НЕ - ВАЙНЕ!
309

28 лістапада Паўлу Шарамету споўніўся б 51 год

28.11.2022

Павел Шарамет працаваў журналістам у Беларусі, Расіі і Украіне і ўлады кожнай з іх крытыкаваў. У Мінску ў канцы 1990-х ён быў арыштаваны і правёў у турме тры месяцы, а пазней пазбавіўся беларускага грамадзянства,  распавядала "Радыё Свабода". У Расіі прафесійная кар'ера Шарамета складалася спачатку паспяхова, але ў канцы 2000-х ён вымушаны быў пакінуць Першы тэлеканал, таму што не захацеў больш мірыцца з цэнзурай і ціскам. Апошнія гады жыцьця Шарамет жыў і працаваў у Кіеве, дзе 20 ліпеня 2016 года ён быў забіты. 

Павал Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 году ў Менску. Скончыў тры курсы гістфаку БДУ. Затым паступіў на факультэт міжнародных адносін Беларускага эканамічнага ўніверсітэту. Дыпломная праца — афшорны бізнэс. У 1994–1995 гадох быў аўтарам і вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект» на Беларускім тэлебачанні. Атрымаў у 1995 годзе прэмію Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча як найлепшы тэлежурналіст Беларусі. З жніўня 1995 да жніўня 1996 году — галоўны рэдактар «Белорусской деловой газеты».

Намінант прэміі ТЭФІ Акадэміі расейскага тэлебачаньня як «найлепшы рэпарцёр» 1999 году, фіналіст ТЭФІ-2001 у намінацыі «Журналісцкае раследаваньне» за фільм «Дзікае паляванне».

У 2002 годзе атрымаў прэмію Парламенцкай асамблеі АБСЭ «За журналістыку і дэмакратыю».

У 1998 годзе быў асуджаны беларускім судом на два гады ўмоўна за рэпартаж з беларуска-літоўскай мяжы.

Быў заснавальнікам і каардынатарам папулярнага сайту «Беларускі партызан». У апошнія гады жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданні «Українська правда», быў вядучым на радыё «Вести».

Спадар Шарамет быў сябрам БАЖ з 1997 года. Працуючы на расійскім «Первом канале», ініцыяваў заснаванне прэміі памяці свайго зніклага калегі Дзмітрыя Завадскага “За мужнасць і прафесіяналізм”, якую ўручаў беларускім журналістам разам з ГА “БАЖ” на працягу некалькіх гадоў.

«Павел паспеў папрацаваць у Беларусі, Расеі, ва Украіне. І паўсюль здабываў поспех, аўтарытэт і павагу ад калегаў. Як можна было так шмат зрабіць за 45 гадоў? Гэта цяжка зразумець. Але ён зрабіў, і ўсё гэта застаецца з намі. А значыць, і Павал застаецца з намі», — гаварыў на першы дзень нараджэння Паўла Шарамета, які давялося адзначаць без імянінніка, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

20 ліпеня 2016 года ў машыне, на якой ехаў вядомы журналіст, спрацавала выбуховае прыстасаванне. Выбух прагрымеў у 7.45 на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасць узрыўчаткі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400-600 г у тратылавым эквіваленце. Пасля высветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны МОН-50.

Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу на падставе артыкула "Наўмыснае забойства". Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, па дапамогу да якіх звярнуліся ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядаецца помста за прафесійную дзейнасць. Следства таксама не выключае, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі становішча ва Украіне, з-за асабістых матываў або памылкова (мэтай магла быць грамадзянская жонка загінулага — уладальніца "Украинской правды" Алена Прытула, менавіта на яе аўтамабілі рухаўся Шарамет у момант трагедыі).

Чытайце яшчэ:

Убийство Павла Шеремета: версии и фигуранты громкого дела

Азаронак vs Салаўёў: чыя прапаганда больш эфектыўная?

Інфармацыйную прадукцыю ўкраінскага блогера BalaganOff таксама прызналі “экстрэмісцкай”

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!