1688

Абмежаванні на доступ да інфармацыі працягваюць дзейнічаць

20.04.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

“Загараджальныя меры на атрыманне інфармацыі працягваюць выкарыстоўвацца ў дачыненні да газеты “Борисовские новости”. Пра гэта сведчаць факты адмовы работнікаў розных устаноў ад супрацоўніцтва з журналістамі недзяржаўнага выдання. У рэдакцыі дапускаюць, што секвестр на інфармацыю, пра які настойліва згадваюць у прыватных размовах тыя, хто знаходзіцца ў залежнасці ад раённых уладаў, накладзены Барысаўскім райвыканкамам. Верагодна, што дакумент (або вуснае распараджэнне) носіць рэкамендацыйны характар. Не зважаючы на гэта, забарона дзейнічае досыць “эфектыўна”.

Нядаўні прыклад – адмова адказаць на пытанні карэспандэнткі газеты Крысціны Стасёнак з боку прадстаўнікоў Барысаўскай епархіі БПЦ Маскоўскага Патрыярхату. Пытанні тычыліся будоўлі Свята-Георгіеўскай праваслаўнай царквы па вуліцы Дымкі. Карэспандэнтка мела атрымаць каментарый у протаіерэя, настаяцеля храма Андрэя Шабалоўскага. Спачатку А. Шабалоўскі пагадзіўся даць інтэрв’ю, але папрасіў патэлефанаваць на наступны дзень, каб узгадніць месца і час. Назаўтра А. Шабалоўскі выбачыўся і сказаў, каб К. Стасёнак звярнулась па дазвол да царкоўнага кіраўніцтва. Кіраўніцтва ў асобе протадыякана Сергія Керко, выслухаўшы просьбу, гэтаксама параіла звязацца з ім на наступны дзень. Прычына ўсё тая ж: трэба атрымаць дазвол ад вышэйшага кіраўніцтва, каб, у сваю чаргу, дазволіць настаяцелю храма А. Шабалоўскаму даць інтэрв’ю журналістцы.

Урэшце Сергій Керко адмовіўся размаўляць з карэспандэнткай “Борисовских новостей”. “Вышэйшае начальства забараніла нам супрацоўнічаць з вашай газетай”, – прыкладна такім быў вынік перамоваў, якія вяліся некалькі дзён. На пытанне, хто канкрэтна ўвёў забарону, протадыякан не адказаў.

Тады Крысціна Стасёнак паспрабавала атрымаць неабходныя звесткі ў настаяцеля прыхода храма Раства Хрыстова протаіерэя Аляксандра Вярбілы. Менавіта ён у размове з карэспандэнткай і абмовіўся, што Барысаўскі райвыканкам “рэкамендаваў” не даваць недзяржаўнай газеце ніякай інфармацыі. З вуснаў протаіерэя прагучаў таксама закід у бок “Борисовских новостей” пра тое, што газета піша “неаб’ектыўную і недакладную інфармацыю”.

Год таму карэспандэнты “Борисовских новостей” не змаглі атрымаць інфармацыі з вуснаў царкоўных служачых пра будоўлю праваслаўнага храма ў раёне вуліц Галіцкага і Брылеўскай.

Зусім нядаўна журналісты спрабавалі ўзяць інтэрв’ю ў інжынера Барысаўскага даследчага лясгасу Сяргея Анатольевіча пра нарыхтоўках бярозавіку, але той адмовіўся адказваць на пытанні і параіў адправіць у яго арганізацыю афіцыйны запыт.

У мінулым месяцы карэспандэнты газеты хацелі задаць некалькі пытанняў работніку палігона ЦКА (цвёрдых камунальных адкідаў). Аднак той параіў ужо добра вядомую журналістам схему: звярнуцца да яго непасрэднага начальства. Начальнік, у сваю чаргу, папрасіў зрабіць афіцыйны запыт на інтэрв’ю, каб узгадніць гэта з яшчэ больш высокім начальствам.

Дарэчы, пра існаванне распараджэння, якое забараняе чыноўнікам даваць інтэрв’ю і каментарыі “Борисовским новостям”, казаў і былы раённы архітэктар Станіслаў Ткачэнка.

“У сувязі са шматлікімі згадкамі з боку зацікаўленых асоб пра існаванне гэтага “сакрэтнага” дакумента паверыць у калектыўную змову супраць раённай улады з мэтай яе ачарнення і дыскрэдытацыі вельмі цяжка. Але як яно стасуецца з дзейным заканадаўствам у галіне атрымання інфармацыі? Ці парушаюцца правы журналістаў, якія атрымліваюць неабгрунтаваныя адмовы на атрыманне цікаўных звестак?”, – задаецца пытаннем юрысконсульт выдання “Борисовские новости” Алег Мацкевіч.  

“Пачнем з таго, што артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, пра палітычнае, эканамічнае, культурнае і міжнароднае жыццё, стан навакольнага асяроддзя. Збор, захоўванне і распаўсюд згаданай інфармацыі з’яўляецца асноўнай мэтай існавання і дзейнасці СМІ. Таму, незаконна абмяжоўваючы СМІ ў атрыманні інфармацыі, дзяржаўныя органы, такім чынам, наўпрост пазбаўляюць сваіх грамадзян канстытуцыйнага права, замацаванага ў артыкуле 34”, – падкрэслівае юрыст.

“У залежнасці ад катэгорыі даступнасці вылучаюць агульнадаступную інфармацыю і інфармацыю, распаўсюд і (або) даванне якой абмежавана (артыкул 15 Закона «Об информации, информатизации и защите информации»). Абмяжоўвацца можа інфармацыя пра прыватнае жыццё асобы, яе персанальныя дадзеныя, звесткі, якія маюць дзяржаўную таямніцу і гэтак далей. Калі ж інфармацыя носіць агульнадаступны характар, тады адмова ў яе прадастаўленні павінна быць абгрунтаванай і мець законны характар. Напрыклад, запытаная інфармацыя знаходзіцца ў адкрытым доступе на інтэрнэт-рэсурсе дзяржаўнай арганізацыі. А такія абгрунтаванні як “начальства забараняе” або “вы пішаце няпраўду, таму мы вам нічога не скажам”, – незаконныя. А парушальнікаў закону трэба прыцягваць да адказнасці”, – кажа Алег Мацкевіч.