НЕ - ВАЙНЕ!
1376

Змаганне за шчырае інтэрв’ю

07.07.2016 Крыніца: Эрын Банко, рэпарцёр для “International Business Times” на Блізкім Усходзе. Пераклад ГА "БАЖ"

У чатырохпакаёвай кватэры ў Антак’і, гарадку на мяжы Турцыі і Сірыі, недзе з 15 чалавек сядзелі на матрасах на падлозе. Было каля 10 вечара, і салдаты са Свабоднай сірыйскай арміі, паўстанцкай групы апазіцыі ў Сірыі, планавалі сваё чарговае падарожжа ў краіну. З дальняга пакою даносілася клацанне металу: маладзейшыя навабранцы збіралі калашнікавых і ручныя гранатамёты.

Вокладка справаздачы Камітэта абароны журналістаў "Напады на прэсу. Гендэр і свабода прэсы ў свеце".

Гэта было маё першае інтэрв’ю з ваенным камандзірам – не толькі ў Сірыйскай вайне, а наогул у вайне. Мне было 22, выглядала на 15, а адчувала сябе старэйшай. У той час я не да канца разумела вайну. У мяне не было сяброў з войска, і я не ведала нікога асабіста з тых, хто змагаўся ў Сірыі. Аднак я прыехала туды разам з яшчэ адной журналісткай і сірыйскім мужчынам-фіксерам, каб узяць інтэрв’ю ў Рыяда Аль-Ахмеда, камандзіра батальёна ў Свабоднай сірыйскай арміі.

Нам дазволілі зрабіць інтэрв’ю толькі ўвечары, у доме ў Антак’і, дзе байцы спыніліся перадыхнуць пасля бою. Аль-Ахмед быў адным з наймагутнейшых камандзіраў вясной 2012 года. Ён збег з Сірыйскай арміі, якой камандаваў прэзідэнт Башар Асад, у лістападзе 2011-га; у 2013-м яго забілі.

Калі вясной 2012-га я ўвайшла ў той дом, я была гатовая адчуць пэўную няёмкасць. Была высокая верагоднасць, што гэтыя мужчыны будуць успрымаць мяне як маладую іншаземку, пры нашых з імі адрозненнях у поглядах на гендар. Я нервавалася і запіналася на пытаннях.

Але я зусім не чакала, што мяне будуць амаль цалкам ігнараваць, нягледзячы на тое, што я прадставілася па-арабску і пачала нязмушаную размову; мужчыны ў пакоі былі відавочна зацікаўленыя гаварыць з фіксерам-мужчынам.

Найбольш няёмка было чуць пытанні, якія яны задавалі, заўважаючы маю прысутнасць.

“Ваў, ты такая маладая, – сказаў Аль-Ахмед. – Ты першая жанчына, якая бярэ ў мяне інтэрв’ю”. Потым ён задаваў пытанні, якія я чую ад усіх мужчын-салдат, у якіх я бяру інтэрв’ю: “Ты замужам, дзеці ёсць?” Я заўсёды адказваю аднолькава: так і так. Насамрэч, я не замужам, і дзяцей у мяне няма.

Старэйшая карэспандэнтка параіла мне насіць увесь час заручальны пярсцёнак і фота дзяцей у сумцы, на ўсялякі выпадак. Яна сказала, што нейкім чынам гэта “прымушае салдат больш цябе паважаць”. Здаецца, спрацавала. Інтэрв’ю прайшло гладка, пасля таго як я задаволіла цікаўнасць Аль-Ахмеда і расказала яму пра несапраўдных дашкольнікаў, якія чакалі мяне дома.

Праз усё інтэрв’ю я востра ўсведамляла той факт, што не адпавядаю сітуацыі. Я была маладая, і я была жанчынай – дзве характарыстыкі, якія пастаянна стваралі праблемы праз усю маю кар’еру.

Размаўляючы з каляжанкамі ў нашай тэме, якія асвятлялі падзеі ці з плошчы Тахрыр ў Каіры, ці з Халеба, ці з Багдада, ці з таго ж дома ў Антак’і, я ўвесь час мела гэтае навязлівае адчуванне, якое суправаджала нас у працы на Блізкім Усходзе: людзі вакол нас, у тым ліку і многія салдаты-мужчыны, якія былі нашымі крыніцамі інфармацыі, успрымалі наш гендар так жа, як і нашу маладосць і нявопытнасць.

Першае такое адчуванне ўзнікла ў інтрэрв’ю з Аль-Ахмедам. Я даведалася, што былі некаторыя дэталі ў тым інтэрв’ю, якія ён стрымаў або перакруціў.

Інтрэрв’ю з Аль-Ахмедам цягнулася недзе тры гадзіны. Я задала ўсе пытанні, што былі запісаныя ў маім блакноце, і ён даў мне інфармацыю, якую я на той момант лічыла сакрэтнай і каштоўнай. Праз некалькі гадоў, як ён ужо памёр, я даведалася, што некаторыя дэталі ён перабольшыў. Ён быў не тым, кім сябе называў. Калі я вярнулася, каб асвятляць яго гібель, то даведалася, што ён мне хлусіў, а праўду сказаў майму калегу-мужчыну, які быў усяго на некалькі гадоў старэйшы за мяне.

Я ніколі не разумела, чаму многія мужчыны-салдаты, якіх я сустракала на Блізкім Усходзе, мелі схільнасць перабольшваць свой статус, сваю ролю ў бітвах і падзеі, якія адбываліся вакол некаторых бітваў. Можа, яны думалі, што я ніколі не даведаюся праўды. Можа, яны хацелі ўразіць мяне. Ці, можа, хацелі быць заўважанымі ў прэсе. Як бы там ні было, гэта здаралася пастаянна на працягу пяці мінулых гадоў.

