1879

Абласны суд пакінуў штраф журналісту ў сіле

03.04.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналіст і праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Віктар Сазонаў атрымаў ад старшыні Гродзенскага абласнога суда адказ на сваю надзорную скаргу на рашэнне гэтага ж суда. Сенсацыі не адбылося — пастанова пра пакаранне журналіста штрафам у памеры 15 базавых велічыняў пакінутая ў сіле.

Віктар Сазонаў. Фота: "Радыё Свабода"

Як вынікае з адказу, датаванага 19 сакавіка 2019 года, старшыня Гродзенскага абласнога суда Аляксандр Корзун цалкам не задаволіў скаргу і пазначыў, што віна ў правапарушэнні нібыта пацверджаная паказаннямі сведак, “пісьмовымі доказамі і відэазапісам несанкцыянаванага мерапрыемства”.

Характэрна, што згодна з ягоным адказам адміністрацыйнае спагнанне на Віктара Сазонава накладзенае з улікам здзейсненага ім правапарушэння і дадзеных пра ягоную асобу. Можна выказаць здагадку, што Сазонаў фігуруе ў нейкіх адмысловых спісах ці базах дадзеных, знаходжанне ў якіх ёсць дадатковай падставай для судовага пакарання.

Нагадаем, 27 кастрычніка 2018 года Віктар Сазонаў ажыццяўляў прававы маніторынг і выконваў журналісцкія абавязкі падчас правядзення Дня памяці паўстанцаў — штогадовага ўшанавання памяці кіраўнікоў і ўдзельнікаў вызваленчага паўстання 1863—1864 гг. у г. Свіслач і ў вёсцы Якушоўка Гродзенскай вобласці.

23 лістапада 2018 года суд Свіслацкага раёна аштрафаваў Сазонава на 15 базавых велічыняў (367,5 рублёў) нібыта за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (ч. 1 арт. 23.34 КаАП РБ). Суд не прыняў да ўвагі довады Сазонава пра выкананне ім выключна праваабарончай і журналісцкай дзейнасці падчас згаданага мерапрыемства.

Журналіст абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе другой інстанцыі — Гродзенскім абласным судзе. Аднак 26 снежня 2018 года прадстаўнік аблсуда Валерый Раманоўскі касацыйную скаргу Сазонава не задаволіў, а рашэнне Свіслацкага райсуда пакінуў без змен.

У каментары карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Віктар Сазонаў зазначыў, што, на яго думку, гэта наўмысны пераслед за прафесійную дзейнасць:

“Я дэманстратыўна стаяў побач з прадстаўнікамі праваахоўных органаў і не ўдзельнічаў у мерапрыемстве, рабіў фотаздымкі. Гэта абсурд, што на мяне склалі пратакол за менавіта ўдзел у несанкцыянавай акцыі. Падчас судовага працэсу ў Свіслацкім райсудзе я даведаўся, што пратакол на мяне быў складзены толькі на падставе таго, што нехта апазнаў мяне на відэазапісе, на якім я знаходжуся ў Свіслачы — то бок паводле факту майго знаходжання ў гэтым горадзе. У мяне паўстае адразу некалькі пытанняў: ці дазволеная наогул праваабарончая і журналісцкая дзейнасць на Гродзеншчыне і ці можна мне асабіста наведваць Свіслач?”, — кажа Віктар Сазонаў.

Правабаронца мяркуе, што такія рэпрэсіўныя захады, верагодна, ужываюць для таго, каб запалохаць праваабарончую і журналісцкую супольнасць Беларусі і абмежаваць ім выкананне прафесійных абавязкаў.

Віктар Сазонаў намераны далей змагацца за свае правы і збіраецца абскарджваць рашэнне старшыні Гродзенскага аблсуда ў Вярхоўным судзе Беларусі. У выніку чарговага адмоўнага рашэння ён не выключае, што будзе звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Раней, 15 студзеня 2019 года, Гродзенскі абласны суд разглядаў касацыйную скаргу журналіста, сябра ГА «БАЖ» Уладзіміра Хільмановіча на рашэнне суда Свіслацкага раёна па аналагічнай адміністрацыйнай справе. Скарга Хільмановіча задаволеная не была, а рашэнне пра пакаранне журналіста штрафам у памеры 15 базавых велічынь нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве пакінутае ў сіле.