3169

7 млн 350 тысяч штрафу – шостае сёлета пакаранне гомельскаму фрылансеру

18.03.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суддзя Мазырскага раённага суда Наталля Асадчая 17 сакавіка аштрафавала гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага паводле артыкула 22.9 КаАП на 35 базавых велічыняў (7 мільёнаў 350 тысяч рублёў). Яго прызналі вінаватым у нібыта “незаконным вырабе прадукцыі СМІ” – супрацы з тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.

Пра суд у Мазыры фрылансер дазнаўся з SMS-паведамлення.

– Суд праходзіў без майго удзелу. У мяне сапсавалася машына, і я па тэлефоне папярэдзіў сакратарку суда, што не змагу прыехаць. Думаю, што мая прысутнасць нічога не змяніла б, – лічыць Жукоўскі.

Сёлета гэта ўжо шостая адміністрацыйная справа ў дачыненні да фрылансера.  

Мазырская міліцыя склала пратакол на падставе сюжэта “Мазыр: спіртзавод банкрутуе”, паказанага на тэлеканале “Белсат” 9 лютага.

Сёлета, апроч Мазыра, Кастуся Жукоўскага судзілі за так званы “незаконны выраб прадукцыі СМІ” ў Калінкавічах, Карме, Буда-Кашалёве і двойчы ў Жлобіне. Сума штрафаў склала 45 мільёнаў 700 тысяч рублёў, а з улікам мінулагодніх аналагічных пакаранняў дасягнула сумы ў 77 мільёнаў 700 тысяч рублёў.

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (Табліцы, абнаўляецца)

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!