436

Званарка, ультрамаратонка, мядовая самэлье: у Гродне адкрылася выстава пра жанчын, якія руйнуюць стэрэатыпы. ФОТА

20.09.2019 Крыніца: Svaboda.org

У горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця адкрылася фотавыстава пра жыхарак гораду, якіх дабіліся посьпеху ў самых розных сфэрах. Сярод гераінь — ратавальніца Калоскай царквы, ультрамаратонка і званарка.

Фотавыстава ProWomen расказвае гісторыі 9 пасьпяховых жанчын, якія руйнуюць гендэрныя стэрэатыпы.

Адна з арганізатарак выставы, кіраўніца праекту HrodnaMediaRoom, старшыня горадзенскай філіі БАЖ Вольга Корсун расказала, што апошнім часам сустракае такую рэакцыю на слова «фэмінізм», нібыта жанчыны заходзяць на тэрыторыю мужчын і забіраюць іхныя правы. Выстава стала адказам на такі погляд.

Вольга Корсун

«Ёсьць жанчыны, якія будуюць сваё жыцьцё так, як хочуць яны. Яны могуць быць натхняльным прыкладам. Яны шчасьлівыя ў тым, што яны будуюць. Мы хацелі зрабіць прыкметнымі жанчын, якія дасягаюць вяршынь, робяць горад лепшым. Падкрэсьліць, што крытэрам посьпеху не зьяўляецца пол. Можа, фэмінізм — гэта ня так страшна? Гэта магчымасьць быць сабой», — кажа Вольга Корсун.

Ірына Новік

Ірына Новік

Журналістка Hrodna.Life Ірына Новік расказала, што неўзабаве выйдзе кніга з гісторыямі гэтых жанчын.

«Я зразумела, што жанчын у гісторыі зусім не відаць. Захацелася пакінуць нашчадкам іхныя гісторыі, каб праца іх была прыкметная. Фэмінізм — гэта пра тое, каб быць шчасьлівай, рабіць выбар, ісьці сваім шляхам. Калі жанчына хоча сям’ю і дзяцей — гэта яе права і выбар. Калі яна хоча працаваць і ствараць — гэта таксама ейныя права і выбар. Тое, што жанчына сёньня можа выбіраць, — гэта выдатна», — лічыць Ірына Новік.

Анжаліка Борыс

Анжаліка Борыс

Анжаліка Борыс, старшыня не прызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі:

«Думаю, палітыка — шляхетная справа, якая павінна служыць людзям».

Вольга Вялічка

Вольга Вялічка

Вольга Вялічка, кіраўніца Горадзенскага дзіцячага госпісу:

«Я — гэта пра дзяцей. Калі ня ў госьпісе зь дзецьмі, то дома зь дзецьмі. Я іх не разьмяжоўваю — дзеці ёсьць дзеці».

Вольга Гаўрылік

Вольга Гаўрылік

Вольга Гаўрылік, кіраўніца прадпрыемства «Мядовы шлях», адзіная ў Беларусі мядовая самэлье:

«Для мяне цяжкая праца смакуе як бортніцкі мёд — гэта слодыч з горыччу дыму».

Юлія Мінчанка

Юлія Мінчанка

Юлія Мінчанка, званарка Свята-Пакроўскага сабору ў Горадні, рэгент царкоўнага хору:

«У кожнага чалавека ёсьць асабістая думка, а ў мяне яшчэ і погляд са сваёй званіцы».

Наста Трафімчык

Наста Трафімчык

Наста Трафімчык, ультрамаратонка, «Горадзенская беларусачка — 2017»:

«Калі ня ведаю, што рабіць далей, ці ўзьнікаюць нейкія складанасьці, я адразу надзяваю красоўкі, форму — і выбягаю».

Тацяна Чысьцякова

Тацяна Чысьцякова

Тацяна Чысьцякова, кіраўніца фэрмэрскай гаспадаркі, заснавальніца праекту «Акадэмія жаночага бізнэсу»:

«Мяняць сваё жыцьцё я пачала, калі мне было ўжо за 50».

Валянціна Шоба

Валянціна Шоба

Валянціна Шоба, мастачка, ляўрэатка прэміі імя Дубко (Горадня) і прэміі Тэйляра (Парыж):

«Каб выйсьці з глыбокай дэпрэсіі, трэба проста ўпарта рабіць сваю прафэсію і праз гэта вярнуцца да гармоніі. Назьбіраць кветак і намаляваць».

Наста Яроцкая

Наста Яроцкая

Наста Яроцкая, супрацоўніца ІТ-кампаніі, блогерка, лідэрка думак:

«Сацыяльныя сеткі для мяне — свабода і магчымасьць не залежаць ад колькасьці пастоў, фаловэраў і падабаек».

Алена Шчасная

Алена Шчасная

Алена Шчасная, архітэктарка, навуковая кіраўніца праектаў рэканструкцыі храмавай архітэктуры:

«Я архітэктар па жыцьці. Я трапіла ў той асяродак, дзе мне падабаецца. Ніколі не было, каб думала: „Які жах, трэба ісьці на працу“».

Гісторыі гарадзенак сабрала журналістка Ірына Новік. Фотапартрэты рабілі Кацярына Гардзеева, Людміла Лебедзь, Ільля Гелей. Арганізавалі выставу HrodnaMediaRoom, Беларуская асацыяцыя журналістаў, інтэрнэт-партал HrodnaLife.

Экспазыцыю можна ўбачыць да 4 кастрычніка.