604

11 жніўня. Вярхоўны суд прызначыў дату пасяджання па ліквідацыі БАЖ

30.07.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь узбудзіў грамадзянскую справу па іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Папярэдняе судовае паседжанне прызначана на 11.00 11 жніўня ў будынку Вярхоўнага суда (г. Мінск, вул. Арлоўская, 76, 1 пад'езд).

Судовае паседжанне мусіць быць адкрытым. Дакументы аб грамадскім пазове падпісаныя суддзёй Вярхоўнага суда Інэсай Уладзіміраўнай Лазавіковай.

Падстава для ліквідацыі палягае ў тым, што ГА БАЖ" не выправіла парушэнні, выяўленыя Мінюстам падчас праверкі, распачатай у чэрвені 2021 года. Кіраўніцтва арганізацыі катэгарычна нязгоднае з такімі высновамі.

Нагадаем, 9 чэрвеня Міністэрства юстыцыі пачало маштабную праверку дзейнасці ГА "БАЖ". Але БАЖ атрымаў інфармацыю пра гэта толькі 21 чэрвеня з ліста, у якім ведамства прапаноўвала прадаставіць для праверкі тысячы дакументаў аб дзейнасці арганізацыі. У кароткія тэрміны Беларуская асацыяцыя журналістаў падала ў Мінюст вялікі пералік запытаных дакументаў за выключэннем матэрыялаў, канфіскаваных з офіса БАЖ яшчэ падчас вобшуку, праведзенага сілавікамі 16 лютага 2021 года.

14 ліпеня ў офісе БАЖ без прысутнасці прадстаўнікоў арганізацыі сілавікі правялі чарговы ператрус, пасля якога офіс быў апячатаны і доступ у яго заблакаваны да гэтага часу. Копіі пратаколаў ператрусу нам не ўручаліся. Пералік адабранай маёмасці нам не вядомы. Таксама ў гэты дзень былі заблакаваныя аперацыі на банкаўскім рахунку арганізацыі.

15 ліпеня, на наступны дзень пасля ператрусаў і блакавання офіса, асацыяцыя атрымала ад Міністэрства юстыцыі копію загаду аб вынясенні пісьмовага папярэджання. Падставай для папярэджанне Мінюст назваў тое, што рэгіянальныя аддзялення БАЖ у Гомелі і Маладзечна нібыта ажыццяўляюць дзейнасць без юрыдычных адрасоў, хоць гэта не так. Непрадстаўленне ўсіх запытаных дакументаў і адсутнасць юрыдычных адрасоў рэгіянальных філіялаў Міністэрства юстыцыі палічыла парушэннем заканадаўства і Статута БАЖ.

16 ліпеня БАЖ праінфармаваў Міністэрства юстыцыі аб тым, што офіс арганізацыі апячатаны і папрасіў даць час для выканання патрабаванняў Мінюста да атрымання доступу ў памяшканне.

Нягледзячы на гэта, 21 ліпеня Міністэрства юстыцыі паведаміла ў сацыяльных сетках аб тым, што ўжо накіраваны ў Вярхоўны суд Беларусі пазоў аб ліквідацыі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» нібыта ў сувязі непрыняццем мер па ліквідацыі парушэнняў з боку БАЖ і паўторным (пасля вынесенага пісьмовага папярэджання) парушэннем заканадаўства.

30 ліпеня ГА "БАЖ" атрымаў дакументы (ліст быў адпраўлены 28 ліпеня) з Вярхоўнага суда аб прызначэнні даты папярэдняга паседжання аб ліквідацыі аргнаізацыі на 11 жніўня.

***

ГА «БАЖ» дзейнічае з восені 1995 года, гэта — добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб'яднанне грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю альбо садзейнічаюць яе развіццю. ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” аб'ядноўвае больш за 1 300 работнікаў медыясферы, гэта ўплывовая, прызнаная міжнароднай супольнасцю арганізацыя. 

 

 

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!