839

"100 словаў на Свабодзе" — гродзенская прэзентацыя

02.05.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенская прэзентацыя кнігі “100 словаў на Свабодзе” адбылася ў Цэнтры гарадскога жыцця. Суаўтарамі кнігі сталі 100 асобаў, якія цягам 2016–2017 гг.. публікавалі свае допісы на сайце "Радыё Свабода". Кнігу прадстаўляў яе складальнік, журналіст і перакладчык Ян Максімюк. Сярод аўтараў кнігі такія вядомыя журналісты і пісьменнікі, як Аляксей Шэйн і Валянціна Аксак, Уладзіслаў Ахроменка і Андрэй Мялешка, Юры Дракахруст і Сяргей Дубавец, Севярын Квяткоўскі і Уладзімір Арлоў.

— Гродзенская сустрэча была адметная сваёй атмасферай. Калі перад вамі аўдыторыя на 60 чалавек, то немагчыма ахапіць кожны твар. А тут на сустрэчу прыйшлі два дзесяткі чалавек, вы гаворыце і можаце ўбачыць рэакцыю кожнага. Другая мая рэфлексія — на сустрэчу прыйшлі людзі не метрапольныя. Такія, як і я сам. Я жыву пад Прагай на вёсцы. Бо я — чалавек вёскі, чалавек правінцыі. Мне самому падабаюцца рэчы не магутныя і вялікія, а больш утульныя. І ў гэтым сэнсе Гродна для мяне значна больш утульны, чым Мінск, хаця тут і было такое ж надвор’е як у Мінску. Прыйшлі людзі, некаторых з іх я ведаю, з некаторымі супрацоўнічаў у розных літаратурнах праектах, калі яшчэ і не было рубрыкі “100 словаў”. Я маю на ўвазе часопіс “Правінцыя”, два нумары якога я выдаў. Той часопіс ў асноўным абапіраўся на гродзенскіх аўтараў, крышку было беластоцкіх, крышку з Віцебшчыны. Калі я гляджу на беларускія рэгіёны, дык пасля Мінска наймацнейшым літаратурным рэгіёнам і з’яўляецца Гродна, — распавёў Ян Максімюк пра свае ўражанні ад прэзентацыі ў Гродне.

Ян Максімюк паведаміў, што праект "100 словаў" будзе працягвацца, але пакуль невядомая перыядычнасць выхаду.

"Магчыма, мы пяройдзем на нейкую меньшую частотнасць. Калі будуць цікавыя тэксты, мы будзем іх публікаваць. За апошнія некалькі месяцаў у мяне раптам сфармаваўся такі “пул” — 20 – 30 аўтараў, якія пісалі рэгулярна. Але за апошні тыдзень, калі мы пачалі актыўна рэкламаваць прэзентацыі кнігі на сайце і ў сацыяльных сетках, дасылаць тэксты пачалі новыя людзі. Так што гэта дае надзею — праект будзе жыць. Нават на гэтай сустрэчы дзве ці тры асобы задэкларавалі, што паспрабуюць напісаць “100слоўе” і даслаць нам. А свежыя аўтары для мяне — гэта найбольш важна, важна, каб праект меў "народны” характар", — расказаў Максімюк.

Журналіст і пісьменнік Сяргей Астраўцоў падзяліўся сваімі ўражаннямі пра гэтую складанку твораў: "Заўсёды цікава чытаць разнастайныя кнігі, дзе мноства аўтараў, мноства тэкстаў на абсалютна розныя тэмы, каторыя перадаюць розныя пачуцці, розны погляд на жыццё, розны стан душы. Мне таксама блізкая форма ста словаў. Таму што пісьменнік рана ці поздна прыходзіць да такога згушчэння думкі, да канцэнтрацыі тэкста.

Кожны з гасцей прэзентацыі атрымаў у падарунак асобнік “100 словаў”, а гродзенскія аўтары кнігі распавялі пра свае невялічкія творы, надрукаваныя ў гэтым зборы.  

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!