Адзін з салдат пад кіраваннем Аль-Ахмеда выказаў здагадку, што, магчыма, я не змагу адрозніць праўду ад хлусні, калі не буду праводзіць час побач з салдатамі на лініі фронту. Ён намякаў на тое, што я павінна рабіць тое самае, што і мужчыны-рэпарцёры, каб заваяваць павагу.

І таму я пачала ўкараняцца сярод паўстанцаў ў Сірыі і Іраку, дзе заслужыла павагу ад сваіх ваенных крыніцаў; гэты этап мае калегі-мужчыны проста абміналі -- яны проста садзіліся для інтэрв’ю ў тым жа доме ў Антак’і і "аўтаматычна" атрымлівалі павагу і чулі праўду ад свайго суразмоўцы.

Калі я даехала да франтавой лініі, то адчула абсалютна адрозны тон маіх суразмоўцаў. Там мужчыны-байцы казалі: “Добра, што вы дабраліся сюды” або “Цяпер, магчыма, вы лепей разумееце”.

З іншага боку, мае калегі-мужчыны сутыкаюцца са складанасцю ў размовах з кабетамі, асабліва ў цяжкіх умовах пражывання – лагер бежанцаў, зона канфлікту, трэніровачны лагер. Як жанчына я магу атрымаць доступ да жанчын і дзяўчат, якіх часта просяць пасядзець у бакавым пакоі, пакуль іх бацька, брат або дзядзька даюць інтэрв’ю. Я магу сесці з маці і яе дзецьмі сам-насам, без мужа, і шчыра з ёй пагаварыць. Я магу спытаць яе пра штодзённыя справы, пра тое, як яна спраўляецца тут. Жанчыны часта адчуваюць сябе ўтульна, калі сядзяць і размаўляюць са мной, расказваюць пра свой псіхічны стан і змаганне з посттраўматычным стрэсам. Яны расказваюць пра бяссонныя ночы і абассаны ложак, калі міма пралятае самалёт. Яны больш кафортна размаўляюць з журналісткамі з-за падзелу паміж мужчынамі і жанчынамі ў іх культуры. Гэты давер дае мне доступ да гісторый з больш шырокім наборам наступстваў ад канфлікту, чым той, які маюць журналісты ў інтэрв’ю з салдатамі.

Я часова апынулася ў палатцы ў лагеры ўцекачоў на мяжы Сірыі і Турцыі, размаўляючы з жанчынай з трыма дзецьмі. Фаціма жыла ў лагеры ўжо амаль год. Яе муж у Халебе змагаўся з групоўкай Ісламскай дзяржавы. Яна была ў лагеры адна, без грошай і без надзейных спосабаў здабыць ежу для дзяцей.

Нягледзячы на яе здольнасць адкрыта гаварыць пра сэксуальны гвалт у лагеры, пра адсутнасць мужа, яна таксама ва ўпор спытала мяне: “Ты замужам, дзеці ёсць?”

Фаціма задала гэта пытанне ў той жа дзень, як я даведалася праўду пра Аль-Ахмеда. Калі яна спытала, я заўсміхалася, здзіўленая тым, што яна задавала тыя ж самыя пытанні, на якія я адказвала салдатам-мужчынам. Але на гэты раз я сказала праўду. Можа, я прызнавала гендарны падзел, з якім сутыкнулася падчас інтэрв’ю на Блізкім Усходзе, давяраючы жанчыне і выкрэсліваючы Аль-Ахмеда.

Праз гады працы і незлічоных інтрэв’ю з мужчынамі і жанчынамі на Блізкім Усходзе я ўсвядоміла, што тыя два адказы не мелі такой вагі, як мне здавалася. Аль-Ахмед усё роўна схлусіў, што падштурхнула мяне паехаць на франтавую лінію і пабачыць усё на свае вочы. А з Фацімой мая праўда дазволіла ёй больш даверыцца мне.

У верасні 2015 года я два тыдні асвятяла падзеі ў Мюнхене і Будапешце, дзе брала інтэрв’ю ў дзяцей, якія ў адзіночку, без суправаджэння дарослых, патрапілі ў Еўропу з такіх месцаў, як Сірыя і Ірак.

У Мюнхене я сустрэла хлопчыка Алі 15 гадоў, які прыехаў у Еўропу з Сірыі. Яго таемна правезлі ў Германію з надзеяй, што знойдуць спосаб пазней прывезці і яго бацькоў.

Ён расказаў мне пранізлівыя гісторыі пра скрадзеныя пашпарты і пра незаконны правоз усяго на свеце, якія маглі паставіць яго пад пагрозу. Праз усяго два дні ён даверыўся мне дастаткова, каб расказаць свету пра сваю гісторыю. Я праверыла гісторыю Алі праз нямецкія ўлады і яго сяброў, што падарожнічалі з ім. Усё, што ён сказаў мне, было дакладным, нічога не перабольшана.

Я адкрыла, што адзіныя людзі, якіх я апытвала на Блізкім Усходзе падчас вайны і якія заўсёды казалі праўду незалежна ад гендару, – гэта дзеці. Хаця бывае цяжка атрымаць да іх доступ, каб пагаварыць, але дзеці могуць быць шчырымі, нават калі хлусня можа прынесці ім выгаду.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!