635

945 рублёў штрафу журналістцы ў дзень народзінаў за сюжэт на “Белсаце”

14.04.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі пакараў  журналістку-фрылансера, сябра ГА "БАЖ" Ларысу Шчыракову за  нібыта незаконны выраб і распаўсюд  прадукцыі СМІ  (артыкул 22.9 КаАП) штрафам у памеры 35 базавых велічыняў, што складае 945 рублёў.

Суд адбыўся 13 красавіка, акурат у дзень народзінаў журналісткі.

Яшчэ да пачатку судовага пасяджэння калегі і знаёмыя павіншавалі яе кветкамі і цукеркамі, прадбачачы суворую пастанову. Сама Шчыракова была ў добрым настроі, нават дапамагала калегу інтэрв’юіраваць гамельчукоў, што прыйшлі яе падтрымаць.

 

“Краіна коціцца ў цемрашальства”

Падчас судовага разбіральніцтва журналістка даводзіла, што права на збор і распаўсюд інфармацыі ёй гарантуе беларуская Канстытуцыя, а таксама Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь.

“Наступ на гэтыя правы, якія ў Беларусі ажыццяўляюць міліцыя, КДБ, уладныя ідэолагі,  надзвычай небяспечны — краіна коціцца ў цемрашальства, перастае быць дэмакратычнай”, — зазначыла Шчыракова.

Незаконны выраб і распаўсюд  прадукцыі СМІ  журналісткай-фрылансерам міліцыя Цэнтральнага раёна  Гомеля ўгледзела  ў відэасюжэце “Кармленне галубоў, ці Прагулкі па набярэжнай”, які выйшаў 1 сакавіка на  беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” (Польшча). Распараджэнне паступіла з УУС на падставе рапарта падпалкоўніка міліцыі  Зуева. Тэкставы варыянт сюжэта на сайце тэлеканала выйшаў пад загалоўкам “Падняць канапавыя войскі! У Гомлі пачынаюць карміць галубоў як ў Берасці”.

У сюжэце распавядалася пра гамельчукоў, якія збіраюцца ў нядзелю на гранітнай набярэжнай Сожа, кормяць галубоў, а заадно гутараць з журналістамі і блогерамі  пра свае праблемы, абмяркоўваюць эканамічную і грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне.

Журналістцы давялося папраўляць суддзю Салоўскага — той не мог правільна вымавіць па-беларуску словаспалучэнне “канапавыя войскі”.

 

Суды сталі “эпідэміялагічнай з’явай у грамадстве”

Сябра ГА “БАЖ” Андрэй Мядзведзеў, які прыйшоў у суд падтрымаць каляжанку, лічыць, што ўладныя структуры ў рэгіёнах у шырокім сэнсе зразумелі даручэнне Аляксандра Лукашэнкі “добранька прайсціся па сайтах і каналах”,  якія распаўсюджваюць непраўдзівую інфармацыю пра каранавірус.  Пад замес трапляюць і сюжэты, дзе гучыць апазіцыйная думка пра эканамічную і палітычную сітуацыю ў краіне.

Гомельскі палітык Васіль Палякоў, які таксама прысутнічаў на разглядзе адміністрацыйнага пратакола у дачыненні Шчыраковай, мяркуе, што беларускія суды даўно сталі “эпідэміялагічнай з’явай у грамадстве”. “Яны не самастойныя, спрэс выконваюць загады выканаўчай улады, асабліва, калі гаворка ідзе пра палітычныя справы. Вынікі разгляду адміністрацыйнага пратакола супраць журналісткі Шчыраковай — яшчэ адно таму таму пацвярджэнне”, — перакананы спадар Палякоў.

 

Салідарнасць шведскіх фрылансераў

Акцыю салідарнасці з Ларысай Шчыраковай зладзілі таксама фрылансеры поўдня Швецыі з арганізацыі “Фрыланс Сюд”. Шведскія журналісты звярнуліся праз сацыяльныя сеткі да калег з заклікам 13 красавіка павіншаваць гомельскую каляжанку з днём народзінаў і зрабіць ёй падарунак. Каардынавала акцыю Оса Ульсан з горада Мальмё.

“Тое, што суд праходзіць у дзень нараджэння Ларысы Шчыраковай — не супадзенне. Гэта ўжо звыклая справа для ўлады прызначаць суд у дзень народзінаў, каб было больш адчувальна”, — зазначыла спадарыня Ульсан.

Шведскія журналісты звяртаюцца да Лукашэнкі і Румаса з заклікам спыніць пераслед журналістаў-фрылансераў у Беларусі

Каля паўсотні шведскіх і нарвежскіх журналістаў цягам некалькіх гадзін пасля пачатку акцыі салідарнасці зрабілі грашовыя ахвяраванні гомельскай журналістцы. Вось некаторыя з пажаданняў, накіраваных з паўночнай краіны Шчыраковай у Гомель: “З Днём народзінаў, заставайцеся моцнай”, “Падтрымліваю Вашае змаганне”, “З Днём народзінаў, Ларыса. Хай яны гараць у пекле”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!