НЕ - ВАЙНЕ!
742

8 гадоў зняволення: вынеслі прысуд журналісту-расследавальніку Сяргею Сацуку

26.10.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

26 кастрычніка Мінскі гарадскі суд пакараў палітвязня Сяргея Сацука значным тэрмінам зняволення – 8 гадоў калоніі. Вырак агучыла суддзя Святлана Бандарэнка. Аналагічнае пакаранне для журналіста тыдзень таму запатрабаваў пракурор.   

Сяргей Сацук — галоўны рэдактар інтэрнэт-партала "Ежедневник" (ej.by), аўтар рэзанансных расследаванняў пра факты карупцыі ў дзяржаўнай сістэме. Яго затрымалі 8 снежня 2021 года, ад таго часу ўтрымліваюць у СІЗА №1 Мінска. Праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.

Сяргею Сацуку доўга давялося чакаць суда, але з яго пачаткам усё развівалася надзвычай шпарка. Працэс пачаўся 23 верасня, а праз месяц ён ужо заслухоўваў жорсткі прысуд, які не заўсёды выносяць нават забойцам.

19 кастрычніка адбыліся спрэчкі бакоў, а на наступны дзень дзяржаўны абвінаваўца папрасіў прызначыць журналісту 8 гадоў зняволення. Спадара Сацука вінавацілі па трох крымінальных артыкулах: “атрыманне хабару” (арт. 430 КК),“распальванне варажнечы” (арт. 130 КК), “перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў” (арт. 426 КК).

Як пішуць дзяржаўныя СМІ, суддзя прызнала фігуранта вінаватым у атрыманні хабару, учыненым у буйным памеры, перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Сацуку таксама назначаны штраф у памеры 500 БВ, або 16 тысяч беларускіх рублёў. Ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Акрамя таго, суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы грашовую суму ў памеры 12 тысяч 384 беларускіх рублёў.

Арыштаваная маёмасць — аўтамабіль, некалькі мабільных тэлефонаў, ноўтбукаў, планшэтны камп'ютар, 11 флэш-назапашвальнікаў, дыктафон, карту памяці - пакінуць пад арыштам у лік забеспячэння выканання прыгавору ў частцы штрафу і спагнання кошту прадмета хабару, дадаюць дзяржСМІ.

Праблемы з уладамі ў Сяргея Сацука ўзніклі задоўга да арышту. На перакананне ягоных калег, хаатычна нагрувашчаныя крымінальныя справы — толькі шырма, насамрэч падстава для пераследу адна:  журналісцкія расследаванні, якія тычыліся маштабнай карупцыі. Перадусім у медыцынскай галіне.

На падставе атрыманых фактаў ён раскрыў схему “адкатаў” за пастаўку дарагога абсталявання; даказаў закупку незарэгістраванай вакцыны, якую апрабоўвалі на беларускіх дзецях; паставіў пад сумнеў праўдзівасць афіцыйнай статыстыкі аб “мінімальным распаўсюдзе” COVID-19 у Беларусі, калі пандэмія накрыла ўвесь астатні свет. 

Замест таго, каб аб’ектыўна разабрацца ў апублікаваных матэрыялах і ўзяць “на аловак” патэнцыйных махляроў і карупцыянераў, чыноўнікі паспрабавалі паўздзейнічаць на аўтара — спачатку ўгаворамі, а потым і дзеяннямі.

Як паспеў расказаць службе маніторынгу БАЖ сам Сяргей Сацук, цягам 2017-2018 гадоў яму тэлефанавалі шматлікія дзяржаўныя “пасланцы”, уключна з двума тагачаснымі топ-кіраўнікамі — міністрам аховы здароўя Валерыем Малашкам і міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам. 

Казалі, што хочуць абмеркаваць сітуацыю “па-добраму”, бо нікому не патрэбны непрыемнасці. Зрэшты, уся гаворка зводзілася да аднаго — каб спыніў пісаць пра закуліссе медыцынскай галіны. Маўляў, не варта падвышаць градус нервознасці ў грамадстве.

Паводле журналіста, Валерый Малашка быў больш катэгарычны — яно і зразумела, на кану стаяла ў тым ліку ягоная кар’ера. Што да Аляксандра Карлюкевіча, той збольшага выконваў ролю “добрага паліцэйскага", адчувалася, што зверху настойліва папрасілі мякка “ўтаймаваць” занадта актыўнага “пісаку”.

Аднак Сяргей Сацук не пайшоў на маральную здзелку, працягнуўшы свае рэзанансныя расследаванні. Пры гэтым непрыхаваны ціск у сувязі з прафесійнай дзейнасцю не апублічваў — усё яшчэ не верыў, што за праўду можна сесці ў турму. А такія перспектывы ўсё больш матэрыялізоўваліся.

Афіцыйная прапаганда пачала актыўна распаўсюджваць “інсайдэрскія звесткі”, што скандальныя тэксты фінансуюць неназваныя “зацікаўленыя асобы”. Следам на парозе з’явіўся  чарговы “дображадальнік” з уладных структураў, які бясхітрасна канстатаваў: “Не спынішся –— грохнуць”. А там і Аляксандр Лукашэнка публічна загадаў КДБ разабрацца з тымі, хто разносіць “беспадстаўныя фэйкі”.  

25 сакавіка 2020 года, літаральна за выхадам чарговага выкрывальніцкага артыкула ў "Ежедневнике", па журналіста прыйшлі сілавікі, дома ўчынілі ператрус. Інкрымінавалі “атрыманне хабару”. Пашчасціла, што тэктанічныя зрухі спыніць ужо было немагчыма, паралельна набірала абароты "справа ўрачоў" — факты, выкладзеныя раней “Ежедневником”, пацвердзілі праваахоўныя органы. У выніку пракурор змяніў меру стрымання пад падпіску аб невыездзе.

Аднак у сітуацыі, калі пасля пратэстнага 2020-га ўлады пайшлі ў шырокі наступ на грамадзянскую супольнасць, паўторны арышт быў толькі справай часу. Сяргея Сацука ізноў узялі пад варту 8 снежня 2021 года, фармальна – па старой справе аб "хабары". У той жа дзень рашэннем Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны доступ да сайта ej.by. А ўжо ў няволі “тэчка” фігуранта пачала абрастаць новымі эпізодамі — дадаліся крымінальныя артыкулы аб “распальванні варажнечы” і “перавышэнні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў”.

Наступныя 10 месяцаў справа збольшага заставалася ў статычным стане, пакуль сёлета 23 верасня Мінскі гарадскі суд не даў адмашку  на імклівую развязку ў гісторыі аднаго з самых вядомых беларускіх журналістаў-расследавальнікаў.   

Чытайце яшчэ:

 

У міліцыі адмаўляюцца тлумачыць прычыны забароны на перапіску з Яўгенам Меркісам

Экспэрты пра кантроль беларускага інтэрнэту: «„Алісу“ ад „Яндэкс“ цяпер будуць слухаць ня толькі супрацоўнікі ФСБ, але і КДБ»

Чарговы суд, чарговы журналіст… Канвеер не спыняецца

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!