593

Зміцер Дрыгайла: Як шукаць працу, калі табе 44 гады?

21.02.2020 Крыніца: belgazeta.by

Згубіў працу. Уладальнік сэткі IT-каледжаў не зразумеў, навошта яму зьнешнія сувязі, publicity, праца са СМІ, імідж і вось гэта вось усё. Ну, бывае. Разьвіталіся па-добраму, але без парашутаў залатых і срэбраных. І вось тут пытаньне: як шукаць працу ў 44 гады, калі ты за свае 26 гадоў кар’еры больш за два тыдні ў пошуках працы ніводнага разу ня быў? Не, рэзюмэ, натуральна, гатовыя, і акаўнты на сайтах пошуку працы ёсьць. Але ёсьць праблемы. Вось яны. Піша Зміцер Дрыгайла.

1. Пераважная большасьць працадаўцаў запрашае гатовых спэцыялістаў, якія могуць дадаць value (карысьці) тут і цяпер. Таму адмыслова пазначаюць у вакансіях «не студэнт», калі справа ня йдзе пра адмысловы разьдзел сайтаў «старт кар’еры» з адпаведнымі месячнымі заробкамі ў BYN200-250.

А таксама бальшыня кампаніяў пішуць абмежаваньні па ўзросьце — «да 35 гадоў». Чаму? Працадаўцы ды іх HR лічаць, што пасьля 40 гадоў падае працаздольнасьць супрацоўніка, яму ўсё больш складана засвойваць новыя веды й тэхналёгіі, адаптавацца ў новым калектыве, адсоўваецца ўвага на сям’ю й дзяцей, пагаршаецца стан здароўя. Гэта, між іншым, таксама бывае. Хаця далёка не заўсёды. І ёсьць контраргумэнты. Але гэтым ненапісаным правілам кіруюцца ў кампаніях.

Ці гэта азначае, што мне ўжо гадоў зь пяць таму трэба было пайсьці на пэнсію? Там, дзе справа йдзе пра вакансіі топ-мэнэджэраў, гэтага абмежаваньня няма, але й вакансіяў такіх вобмаль. Дарэчы, адмова ў прыняцьці супрацоўніка на працу па ўзросьце забароненая заканадаўча, але ў рэальным жыцьці што наўпрост у апісаньні вакансіі, што ў папярэдняй анкеце, што ў тэлефоннай размове праз простае пытаньне гэты чыньнік спрацоўвае не на карысьць таго, хто шукае працу.

2. Дарэчы, пра папярэднія анкеты. Сюрпрыз: аніхто цяпер адразу не запрашае на інтэрвію. Спачатку, нават калі вы падыходзіце на вакансію па першасных прыкметах, вас прымусяць напісаць матывацыйны ліст, выканаць тэставае заданьне, прайсьці онлайн-апытаньне й тэсты на зьнешніх адмысловых вэб-рэсурсах (акаўнты на якіх каштуюць нятанна).

Таму да гэтага этапу (размова з патэнцыйным працадаўцам) зараз не даходзіць 90% шукальнікаў працы, ім не даюць шанцу. Мне, дарэчы, таксама не давялося, хоць агулам за месяц спатрэбілася выдзеліць паўнавартасны працоўны тыдзень на праходжаньне разнастайных інтэрнэт-перашкодаў.

3. Самае істотнае: зьмяніўся мэханізм пошуку супрацоўнікаў у інтэрнэце. Кадравікі не чытаюць вашае CV, яны забіваюць пошук па ключавых словах, напрыклад «продажы», «праца з кліентамі», «рэстаран», digital marketing, «хімічная вытворчасьць», SAP, 1C, Python і г.д. А потым па дыяганалі глядзяць на два апошнія месцы працы патэнцыйнага шукальніка, а таксама на яго фінансавыя апэтыты. Калі рэлевантны досьвед быў пазначаны ў трэцім згары месцы працы, ці ня быў пазначаны пажаданы памер працы, ці HR папросту быў не ў гуморы, то пра вас аніхто ў гэтай кампаніі не даведаецца, а рэзюмэ вашае кінуць у топку. Бо пошук кандыдата — гэта працэс, на рынку небагата кампаніяў, што плацяць HR-спэцыялісту за вынік, пагатоў, за ўзровень новага супрацоўніка па сканчэньні яго выпрабаваўчага тэрміну. Часьцей кадравік атрымлівае заробак за працэс, за пастаўку прамысловай колькасьці кандыдатаў, за магчымасьць прывесьці ў офіс як найбольш прэтэндэнтаў. Так, гэта траціць каштоўны час кіраўніка й псуе яго настрой. Таму й зьявіліся гэтыя шматлікія pre-тэсты, каб хоць неяк рацыяналізаваць працэс. Праблема толькі, што часта тыя тэсты таксама ніхто не чытае.

