БТ.

Паводле наяўных звестак, 7 сакавіка адбыўся першы допыт, а яшчэ праз два дні Вользе Гладкай высунулі папярэдняе абвінавачанне на падставе «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Вядома, што цяпер жанчына знаходзіцца ў СІЗА ў горадзе Жодзіна (Мінская вобласць).  

Напярэдадні праваабаронцы атрымалі доступ да відэаазапісу, на якім «праваахоўнікі» ў цывільным затрымліваюць былога карэспандэнта тэлеканала СТБ Дзмітрыя Баяровіча і яго жонку Валерыю. 

Дзмітрый Баяровіч значыўся ў эліце «Сталічнага тэлебачання», працаваў непасрэдна ў кадры. Быў «шматстаночнікам», у эфіры выходзіў ледзь не кожны выніковы выпуск навін: ладзіў апытанні ўдзельнікаў так званага ўсебеларускага народнага сходу і суправаджаў кантралёраў падчас праверак суб’ектаў гаспадарання, браў каментары ў праўладных экспертаў пра «міралюбівую палітыку Расіі» і «наступ на свабоду слова ва Украіне», рабіў сюжэты пра дзіцячы спорт і музычную культуру.

Апошнія яго рэпартажы датаваныя лютым 2021 года, ніводзін з іх не ўтрымліваў і намёку на «іншадумства». Аднак нечакана Дзмітрый Баяровіч звольніўся, і цяпер да яго ўзніклі пытанні з боку органаў «правапарадку».

Нагадаем, што шэраг экс-супрацоўнікаў дзяржаўных тэлеканалаў ужо асуджаныя да працяглых тэрмінаў зняволення або яшчэ ў чаканні «правасуддзя».

Так, уганараваная прафесійнымі прэміямі тэлежурналістка Ксенія Луцкіна (дзве статуэткі «Тэлевяршыні») пакараная 8 гадамі калоніі за «змову ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Колішні вядоўца крымінальнай хронікі на БТ Дзмітрый Лукша атрымаў 4 гады за «дыскрэдытацыю дзяржавы». Экс-кіраўніка «прэзідэнцкага пула» і колішнюю «візітоўку» АНТ Дзмітрыя Семчанку («Тэлевяршыня» ў адзін год з Андрэем Пінчуком) пачнуць судзіць 21 сакавіка за «распальванне варожасці”. 

Цяжка сказаць, колькі яшчэ былых прапагандыстаў патэнцыйна пад ударам — толькі з тэлеканала АНТ у жніўні і верасні 2020-га сышлі блізу 80 чалавек, таксама дзясяткамі вымяраецца колькасць расчараваных у структурах БТ і СТБ. 

Чытайце яшчэ:

«Цяжка ўявіць, што я больш ніколі не буду пісаць». Пагаварылі з калегамі, якія сышлі з журналістыкі

Как год военных действий изменил журналистику в Украине

Экстрэмізм «відавочны». Як раман з казкамі Бахарэвіча забаранілі ў Беларусі (а кнігі могуць знішчыць)

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!