770

«Знайсьці адваката для палітвязьня амаль нерэальна». Юрыст камэнтуе «зьнікненьне» вядомых палітычных зьняволеных

14.04.2023 Крыніца: Радыё Свабода

62 дні няма вестак ад Міколы Статкевіча. Апошні ліст Максіма Знака родным датаваны 9 лютага, Ігара Лосіка — 20 лютага. На запыты сваякоў, ці знаходзяцца яны ў ШЫЗА, у адміністрацыях калёній не адказваюць, - піша "Радыё Свабода". 

Допуск адваката да зьняволенага цалкам аддаецца на водкуп адміністрацыі калёніі.

Права асуджанага карыстацца юрыдычнай дапамогай адваката без абмежаваньняў і ў любы час прадугледжана артыкулам 10 Крымінальна-выканаўчага кодэксу (КВК) і артыкулам 62 Канстытуцыі Беларусі.

Аднак адміністрацыя калёній часта спасылаецца на частку 6 артыкула 83 КВК, паводле якой спатканьне з адвакатам даецца «па заяве» асуджанага. Пры гэтым адвакаты скардзяцца, што адміністрацыя адвольна трактуе паняцьце «заява» — выключна як пісьмовы зварот асуджанага. А таксама спасылаецца на пункт 183 «Правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў» (якія зацьверджаныя МУС): спатканьне з адвакатам можа адбыцца толькі ў непрацоўны час. А працуюць зьняволеныя часьцяком дапазна ці па зьменах.

«Асуджанага хочуць трымаць у рэжыме «інкамунікада»

На думку былога адваката, юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, на практыцы пытаньне — дапусьціць ці не дапусьціць адваката да зьняволенага — вырашае адміністрацыя калёніі.

«Заканадаўства, якое тычыцца допуску адвакатаў у месцы адбываньня пакараньня, сфармулявана такім чынам, каб паставіць непераадольны бар’ер паміж адвакатам і яго падабаронным.

Асуджанага хочуць трымаць у рэжыме „інкамунікада“ — то бок ізаляцыі, спыненьня ўсіх сувязяў са зьнешнім сьветам. Нейкага лягічнага тлумачэньня гэтаму няма, гэта проста такая адвольная норма.

І фармальныя патрабаваньні, якія ўтрымліваюцца ў нарматыўных актах, наўпрост парушаюць правы адвакатаў і правы асуджаных.

То бок пытаньне допуску адваката на тэрыторыю папраўчай установы цалкам аддаецца на водкуп адміністрацыі калёніі», — кажа юрыст Павал Сапелка.

З адсутнасьці лістоў і нядопуску адваката сваякі робяць выснову, што вязень трапіў у штрафны ізалятар

Апошні ліст ад Ігара Лосіка бацькі атрымалі 20 лютага. Праз 3 тыдні яны папрасілі адваката Арцёма Сям’янава паехаць у калёнію. 10 сакавіка адваката да Лосіка не пусьцілі — маўляў, «няма заявы асуджанага». У той жа дзень іншаму адвакату дазволілі спатканьне зь ягоным падабаронным, хоць заявы ад таго таксама не было.

3 красавіка новая адвакатка палітвязьня езьдзіла ў Наваполацкую калёнію, аднак яе таксама не пусьцілі да падабароннага. Прычыну назвалі тую ж самую: Ігар не напісаў заяву на сустрэчу з адвакатам. Абаронца 5 красавіка напісала пісьмовы запыт на спатканьне безь ягонай заявы, аднак адказу з калёніі дагэтуль няма. У той жа дзень Свабодзе стала вядома, што Лосіка другі раз запар зьмясьцілі ў штрафны ізалятар. На які тэрмін і зь якой прычыны, пакуль невядома. А адтуль нельга лісты пісаць, адваката ў ШЫЗА не дапускаюць.

Жонка палітвязьня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч нядаўна ў фэйсбуку паведамляла, што ўжо два месяцы няма ніякіх навін пра мужа. І што адказаў на яе афіцыйныя звароты ў калёнію таксама няма. Яна мяркуе, што Мікола Статкевіч працяглы час таксама знаходзіцца ў ШЫЗА.

