2758

Журналіст і галоўны рэдактар: як паразумецца? (Серыя №6)

16.05.2013

Працягваем серыю публікацый, у якіх збіраем меркаванні “журналістаў-начальнікаў” і “журналістаў-падначаленых”.

Якія плюсы і мінусы бачаць адзін у адным кіраўнікі і шараговыя супрацоўнікі рэдакцый?

Рэдактары і журналісты, меркаванні якіх фігуруюць у адным матэрыяле, працуюць у розных СМІ.

Сяргей Вазняк (Галоўны рэдактар газеты «Товарищ»):

Паколькі я – рэдактар партыйнай газеты, тут ёсць спецыфіка. У такой газеце можа паспяхова працаваць альбо чалавек партыйна перакананы, альбо хаця б лаяльны да ідэалогіі гэтай партыі.

Кепска, калі гэтая лаяльнасць пераходзіць у артадоксію. Журналіст, нават падзяляючы пэўныя погляды, мусіць памятаць пра існаванне іншых перакананняў, бо ў газеце павінныя быць прадстаўленыя розныя пункты гледжання. Партыйную газету лёгка зрабіць «баявым лістком», а яна ім быць не павінная. Яе мусяць чытаць не толькі сябры партыі – інакш у ёй проста няма ніякага сэнсу.

У сяброўскім калектыве чалавек працуе не толькі за аплату альбо з-за таго, што абавязаны гэта рабіць, але і сам перажывае за агульную справу. Таму для мяне заўсёды важна ўсталяваць сяброўскія дачыненні з падначаленымі. Я магу быць строгім, пакрычаць ды памацюкацца, але я стараюся бачыць у падначаленым найперш чалавека, у якога ёсць моцныя, слабыя бакі, асабістае жыццё, і г.д. То бок, са мной дамовіцца заўсёды можна.

Калі выбудаваць жорсткую схему «начальнік–падначалены», то цяжка дабіцца творчай атмасферы. Вось я хачу, каб і мяне людзі ўспрымалі не толькі як начальніка (натуральна, выконваючы пэўныя патрабаванні і задачы), але яшчэ і бачылі ўва мне таварыша – няхай сабе і старэйшага. Газета – гэта гарачы цэх, дзе можна нічога не рабіць дзень-два-тры, а потым за дзве гадзіны аўрал... І я хачу, каб можна было сваім падначаленым сказаць: рабяты, сёння ноччу трэба папрацаваць, і каб гэта спакойна ўспрымалі і ніхто коса не глядзеў. 

Журналіст 1:

Уважлівае і паважлівае стаўленне да працы журналістаў 

Правільная і справядлівая матывацыя працы журналіста

Зацікаўленасць у тэхнічным развіцці рэдакцыі

Неабгрунтаваная праўка тэкстаў і загалоўкаў

Адсутнасць правільнай матывацыі журналістаў

Адарванасць ад рэальнага жыцця.

Яніна Мельнікава (рэдактарка сайта mediakritika.by)

Мне цяжка казаць пра досвед рэдактарскай працы – я, хутчэй, выконваю функцыі каардынатара праекту Mediakritika.by. Можа, таму мой погляд на працу журналістаў можа адрознівацца ад погляду калегаў-мэтраў.

З плюсаў журналістаў, якія сапраўды вельмі дапамагаюць рэдактару, магу адзначыць:

Адказнасць. Вельмі імпануе, калі людзі не толькі абяцаюць нешта напісаць, але робяць гэта ў абумоўлены тэрмін. Прыемна бачыць тэкст у скрыні, які прыйшоў за некалькі гадзін да поўначы. Гэта азначае, што чалавек сапраўды сумленна ставіцца да працы і вельмі хвалюецца за дадзенае абяцанне.

Ініцыятыўнасць. Добра, калі не толькі ты раздаеш заданні, але і табе прапаноўваюць цікавыя тэмы і цікавых людзей. Адчуваеш, што журналісту таксама неабыякава, што ён “заўзее” за агульную справу.

Пісьменнасць. Важны чыннік, бо не маем уласнага карэктара. Ну і ўвогуле – гэта пытанне ўзроўню адукацыі, эрудыцыі журналіста і г.д.

Павага да калегаў. Гэта, канешне, палягае не ў сферы прафесійных стандартаў, а ў сферы чалавечых якасцяў – выхаванасці, гатовасці прыйсці на дапамогу, здольнасці калі і крытыкаваць каго, дык толькі з любоўю. Мы заўсёды з нашымі аўтарамі кажам: "мачыць" – гэта не наш метад. Мы любім сваю аўдыторыю, то бок кожнага канкрэтнага журналіста. Нават калі і крытыкуем.

Мінусы? Пра іх можна пісаць шмат, а можна нічога :)

Галоўны мінус – неабавязковасць. Сутыкаючыся з абяцанкамі, якія не выконваюцца ў працоўнай сферы, хутчэй за ўсё, буду думаць, што і ў чалавечых стасунках на гэтага чалавека цяжка будзе спадзявацца. Хоць сітуацыі, канешне, бываюць розныя.

Канфліктнасць. Бывае, аўтар ледзьве не з першага дня супрацы займае пазіцыю: “Толькі паспрабуй не надрукуй”, ці “Толькі я маю рацыю і іншых слухаць не буду”. Лічу, што для журналіста такія паводзіны непрымальныя. Нават калі ўласную калонку пішаш, не мусіш ставіцца да іншага меркавання як да бязглуздзіцы.

Неахайнасць. Гэта нават горш, чым непісьменнасць. Бачыш, што чалавек зрабіў працу абы-як: скапіяваў са скрыні ці скайпу тыя пытанні, які ты параіла задаць, кінуў іх свайму візаві, атрымаў сырыя адказы і кінуў табе. Рэдагуеш і разумееш, што журналіст вырашыў, што ягоная місія – “снарады паднесці”, а рэдактар ужо разбярэцца. Шкада свайго часу, часу таго, з кім размаўлялі. Прыводзіш артыкул да ладу.

Журналіст 2:

Схільнасць да самадурства, валюнтарызму

Дэмакратычнасць, прафесіяналізм, увага да журналістаў

Мужнасць, уменне адстойваць праўду пад ціскам улады

Добрыя арганізатарскія здольнасці.