3228

19 штрафаў журналістам за парушэнне 22.9 КаАП

09.06.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Штрафы Кастусю Жукоўскаму і Наталлі Крывашэй папоўнілі сёлетнюю “скарбонку” ўжытых да журналістаў санкцый. Агульная сума штрафаў па арт. 22.9 ч. 2 КаАП за 2015 год складае ўжо каля 95 мільёнаў рублёў.

5 чэрвеня суд Буда-Кашалёўскага раёна разгледзеў адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя міліцыяй у дачыненні да гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Наталлі Крывашэй. Абодвух прызналі вінаватымі ў парушэнні арт. 22. 9 ч. 2 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) і аштрафавалі на 20 базавых велічыняў кожнага (3 млн 600 тыс. рублёў). Падставай для складання міліцэйскіх пратаколаў стала падрыхтоўка журналістамі відэасюжэту пра знос дамоў у Буда-Кашалёве напярэдадні “Дажынак”. Пазней сюжэт выкарыстаў тэлеканал “Белсат”.

Суд адбыўся без удзелу журналістаў: Кастусь Жукоўскі не ведаў пра пасяджэнне, а Наталлю Крывашэй па тэлефоне запрасілі на суд за некалькі гадзін да разгляду справы.

9 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля будзе разглядаць чарговы пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні да Кастуся Жукоўскага. Падставай для завядзення справы стаў зняты журналістам сюжэт пра самагубства выкладчыцы ГДУ імя Ф. Скарыны, якая, як мяркуецца, асцерагалася страціць сваю працу і кватэру з-за дзеянняў кіраўніцтва ВНУ.

Такім чынам, усяго ў дачыненні да журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага сёлета міліцыя склала ўжо 6 адміністрацыйных пратаколаў:  5 – на “незаконны выраб прадукцыі СМІ” , 1 – нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце інваліда-вазочніка са Светлагорску, які фрылансер здымаў на відэа. Агульная сума вынесеных яму штрафаў складае на сёння 19 млн 800 тыс. рублёў. 

Для Наталлі Крывашэй гэта другі па ліку штраф. Яе штрафавалі напрыканцы красавіка на 30 базавых велічыняў (5 млн 400 тыс. рублеў).