404 0

Зінаіда Цімошак: Я займаюся праблемамі, калі людзі гатовыя пра іх не толькі расказваць, але і самі нешта рабіць

05.06.2018 Крыніца: Гутарыў Барыс Гарэцкі

У Беларусі нярэдкія выпадкі, калі, дзякуючы розгаласу ў медыя, удаецца вырашыць сур'ёзныя людскія праблемы. Дзесьці насустрач ідзе ўлада, дзесьці знаходзіцца неабыякава мецэнат. Кітом дапамогі сацыяльным праектам у апошнія гады стаў часопіс “Имена”. Але, напэўна, у кожнай рэдакцыі могуць прыгадаць гісторыі, калі журналісцкая публікацыя паспрыяла вырашэнню праблемы.

Сапраўдным народным журналістам Случчыны можна назваць карэспандэнтку “Новага Часу” Зінаіду Цімошак. Яна можа распавесці больш за дзясятак гісторый, калі публікацыі ў газеце дапамаглі людзям.

Карэспандэнтка газеты “Новы Час” Зінаіда Цімошак

— Вось адна простая гісторыя. Некалькі гадоў таму ў вёсцы Праснакі Капыльскага раёна ўлады адчынілі дзіцячы садок. Першы час садок працаваў толькі для чатырох выхаванцаў, потым дзяцей у ім стала болей.

І вось улады вырашылі нешта “аптымізаваць”: нядаўна адрамантаваны садок зачыніць, а дзяцей перавесці ў садок у Грозава — за 6 кіламетраў. Жыве ў вёсцы Праснакі Яўгенія Ўласевіч. Яна адна выхоўвае чатырох дзяцей і працуе памочнікам выхавацельніцы. Двое яе дзяцей наведвалі яслі-сад.

Жанчына казала “Бывае, што дзіця захварэе і яго трэба тэрмінова забраць з садка. Да Грозава — 6 кіламетраў, а ў мяне няма асабістага транспарту. Ды ладна тэрмінова забраць, нават на бацькоўскі сход будзе праблемна патрапіць”.

У такі светлы і ўтульны сад дзеткі ходзяць з задавальненнем

Да мяне звярнуліся людзі і я вырашыла разабрацца. Дзіцячы садок сямейнага тыпу зрабілі калісьці, на мой погляд, каб “пусціць пыл у вочы” кіраўніку Мінскай вобласці Сямёну Шапіру, які прыехаў на адкрыццё. А праз чатыры гады палічылі і вырашылі, што выдаткі на выхаванцаў атрымліваюцца занадта вялікія. Вердыкт: садок зачыніць, а дзяцей — у Грозава.

Мясцовыя жыхары мой артыкул нават на прыём да старшыні райвыканкама вазілі. Вельмі перажывалі за гэту сітуацыю.

Улады падумалі-падумалі і вырашылі садок не зачыняць. А зусім нядаўна нават завезлі дзецям новыя развіваючыя цацкі.

Яшчэ адна мая публікацыя дапамагла істотна вырашыць праблему з электрычнасцю і пітной вадой у вёсцы Радзічава пад Слуцкам.

Пасля гэтай публікацыі ў вёсцы Бязверхавічы прыбралі з дарог цэментныя слупы, якія не давалі жыхарам доступу ў лес і на рэчку.

Яшчэ адна публікацыя летась тычылася могілак у вёсцы Варкавічы, дзе зусім не стала месца для пахавання, а хаваць працягвалі. Ледзь не пад плотам у людзей. На скаргі людзей старшыня выканкама толькі бадзёра распавядаў, што абмяжоўваецца высяканнем дрэў і добраўпарадкаваннем. А тэрыторыя могілак ушчыльную падступіла да гарода мясцовых жыхароў.

“Дзеці і ўнукі баяцца сюды прыязджаць. Кажуць, што я ўжо жыву на магілах. І не хочуць праводзіць адпачынак побач з памерлымі”, — казалі вяскоўцы.

У выніку мясцовыя ўлады таксама пайшлі насустрач і выдзелілі месца для пахаванняў у суседняй вёсцы.

Людзі часта просяць у журналістаў дапамогі. Тут дзейнічае сапраўднае сарафаннае радыё: даведваюцца, што, дзякуючы маёй настойлівасці і маім публікацыям, сітуацыя змянілася, дзеляцца маімі кантактамі, тэлефануюць, просяць дапамагчы.

Я заўсёды імкнуся разбірацца ў вострых праблемах. Але апошнія гады выпрацавала для сябе правіла: займацца тымі тэмамі, дзе людзі гатовыя пра іх расказваць і маюць намер нешта рабіць самі. Каб не было так, што ты пра іх нешта пішаш, а яны пры першых жа пагрозах хаваюць галаву ў пясок і просяць сябе не ўзгадваць.

Калі нешта з’яўляецца для вас праблемай, расказвайце, паведамляйце — будзем разбірацца!

Каментары