НЕ - ВАЙНЕ!
3660

Абноўленая Карта парушэнняў правоў журналістаў у Еўропе цяпер ахоплівае Расію, Украіну і Беларусь

15.09.2015 Крыніца: Прэс-рэліз Mapping Media Freedom

Арганізацыі Index on Censorship, Еўрапейская федэрацыя журналістаў і Рэпарцёры без межаў прэзентуюць пашыраную і абноўленую Карту свабоды СМІ - Mapping Media Freedom. Цяпер Карта распаўсюджваецца таксама на Расію, Украіну і Беларусь. (Звесткі пра Беларусь пачалі дадавацца са жніўня 2015 г.)

Карта, запушчаная ў маі 2014 года, фіксуе парушэнні свабоды журналістаў, такія як гвалт і пагрозы, судовыя позвы і турэмнае зняволенне. Карта ахоплівае тэрыторыю Еўрапейскага Саюза і суседніх краін, у тым ліку Балканы і Турцыю.

У першы ж год на карце было адзначана больш за 700 паведамленняў пра штодзённыя пагрозы свабодзе СМІ, якія раней заставаліся не задакументаванымі.

“Карта свабоды СМІ фіксуе віды пагроз СМІ і іх супрацоўнікам па ўсёй Еўропе, пачынаючы з звычайнага запалохвання і заканчваючы гвалтам, арыштамі і забойствамі. Наяўнасць падрабязнай базы гэтых выпадкаў, большасць з якіх раней не фіксаваліся, дапамагае нам супрацьстаяць парушэнням правоў журналістаў”, – падкрэслівае кіраўнік Index on Censorship Джодзі Гінзберг.

Абноўленая інтэрнэт-платформа закліканая дапамагаць палітыкам, чыноўнікам і актывістам вызначаць трэнды ў галіне свабоды СМІ і эфектыўна адказваць на выклікі часу. Яна прапануе журналістам у бядзе неадкладную дапамогу ў выглядзе прававых кансультацый, трэнінгаў па лічбавай бяспецы і грамадскія кампаніі па канкрэтных тэмах. Кожны можа накіраваць для Карты сваё ўласнае паведамленне пра парушэнні, якое, пасля праверкі персаналам праекта, будзе размешчана на сайце.

«Калі свабода інфармацыі сутыкаецца з пагрозамі, якіх не было з часоў Савецкага Саюза, падтрымка журналістаў і блогераў робіцца асабліва актуальнай. Сачэнне і кантроль за інтэрнэтам з'яўляюцца агульным для ўсіх выклікам у той час, калі частка еўрапейскага кантынента апускаецца ў аўтарытарызм», – кажа дырэктар праграмы «Рэпарцёры без межаў» Люсі Марылон.

Дзякуючы новаму фінансаванню Еўрапейскай Камісіі, атрыманаму ў пачатку гэтага года, абноўленая Карта, якая папаўняецца па прынцыпе аўтсорсінгу, цяпер прапануе карыстальнікам новыя медыйныя магчымасці, такія як фільтры па краінах і новы палепшаны пошук. Адной з мэтаў праекта з'яўляецца стварэнне новых журналісцкіх альянсаў па ўсім еўрапейскім кантыненце, асабліва для журналістаў новых СМІ, якія змогуць знайсці карысныя рэсурсы і падрабязную інфармацыю на спецыяльна створанай для гэтага старонцы сайта пад назвай "Free Our Media!" («Свабоду нашым СМІ!»).

Абноўленая Карта запускаецца ў адказ на новыя драконаўскія меры, якія прымаюцца ў розных краінах супраць свабоды слова, і новыя выпадкі гвалту ў дачыненні да журналістаў у Еўропе. Цяпер яна ахоплівае Расію, Украіну і Беларусь. З гэтага часу ўсе новыя паведамленні, якія прыходзяць з гэтых трох краін, будуць даступныя на Карце на англійскай, рускай і ўкраінскай мовах.

«Пашырэнне маніторынгу на Украіну, Расію і Беларусь – гэта добрая навіна для журналістаў і медыйных работнікаў у гэтым рэгіёне. Журналісты, як правіла, знаходзяцца ў цэнтры падзей – у месцах сутыкненняў, гвалту і ўзброеных канфліктаў – там, дзе іх могуць абстраляць, атакаваць, захапіць у закладнікі, арыштаваць, абразіць і, нарэшце, забіць. Яны сутыкаюцца з сур'ёзнымі прафесійнымі выклікамі ў выглядзе экстрэмізму або прапаганды. Дзякуючы сваім партнёрам Еўрапейская федэрацыя журналістаў зможа працягнуць дакументаванне ўсіх парушэнняў правоў СМІ і інфармаванне грамадскасці, каб скончыць з беспакаранасцю тых, хто парушае правы журналістаў», – кажа прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Могенс Бліхер-Бьерэгард.

Удзельнікі, рэгіянальныя карэспандэнты і партнёры праекта, у лік якіх уваходзяць арганізацыі Human Rights House Ukraine, Media Legal Defence Initiative і European Youth Press, супрацоўнічаюць у рамках праекта дзеля таго, каб новыя пагрозы свабодзе СМІ на еўрапейскай прасторы не засталіся без належнага асвятлення і рэакцыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!