465

16 верасня – 26 гадоў Беларускай асацыяцыі журналістаў

16.09.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Восенню 1995 года 38 беларускіх калег сталі заснавальнікамі арганізацыі, якая цягам наступных чвэрці стагоддзя будзе абараняць і прасоўваць інтарэсы журналістаў нашай краіны.

Беларуская асацыяцыя журналістаў – сябра Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў, арганізацыі IFEX, сеткі «Рэпарцёраў без межаў». Лаўрэат прэміі Еўрапарламента "За свабоду думкі" і многіх міжнародных узнагародаў.

27 жніўня 2021 года пасля небывалай хвалі рэпрэсій супраць журналістаў, медыя і НДА суддзя Вярхоўнага суда Інэса Лазавікова задаволіла іск Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Але БАЖ – гэта не толькі і не столькі запіс у рэестры зарэгістраваных уладамі юрыдычных асобаў. Сёння Беларуская асацыяцыя журналістаў – гэта больш за 1300 журналістаў, рэдактараў, фатографаў, юрыстаў і людзей іншых прафесій, якія робяць сапраўдную журналістыку.

Таму каманда БАЖ не здаецца. Мы рыхтуемся да абскарджання рашэння ўладаў у парадку нагляду і ў міжнародных судовых інстанцыях.

І мы па-ранейшаму на сувязі: найлепшы сродак звязацца з БАЖ сёння — напісаць на press@baj.by.

Са святам, калегі!
БАЖ – 26 гадоў разам!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!