844

Абвінавачванай па «справе БелТА» засталася толькі Марына Золатава

27.11.2018 Крыніца: Belapan.by Сюжэт: Гучныя справы

29 лістапада было задаволена хадайніцтва Ірыны Леўшынай аб спыненні крымінальнага пераследу на падставе арт. 86 Крымінальнага кодэкса (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці).

Леўшына заплаціла адміністрацыйны штраф у 30 базавых велічынь (735 рублёў). Зараз па "справе БелТА" яна праходзіць як сведка. Падпіска аб нявыездзе адменена, забарона на выезд з краіны зняты. Акрамя гэтага, Леўшынай вярнулі жорсткія дыскі, канфіскаваныя ў жніўні пры вобшуку ў яе дома, а таксама пры вобшуку ў рэдакцыі кампаніі БелаПАН. Раней Леўшына пагасіла прад`яўлены ўрон у суме больш за 12 тысяч рублёў. Па аналагічных падставах быў спынены крымінальны пераслед яшчэ 13 фігурантаў справы. Як і Леўшына, усе яны пагасілі ўрон (ад 3.000 да 17.000 рублёў) і заплацілі адміністрацыйныя штрафы ў 30 базавых велічынь. На дадзены момант адзінай абвінавачанай па "справе БелТА" застаецца галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава. Ёй прад`яўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі. Усяго па "справе БелТА" праходзілі 15 чалавек, з іх 14 абвінавачваліся па ч. 2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі). З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Былі затрыманыя супрацоўнікі tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і галоўны рэдактар агенцтва Ірына Леўшына, а таксама ўласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі і рэдактар сайта газеты "Беларусы і рынак" Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!