1492

Абласны суд у два разы знізіў штраф фрылансеру

28.04.2016 Крыніца: Гомельская вясна Сюжэт: 22.9 КаАП

Па выніку разгляду скаргі гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага на пастанову суддзі Жлобінскага раёна Валянціны Сапонавай суддзя Гомельскага абласнога суду Васіль Бягун знізіў памер прысуджанага фрылансеру штрафу ў два разы, паменшыўшы яго з 16,8 млн рублёў да 8,4 млн.

Абласны суддзя паправіў свайго раённага калегу: апошні асудзіў К. Жукоўскага па правілах сукупнасці правапарушэнняў, у той час як па законе неабходна ўжываць правіла аб іх паўторнасці.

Каментуючы сітуацыю, гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае журналістам-фрылансерам абараняць у судах правы, заявіў, што абласны суддзя ў дадзеным выпадку выправіў дапушчаную раённым суддзём памылку. У астатнім сітуацыя вакол пераследу фрылансераў пакуль не памянялася.

"Валянціна Сапонава прызначаная суддзёй толькі ў мінулым годзе. Магчыма, ў яе не хапіла вопыту разгляду адміністрацыйных спраў, вось яна і "секанула" спадара Жукоўскага максімальнымі штрафамі", -- падкрэсліў Л. Судаленка.