350

26 траўня Вярхоўны суд пачне разглядаць апеляцыю журналіста Андрэя Пачобута

23.05.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Вярхоўны суд маецца разглядзець апеляцыю журналіста Андрэя Пачобута. Адпаведная абвестка з’явілася на сайце судовай установы, пачатак пасяджэння а 9.30 раніцы 26 траўня.

Удакладняецца, што разгляд скаргі будзе адбывацца ў закрытым рэжыме — прычыны падобнай таямнічасці традыцыйна не тлумачацца.  

На працэс прызначаны суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі, які летась атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі Ордэн гонару за «ўнёсак ва ўмацаванне дзяржавы і дэмакратычнага грамадства». Гэта ён яшчэ ў рангу суддзі суда Маскоўскага раёну Мінска пакараў 14 гадамі зняволення банкіра і прэтэндэнта на вышэйшую пасаду Віктара Бабарыку, пасля чаго рэзка пайшоў на павышэнне.   

Сыходзячы з анонсу, адвакат Андрэя Пачобута будзе патрабаваць перагляду рашэння Гродзенскага абласнога суда, які пакараў працяглым тэрмінам зняволення журналіста паводле арт. 130 ч. 3 Крымінальнага кодэкса («распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці») і арт. 361 ч. 3 («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).

Сам палітвязень у чаканні вердыкту найвышэйшай інстанцыі застаецца ў турме №1 Гродна. У выпадку ігнаравання пададзенай скаргі яго мусяць этапаваць у калонію. 

Журналіста, аднаго з лідараў Саюза палякаў Беларусі Андрэя Пачобута разам з іншымі актывістамі грамадскай арганізацыі затрымалі 25 сакавіка 2021 года паводле так званай «польскай справы». За артыкул пра падзеі верасня 1939-га Андрэя Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце» — у прыватнасці, яму інкрымінавалася, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу.

Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020-м і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.

Працэс у абласным судзе Гродна пачаўся толькі сёлета 16 студзеня і праходзіў у закрытым рэжыме. Перад тым дата яго пачатку некалькі разоў пераносілася.  

8 лютага суддзя Дзмітрый Бубенчык вынес прысуд палітзняволенаму журналісту і актывісту — 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. У канчатковым варыянце, які збіраецца аспржчыць абарона Андрэя Пачобута, яго абвінавацілі ў «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы» і ў «распальванні сацыяльнай варожасці». 

У кастрычніку 2022 года Камітэт дзяржбяспекі ўнёс Андрэя Пачобута ў спіс асобаў, датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці».  

Увесь час зняволення журналісту забароненыя спатканні са сваякамі, ягоныя лісты цэнзуруюцца і блакуюцца ў перапісцы нават з сынам. 

Цягам больш чым двух гадоў за кратамі Андрэй Пачобут утрымліваўся ў следчых ізалятарах Мінгарвыканкама, турмаў Жодзіна і Гродна. Нягледзячы на пастаянны ціск, ён неаднаразова адхіляў прапановы аб вызваленні ў абмен на просьбу аб памілаванні і ад’езд з краіны. 

Пры гэтым беларускія ўлады галаслоўна заяўлялі, што афіцыйныя прадстаўнікі Польшчы нібыта выходзілі з прапановай абмяняць Андрэя Пачобута на затрыманых паводле падазрэння ў шпіянажы беларускіх грамадзян ці на адкрыццё замарожанага пункта пропуску «Баброўнікі». 

Выглядае, што аўтарытэтны журналіст па-ранейшаму разглядаецца Мінскам у якасці каштоўнага «абменнага фонду» у магчымым гандлі з Захадам. 

Чытайце яшчэ:

Агучана судовае рашэнне па апеляцыі журналіста Дзмітрыя Семчанкі: пакінуць без задавальнення

Журналисты могут быть «законной военной целью»? БАЖ разбирается в правовых нюансах с юристом-международником

Беларускі журналіст-фатограф, музыка-літаратар і чэшскі ваенкар стварылі кнігу пра «крывавыя Беларусь і Украіну»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!