489

150 экзэмпляраў спецвыпуска “Народнай волі” разышліся ў Віцебску за паўгадзіны

04.05.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Міжнародны дзень свабоды прэсы віцебскія журналісты і грамадскія актывісты раздавалі мінакам спецвыпуск газеты.

Хуткасны рэкорд каля “Еўраопта”

Сябра ГА “БАЖ” Алена Шабуня разам з актывісткамі БХД Таццянай Севярынец і Аленай Захаравай раздалі 150 экзэмпляраў  “Народнай волі” літаральна за паўгадзіны на Маскоўскім праспекце каля крамы “Еўраопт”. Было шмат мінакоў, і амаль ніхто не адмаўляўся. У тым ліку пакупнікі з суседняй Расіі, якія прыехалі па танныя беларускія прадукты.

Паводле Таццяны Севярынец, быў толькі адзін негатыўны водгук: “Уберите этот ваш белорусский бред”. Прыезджыя ці тутэйшыя жыхары не ўпадабалі “Народную волю”, распаўсюдніцы разбірацца не сталі.  

Асабісты рэкорд Барыса Хамайды

У цэнтры горада, каля “сіняга дому”, газету раздаваў мінакам найстарэйшы віцебскі апазіцыянер і даўні распаўсюднік незалежных СМІ Барыс Хамайда. 150 нумароў спецвыпуска за паўтары гадзіны — яго асабісты рэкорд.

Спадар Хамайда заўжды праяўляе салідарнасць з ГА “БАЖ”, бо дагэтуль, паводле ягонага прызнання, застаецца журналістам. У 1990-я ён быў рэдактарам газеты “Выбар”, якую пасля зачынілі гарадскія ўлады. Але, на ягоную думку, сапраўдная ўлада ў грамадстве заўжды належыць прадстаўнікам СМІ. “Толькі яны здольныя ўплываць на меркаванні людзей, выхоўваць іх вольнымі  і выкрываць падман, гаворачы і пішучы праўду”, — перакананы распаўсюднік незалежнай прэсы.