1438

300 рублёў — за абражаную дзелавую рэпутацыю супрацоўніка ДАІ

23.05.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гэтую суму суд Маладзечанскага раёна спагнаў на карысць супрацоўніка ДАІ ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды за распаўсюд несапраўдных і абразлівых звестак.

У панядзелак 22 мая ў Маладзечанскім судзе завяршыўся разгляд справы па іску супрацоўніка ДАІ да інфармацыйна-навінавага партала Kraj.by і журналіста Сяргея Зянько аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Падставай для судовага разбіральніцтва сталі два артыкулы, апублікаваныя на Kraj.by: “Гражданин Польши: “Приняв психотропное лекарство, сел за руль в Молодечно по требованию сотрудника ГАИ” (фото), “Действия сотрудника ГАИ «не содержат признаков преступления» — гражданин Польши получил ответ из молодечненского РОСК”.

Інспектар ДАІ Іван Фёдараў, які стаў галоўным героем публікацый, палічыў, што ў артыкулах утрымліваюцца несапраўдныя звесткі, якія яго абражаюць. У якасці іскавых патрабаванняў ён прасіў суд абавязаць адміністрацыю сайта прынесці публічныя прабачэнні з указаннем на тое, што выкладзеныя раней звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, і спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 4 000 рублёў.

З ініцыятывы адказчыкаў грамадзянін Польшчы Валянцін Шафаловіч, які лічыць сябе пацярпелым ад дзеянняў ДАІ, быў выкліканы ў якасці сведкі. Верагодна, у судзе ў гэты дзень на пасяджэнні чакалі замежных гасцей, таму яшчэ на ўваходзе сакратарка настойліва пыталася ў юрыста ГА "БАЖ" ці мае Беларуская асацыяцыя журналістаў акрэдытацыю МЗС Беларусі.

Падчас суда вострым бокам выявілася праблема доступу журналістаў недзяржаўных СМІ да інфармацыі. Як лічыць галоўны рэдактар Kraj.by Святлана Цішко, праблем з публікацыяй можна было б пазбегнуць, калі б начальнік Маладзечанскага ДАІ своечасова і ў поўным аб’ёме даў інфармацыю аб ходзе службовага разбіральніцтва адносна інспектара І. Фёдарава, распачатага па заяве В. Шафаловіча. Аднак гэтага не сталася, а сам І. Фёдараў ад інтэрв’ю адмовіўся (“начальства не дазваляе”), таму ў артыкуле значную долю тэксту займала пазіцыя “пацярпелага” В. Шафаловіча, а пазіцыя другога боку — ДАІ — амаль не была прадстаўлена.

Суд задаволіў іскавыя патрабаванні І. Фёдарава, спагнаўшы з адказчыкаў салідарна кампенсацыю маральнай шкоды 300 рублёў і судовыя выдаткі. С. Зенько і галоўны рэдактар Kraj.by С. Цішко маюць намер абскардзіць рашэнне ў Мінскім абласным судзе. Таксама С. Цішко не выключае, што будзе пададзена скарга ў пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку дзеянням начальніка Маладзечанскага ДАІ, які адмовіўся даваць інфармацыю на запыт партала па згаданым у публікацыях выпадку.