2522

30 кіламетраў на журналісцкіх вёслах па Прыпяці (ШМАТ НОВЫХ ФОТА)

01.07.2015

Журналісты з Брэста, Баранавічаў, Гомеля і Мінска паўдзельнічалі ў байдарачным прэс-туры, зладжаным Лунінецкай філіяй ГА “БАЖ”, падчас якога пазнаёміліся з заказнікам “Сярэдняя Прыпяць” і з праграмай стварэння Ізумруднай сеткі Беларусі.

У вёсцы Кораб’е ў Столінскім раёне, куды журналісцкі дэсант прыбыў з лунінецкага боку Прыпяці, гасцей сустрэў дырэктар дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Заказнікі рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць і Альманскія балоты” Іван Яхнавец.

Іван Яхнавец гутарыць з удзельнікамі прэс-туру

“Галоўная каштоўнасць заказніка - у некранутых пойменных лясах і лугах, багатай і своеасаблівай фауне”, - адзначыў Іван Яхнавец. Ён паведаміў, што восенню мінулага года тут працавалі навукоўцы з практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, вызначалі пагрозы для заказніка. Пра іх таксама пачулі прадстаўнікі незалежных СМІ.

Іван Яхнавец распавёў пра экскурсійныя туры і праграмы для турыстаў, што ладзіць іх цэнтр. Да прыкладу, адзін з папулярных маршрутаў - "Палеская Амазонія" - праходзіць па рэках Гарынь і Прыпяць ад вёскі Кораб’е да Давід-Гарадка. “Гэта вельмі апантаны чалавек, які займаецца экалагічнай адукацыяй моладзі, ладзіць дабрачынныя акцыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Паболей бы такіх”, - адзначыла старшыня Лунінецкай філіі ГА “БАЖ” Святлана Гарда.

Прэзентацыю па тэме “Ізумрудная сетка” зрабіў старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Андрэй Абрамчук.

Андрэй Абрамчук

Для даведкі: Ізумрудная сетка, альбо “Эмеральд” (ад англ. „Emerald” – ізумруд) – сукупнасць прыродаахоўных тэрыторый, якія ўтвараюць адзіную экалагічную сетку. Ізумрудная сетка утвараецца ў краінах, якія падпісалі Бернскую канвенцыю альбо маюць статус назіральнікаў.

Сп. Абрамчук уваходзіць у працоўную групу па ўтварэнні Ізумруднай сеткі ў Беларусі. Ён паведаміў, што зараз агульная колькасць патэнцыйных аб’ектаў Ізумруднай сеткі у нашай краіне, уключаных ў базу дадзеных, складае 60 тэрыторый агульнай плошчай каля 1900 тысяч гектараў. Але неабходна ўключыць яшчэ 70-100 тэрыторый.

Спыніўся Андрэй Абрамчук і на тым, што дасць Ізумрудная сетка: гэта найбольш эфектыўны механізм па ахове прыроды, спосаб прыцягнуць сродкі на развіццё экатурызму і г.д.

Журналістам на карце паказалі той маршрут на байдарках, распавялі пра асаблівасці гэтага ўчастка Прыпяці. Дарэчы, гэтая рака на 80-90% будзе ўключана ў Ізумрудную сетку.

Далей удзельнікі прэс-тура перайшлі да практыкі: веславалі, назіралі за плынню, птушкамі (пабачылі такія рэдкія віды, як чорны бусел і вяртлявая чаротаўка). У час перапынкаў купаліся, хадзілі па гарачым пяску і нават паспелі сабраць лекавыя травы. Усё, што бачылі, фіксавалі на фота і відэа.

“Падабралася добрая каманда, якая праявіла сяброўскі дух і моцны характар”, - заўважыў старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец, які ўжо другі раз удзельнічаў у байдарачным прэс-туры.

Аксана Бровач

Таксама другі раз на вёслах прайшла шлях у 30 кіламетраў прадстаўніца Берасцейскай філіі Аксана Бровач: “Першы раз мы плавалі па Случы, але Прыпяць - непаўторная”.

“Гэта быў чацвёрты прэс-тур на вёслах, самы працяглы па кіламетражы - падвынікавала Святлана Гарда. - Я баялася, ці ўсе вытрымаюць. Але ніхто не скардзіўся, не стагнаў, нават хрупкія дзяўчаты трымаліся мужна. А самы малады ўдзельнік, 17-гадовы сын лунінецкага БАЖаўца Мікалая Ільючыка, прадэманстраваў моц характару і перамог са сваім экіпажам”.

Самы юны ўдзельнік сплаву на байдарках Віталь Ільючык

У гэтым годзе Лунінецкая філія зацвердзіла пераходны кубак байдарачных тураў па рэках Беларусі. Уладальнікам кубка стаў экіпаж у складзе Ларысы Шчыраковай (Гомель), Мікалая і Віталя Ільючыкаў (Лунінец).

Але і кожны экіпаж стаў пераможцам у розных намінацыях “самы мудры экіпаж”, “самы гламурны экіпаж” і г.д, у пацвярджэнне чаго ўсе атрымалі памятныя меткі, а да таго ж магніцікі з уласнымі фотаздымкамі, зробленымі на байдарачным шляху. Яны будуць нагадваць журналістам пра 30 кіламетраў па Прыпяці на вёслах…

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!