Надзеі Знак, жонцы і адвакату палітвязьня Максіма Знака, паведамілі ў калёніі № 3 «Віцьба», што яе муж і падабаронны ў ШЫЗА.

Апошні ліст, якія блізкія атрымалі ад Максіма Знака, датаваны 9 лютага. Адвакат ня бачыў Максіма больш за два месяцы. Вядома, што Максім Знак шмат часу праводзіць у ШЫЗА.

Ці абавязаная адміністрацыя калёніі паведамляць сваякам, што асуджаны зьмешчаны ў ШЫЗА, і ці ёсьць абмежаваньні па тэрмінах знаходжаньня, запыталіся ў юрыста «Вясны» Паўла Сапелкі.

«У законах ёсьць „закрыты пералік“, што паведамляюць блізкім сваякам. Гэта пераводы з адной установы ў іншую, цяжкая хвароба. Што да зьмяшчэньня ў штрафны ізалятар, яны не абавязаныя паведамляць такую інфармацыю.

Па ўтрыманьні ў ШЫЗА няма абмежаваньняў. Даюць 10 дзён, выпускаюць, а літаральна на наступны дзень зноў зьмяшчаюць. Быў такі палітзьняволены Міхаіл Жамчужны, ён амаль увесь свой тэрмін правёў у ізалятарах», — тлумачыць юрыст «Вясны» спадар Сапелка.

«Адвакатам пагражаюць крымінальнымі справамі»

З прычыны масавых рэпрэсій, пазбаўленьня адвакатаў ліцэнзій многія палітзьняволеныя засталіся без абаронцаў. І знайсьці новага адваката вельмі цяжка — ніхто не пагаджаецца, на ўмовах ананімнасьці прызнаецца блізкі сваяк аднаго з «палітычных».

«Адвакатам, якія бароняць знакавых, вядомых асобаў, пагражаюць забаронай на выезд за мяжу, крымінальнымі справамі, іх запалохваюць. А пасьля шалёных тэрмінаў былым адвакатам Брагінцу і Данілевічу (8 і 10 гадоў калёніі) нават тыя, хто даўно абараняе сваіх кліентаў, хочуць „саскочыць“. Таму знайсьці цяпер адваката палітвязьням амаль нерэальна», — кажа суразмоўца Свабоды.

Што рабіць, калі зьняволены застаўся без адваката? Ці могуць яму прызначыць так званага дзяржаўнага абаронцу? Юрыст Павал Сапелка тлумачыць, што ў выпадку з тымі, хто адбывае пакараньне, тут ужо іншая гісторыя:

«Гаворка ідзе не пра абаронцу, бо вядзеньне па крымінальнай справе завершана, ужо ідзе працэс адбыцьця пакараньня. Тэарэтычна асуджаны мае права карыстацца паслугамі адваката. І тэарэтычна яму юрыдычную дапамогу павінны забясьпечыць. Але тут узьнікае тая ж праблема.

Калі патрэбная дапамога ў напісаньні скаргі ці атрыманьні кансультацыі, зьняволены павінен шукаць магчымасьці заключыць адпаведную дамову. У такой сытуацыі ён можа прасіць сваякоў ці сам пісаць у тэрытарыяльную калегію, кансультацыю, якая знаходзіцца паблізу, у населеным пункце. Зноў жа, мы разумеем, што гэтыя заявы могуць і не пакінуць калёнію», — кажа юрыст Павал Сапелка.

У выніку тэарэтычна зьняволены мае права на юрыдычную дапамогу без абмежаваньняў, на практыцы ўсё вырашае адміністрацыя калёніі. Часта не на карысьць таго, каму патрэбная дапамога.

Чытайце яшчэ:

«Я за тое, каб найбольш актыўныя былі знойдзены і ім далі належнае». Вялікая гутарка з Лявонам Вольскім

Вольга Класкоўская: Як тут не параноіць, калі ў ванне ляжыш, а да цябе ГУБАЗіК урываецца

Стваральніца падкаста «Вясна прыйдзе»: Меншае, што мы можам зрабіць, — гэта ведаць пра досвед людзей, якія побач з намі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!