Дык што рабіць, калі вы згубілі працу, як яе шукаць? Краіна ўваходзіць у гады рэцэсіі й зьбядненьня. Цэлыя галіны вытворчасьці знаходзяцца пад пытаньнем далейшага існаваньня. Будуць скарачэньні. У Расеі адбываюцца тыя ж працэсы, але рынак працы шырэйшы (у тым ліку ў простым сэнсе), грошай больш. Таму там адначасова з падвышэньнем пэнсійнага ўзросту, скажам, запусьцілі адмысловыя праграмы па перакваліфікацыі ды працаўладкаваньні асобаў перадпэнсійнага веку, забаранілі звальняць іх за два гады да наступленьня пэнсійнага ўзросту, калі толькі не па артыкуле за прагул ці п’янку й г.д.

У нас жа ўсе, хто ад 45 й да 65 — пад пагрозай «звальненьня назаўжды», калі можна спрабаваць уладкавацца дворнікам, ахоўнікам, кур’ерам, прачкай, грузчыкам, рознапрацоўным, касьцяляншай... На «студэнцкія» BYN200-250.

Згодна са статыстыкай, сталыя людзі шукаюць працу даўжэй, чым маладыя. Тым, каму плюс-мінус 50, адмаўляюць утрая часьцей пры адборы на вакансію. Пры гэтым у краінах «старой Эўропы» ўсё дакладна наадварот: там перавагу аддадуць чалавеку з досьведам, які ўжо мае сям’ю, дзяцей і «гісторыю хваробы». Ён будзе нашмат больш стабільна працаваць, не стане мітусіцца, шукаць новую працу з патэнцыйна вышэйшым на 100 рублёў заробкам, ён, як правіла, мае вышэйшы сацыяльны інтэлект.

Але на справе людзі пад 50 шукаюць новую працу ў сярэднім год. Куды падацца? Кадравыя агенцыі, біржы працы, сацыяльныя сэткі, networking (ці знаёмыя, то бок «сарафаннае радыё»), сайты кампаніяў, што падабаюцца, якія часьцяком пішуць наўпрост у сябе на сайце свае вакансіі ды электронныя адрэсы з тэлефонамі. Гэта — магчымасьць абмінуць фільтр кадравікоў ці зьнізіць яго ўплыў. Калі праз сайт вакансіяў - дык напішыце яскравы матывацыйны ліст на тры-чатыры сказы, маўляў, кампанія мне падабаецца, я ёй падыходжу й хачу ў ёй працаваць, не вагаюся, маю сям’ю, жыцьцёвы й працоўны досьвед, файна выглядаю й стылёва апранаюся. А калі возьмеце, дык дам рады ў такіх і гэткіх пытаньнях.

Празь месяц пошуку працы праз сайт вакансіяў мяне запрасілі на першае сумоўе. У кампанію сэткавага маркетынгу, што рэалізуе кітайскія БАДы й масажоры Tiens і хаваецца за фармулёўкай «прадстаўніцтва буйной міжнароднай кампаніі». Запрасілі мэнэджэрам па распаўсюдзе, што было схавана за фармулёўкай «адміністратыўны кіраўнік»... Працу я знайшоў. Але не гэтую. І не праз сайты пошуку працы. Гэта не азначае, што ня трэба трымаць там інфармацыю пра сябе: ёсьць выпадкі, калі ўсё ўдаецца і людзі знаходзяць працу менавіта так, з вуліцы, «у халодную». Але так бывае, нажаль, радзей, чым праз знаёмых.

Трэба яшчэ дадаць, што калі сталаму чалавеку шукаць працу праз сайты вакансіяў, то неабходна зрабіць некалькі варыянтаў рэзюмэ, у адпаведнасьці з галінамі, у якіх чалавек мае досьвед: скажам, асобнае — пад продажы, асобнае — пад PR, асобнае — пад журналістыку, асобнае — пад навучаньне й выкладаньне, і асобнае — пад апэрацыянае кіраўніцтва праектамі. Гэта патрэбна для таго, каб кадравікі, што, памятайма, не праглядаюць рэзюмэ цалкам, пабачылі толькі тое, што ім патрэбна.

Галоўнае — не здаваца й грукацца. Пакуль ня возьмуць. Бо ў нашай эканамічнай сытуацыі, па-мойму, лепей працаваць, чым не працаваць. А то адна з маіх знаёмых не працуе ўжо 20 гадоў, седзячы на шыі ў былога (!) мужа, і ўсім знаёмым сур’ёзна заяўляе: «Затое я мае пачуцьцё свабоды». Ад працы - так. А ва ўсім астатнім?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!