140 0

Журналіст і пісьменнік Сяргей Чыгрын выдаў кнігу “Слонімскія гісторыі” пра выбітных землякоў

10.10.2017 Крыніца: Мікола Канановіч для baj.by

“Слонімскія гісторыі” — так называецца новая кніга сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" і Саюза беларускіх пісьменнікаў, пісьменніка, журналіста і краязнаўцы са Слоніма Сяргея Чыгрына, якая днямі пабачыла свет у сталічным выдавецтве “Кнігазбор”.

Калі перафразаваць вядомае выслоўе “Ні дня без радка!” у адносінах да Сяргея Чыгрына, то атрымаецца “Ні года без кнігі!”. Бо, сапраўды, апошнюю пяцігодку ў гэтага аўтара штогод выходзяць у свет па некалькі новых кніг.

Але кожная кніга — адметная і дарагая пісьменніку па-свойму. Сёння мы гутарым, без перабольшвання, з самым слонімскім аўтарам пра яго “Слонімскія гісторыі”.

— Сяргей, раскажы крыху тваім чытачам, як узнікла ідэя напісаць “Слонімскія гісторыі” і як пісалася гэтая кніга?

— Ідэя ўзнікла вельмі проста. Мне захацелася сабраць свае артыкулы пра слонімцаў і Слонімшчыну, якія былі напісаныя за апошнія два гады і друкаваліся ў розных перыёдыках, але не патрапілі ў ранейшыя мае кнігі. Пачынаецца кніга артыкулам пра Рыгора Акулевіча (1907–1974), забытага сёння былога дзеяча Заходняй Беларусі, а пасля эмігранта ў Канадзе, які займаўся выдавецкай справай і пісаў для беларускіх эмігранцкіх выданняў.

Раней я шмат пісаў пра слонімскага паэта Гальяша Леўчыка (1880–1944), але ў гэтую кнігу увайшоў артыкул пра жыццё варшаўскай моладзі ў першай палове мінулага стагоддзя, калі там жыў Гальяш Леўчык. І яшчэ шмат у гэтай кнізе іншых гісторый ураджэнцаў Слонімшчыны.

Падчас працы над кнігай я зразумеў, што асноўным, скразным матэрыялам “Слонімскіх гісторый” становіцца артыкул “Яе дапытваў Цанава”  пра колішнюю студэнтку Віленскай беларускай гімназіі, супрацоўніцу Беларускай Цэнтральнай Рады падчас Другой сусветнай вайны Еўдакію Казлову (1917 – 1983).

Мне ўдалося звязацца і сустрэцца з сынам Еўдакіі Казловай, які паказаў мне шмат дакументаў і фотаздымкаў пра маці і бацьку. Бо муж Еўдакіі Казловай таксама вельмі неардынарная асоба ў беларускай гісторыі — сябра ЦК Беларускай незалежніцкай партыі, удзельнік Першага штурмавога звязу, афіцэра Беларускай краёвай абароны, намеснік старшыні Беларускай самапомачы, удзельнік дэсанцкага батальёна “Дальвіц” Рыгор Зыбайла (1913 – 1987). Цікава, што пасля допыту ў Цанавы Еўдакія Казлова (наша Дуня, як калісьці называў яе Анатоль Іверс) выйшла на свабоду, яе адпусцілі. Бо звычайны шлях суразмоўцаў Цанавы быў тады ў ГУЛАГ…

— Гістарычны прамежак часу, які ахопліваюць расказаныя ў кнізе гісторыі, — ад ХІХ стагоддзя да нашага часу. Чым абумоўлены такі аўтарскі выбар?

— Сапраўды, у кнізе ёсць артыкулы пра гісторыю слонімскага водаправода, пра палац Слізеняў у Новадзевяткавічах, якія бяруць пачатак у ХІХ стагоддзі, ці, напрыклад, новыя даследаванні пра жонку Янкі Купалы Уладзіславу Луцэвіч, пра заходнебеларускіх паэтаў Анатоля Іверса, Валянціна Таўлая, Язэпа Крыгу, Маладога Дубка, пра першага протаігумена ўсходняй місіі і суперыёра законнага дому айцоў-езуітаў у Альбярціне каля Слоніма Уладзіміра Пянткевіча, пра слонімскіх фатографаў, якія жылі і дзейнічалі ў ХХ стагоддзі, і ажно да згадкі пра скульптара Леаніда Богдана, які трагічна загінуў сёлетняй вясной.

А выбар абумоўлены маёй зацікаўленасцю ў працы над гэтымі тэмамі ў архівах апошнія некалькі гадоў ды асабістымі стасункамі з сучаснікамі.

— І традыцыйнае апошняе пытанне. Якія кнігі ў бліжэйшы час варта чакаць чытачам Сяргея Чыгрына?

— Цяпер мы рыхтуем разам з сябрам БАЖ Уладзімірам Хільмановічам — павінны здаць да канца года ў друкарню — шыкоўна ілюстраванае выданне  “111 вялікіх асобаў Гарадзеншчыны”.

Кніга павінна з’явіцца ў першай палове наступнага года. Паралельна заканчваю працу над укладаннем літаратурнай спадчыны паэта Тодара Лебяды (1914–1970), які ў пачатку 1960-х гадоў жыў у Слоніме і працаваў рэзчыкам паперы на Слонімскім кардонна-папяровым заводзе. Гэта будзе, канечне, кніга аўтарства Тодара Лебяды. Я тут толькі ўкладальнік, напісаў прадмову і каментар да кнігі. Гэта планы на бліжэйшы час. А наогул, у мяне ў хатнім архіве назапашана ўжо столькі матэрыялаў, што на іх аснове можна пісаць кнігі дзесяткі гадоў, не выходзячы з кватэры… Было б толькі здароўе і творчае гарэнне. 

Фота з архіва аўтара

Каментары