2887

Журналісты пра справу Пальчыса

13.10.2016 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

Заўтра Мінскі гарадскі суд пачне разглядаць крымінальную справу аўтара сайта 1863x.com. Эдуарда Пальчыса вінавацяць у распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў (арт. 343 КК).

Эдуард быў затрыманы ў студзені гэтага года ў Расіі, а потым перададзены беларускім уладам. Такім чынам хлопец праседзеў за кратамі ўжо 9 месяцаў —  час, пакуль ішло следства. Цікава, што апальныя матэрыялы, у вырабе якіх вінавацяць хлопца, незразумелым чынам ужо даўно зніклі з інтэрнэту. Хоць судовае рашэнне пра прызнанне іх экстрэмісцкімі яшчэ не ўступіла ў законную сілу.

Днямі блогер Антон Матолька выклаў у сеціва адцэнзураваныя скрыншоты аднаго з артыкулаў, за які заўтра будуць судзіць Пальчыса.

Прэс-служба ГА “БАЖ” пацікавілася ў калег, што яны думаюць пра справу супраць Эдуарда Пальчыса і якога чакаюць вердыкту.

Аляксандр Класкоўскі

— У справе супраць Пальчыса я бачу выразны палітычны кантэкст. У артыкулах на 1863x.com Эдуард даваў даволі жорсткі адказ на экспансію “рускага свету”, асабліва пасля анэксіі Крыма Расіяй. Што ж тычыцца абвінавачанняў у вырабе парнаграфіі, то гэта — стандартны брудны прыём у выпадку такіх спраў. Звычайна дадатковыя абвінавачанні ўзнікаюць тады, калі хочуць каго-небудзь проста “заканапаціць” у турму. У вачах жа беларускай дэмакратычнай супольнасці і Захаду пераслед Пальчыса — гэта пакаранне за тое, што выступаў супраць імперскіх замашак Расіі.

Што тычыцца магчымага прысуду, то акурат жорсткі прысуд Пальчысу, я лічу, зараз вельмі не выгодны для афіцыйнага Мінска. Гэта можа папсаваць далейшыя адносіны з Захадам у той час, калі Беларусі вельмі патрэбны грошы і магчымасці для палітычных манеўраў у Еўропе. Таму, думаю, Эдуарда Пальчыса ўсё ж прызнаюць вінаватым, бо не можа ж суд прызнаць, што чалавек проста так сядзеў за кратамі ні за што. Але пакаранне не будзе звязана з новым турэмным тэрмінам. Магчыма, зробяць так, каб абмежавацца тэрмінам, які Пальчыс ужо адбыў за кратамі.

Анджэй Пачобут

— Гэта выключна палітычная справа. Гэта бачна нават па тым, што слуханні па ёй зрабілі закрытымі. Калі б суд хацеў паказаць справядлівасць працэсу, можна было б у закрытым рэжыме разглядаць толькі нейкія часткі справы.

Я чытаў матэрыялы сайта 1863x.com. Гэта сапраўды вельмі вострая рэакцыя на націск “рускага свету”, асабліва пасля падзеяў ва Украіне. Артыкулы Пальчыса — гэта адказ на расійскі прапагандысцкі наступ, але распальвання варожасці я там не ўбачыў. І парнаграфіі тым больш.

Віталь Цыганкоў

— Я наогул выступаю супраць існавання гэтага артыкула пра распальванне варожасці ў Крымінальным кодэксе Беларусі. Ёсць дзве глабальныя традыцыі адносна свабоды выказвання — амерыканская і еўрапейская. У Амерыцы, напрыклад, ніхто нікога не прыцягвае да адказнасці нават за антысеміцкія публікацыі. У Еўропе крыху іншая прававая традыцыя, асабліва яна праяўляецца апошнім часам ў нашым рэгіёне. Але, на мой погляд, распальванне якой-кольвек варожасці, калі няма заклікаў да гвалтоўных дзеянняў, — гэта максімум адміністрацыйная адказнасць.

Што тычыцца канкрэтна справы Эдуарда Пальчыса, то тут я бачу абсалютна выбарачную палітыку беларускіх уладаў. Бо, калі паглядзець інтэрнэт, мы бачым, што многія людзі значна больш жорстка пішуць пра Украіну. Але іх ніхто да адказнасці не прыцягвае.

Зміцер Панкавец

— Пальчыса адназначна асудзяць, бо мы добра ведаем, які працэнт апраўдальных рашэнняў выносяць беларускія суды. Але я перакананы, што ніякага крыміналу ў артыкулах Эдуарда не было. 1863x.com — гэта патрыятычны сайт, па якім Пальчыс спрабаваў ярка, часам нават у правакацыйнай форме адказваць на выкіды расійскай інфармацыйнай прасторы. Трэба сказаць, што часам Пальчысу гэта ўдавалася.

Але за межы заканадаўства ён не выходзіў. Што тычыцца парнаграфіі, якую ён нібыта распаўсюдзіў — гэта наогул, я лічу, ідыятызм.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!