255

Абласны суд у Гомелі адхіліў апеляцыйную скаргу блогера Ціханоўскага

30.01.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельскі абласны суд 29 студзеня адхіліў апеляцыю блогера Сяргея Ціханоўскага на пастанову суда Савецкага раёна Гомеля аб пакаранні арыштам на 15 сутак за ўдзел у мітынгу пратэсту супраць паглыблення інтэграцыі Расіі і Беларусі, які адбыўся 21 снежня мінулага года на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

Сам Ціханоўскі тлумачыць, што на плошчы ў Мінску рабіў відэаздымкі пратэстнага мітынгу.

Падчас разгляду апеляцыйнай скаргі ў абласным судзе блогер даводзіў, што міліцэйскі пратакол быў складзены юрыдычна непісьменна. Таму не згодны з рашэннем суддзі Савецкага райсуда Гомеля Алены Шайн, якая 27 снежня на падставе гэтага пратакола пакарала яго арыштам. Ён таксама заявіў хадайніцтва пра накіраванне прадстаўлення ў Следчы камітэт для праверкі дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і суддзі. На думку Ціханоўскага, яны скіраваныя на абмежаванне права грамадзян на абарону незалежнасці сваёй краіны.

Абласны суддзя Васіль Бягун, які разглядаў апеляцыйную скаргу блогера Ціханоўскага, адхіліў яго хадайніцтва і не знайшоў падставы для адмены пастановы суда Савецкага раёна Гомеля пра адміністрацыйны арышт, які блогер адбыў з 27 снежня па 11 студзеня.

Нагадаем, што пакуль Сяргей Ціханоўскі адбываў пакаранне ў ізалятары, яго судзілі другі раз — за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску ў першай палове снежня. Суддзя Савецкага раёна Гомеля Аляксандр Мохараў пакараў блогера новымі 15-ю суткамі адміністрацыйнага арышту. 

Гэты адміністрацыйны арышт “вісіць” над Ціханоўскім, і ў любы момант улады могуць ізаляваць блогера для выканання рашэння суда.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!