5349

Журналіст і галоўны рэдактар: як паразумецца? (Серыя №2)

21.02.2013 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Працягваем серыю публікацый, у якіх збіраем меркаванні “журналістаў-начальнікаў” і “журналістаў-падначаленых”.     

Якія плюсы і мінусы бачаць адзін у адным кіраўнікі і шараговыя супрацоўнікі рэдакцый?

Рэдактары і журналісты, меркаванні якіх фігуруюць у адным матэрыяле, працуюць у розных выданнях.

Рэдактар 1 (Аляксей Кароль, “Новы час”) назваў:

Схільнасць да прафесіі, здольнасць пісаць. Ёсць два вядомыя выслоўі: “Ні дня без радка” і “Можаш не пісаць – не пішы”. Калі табе бліжэй другое – лепш не пісаць.

Адукаванасць, паглыбленыя веды ў той сферы, на якой ты спецыялізуешся, і шырокі кругагляд – каб арыентавацца ў жыцці і ва ўчынках людзей.

Добразычлівасць у дачыненні да людзей, здольнасць спачуваць ім. Інакш тэксты будуць сухімі, не знойдуць водгуку.

Сумленне. Бо журналіст без сумлення ў пераломныя моманты можа ператварыцца ў “суперфасфатава”. І ад гэтага толькі шкода людзям і грамадству.

Якасці, адваротныя вышэйназваным.

Журналіст 1 : 

Калі праца журналіста ператвараецца ў руціну, знікае матывацыя. Я кажу не толькі пра матэрыяльны бок. Хочацца, каб кіраўнік неяк падштурхнуў журналіста – даў яму новы кавалак працы, новы ўчастак, новыя перспектывы...  Мне здаецца, што многія рэдактары проста не ставяць перад сабой і перад рэдакцыяй задачы – і па тэкстах, і па наведвальнасці, і па чытачах. Няма арыентыраў – куды ісці, што рабіць? Начальнік павінен умець у час пахваліць, у час трошкі асадзіць. Калі ты працуеш і не бачыш, як твая праца ўздзейнічае (напрыклад, зрабіў добрую працу, а рэакцыі ніякай няма) – губляеш стымул.

Рэдактар павінен быць чалавекам, з якім журналісту камфортна. Зразумела, што субардынацыя мусіць быць. Але час ад часу, у нейкія цяжкія моманты – панурасць, застой – трэба ўмець і па душах пагаварыць. Калі карпаратыў ці нешта такое – рэдактар павінен умець станавіцца на адзін з табой узровень.

Пры канцы розных трэнінгаў і семінараў пры запаўненні анкет часта пытаюцца: а на якую тэму вы б яшчэ хацелі правесці трэнінг? І ў мяне заўсёды была думка – не для журналістаў трэба трэнінгі праводзіць, а для рэдактараў! Бо такое ўражанне, што яны застойваюцца, не павышаюць свайго ўзроўню адукацыі. А трэба, каб яны задавалі і сабе, і журналістам нейкія накірункі дзейнасці і развіцця.

Рэдактар 2 (Галіна Будная, “УзГорак”) пералічыла:

Камунікабельнасць

Абавязковасць

Уменне планаваць працу

Пунктуальнасць

Пэўная ступень упартасці (нават упёртасці)

Пісьменнасць

Частыя змены настрою

Няведанне ў належнай ступені закона аб СМІ (у асноўным тычыцца маладых пазаштатнікаў)

Баязлівасць у камунікацыі з чыноўнікамі

Журналіст 2:

Вельмі перашкаджае патрабаванне прыходзіць/сыходзіць у вызначаны час і “выседжваць” у рэдакцыі без патрэбы.

Раздражняе, калі рэдактар дае пабочныя даручэнні, не звязаныя з маімі прамымі абавязкамі.

Калі рэдактар не разумее, што патрэбна дастойнае матэрыяльнае ўзнагароджанне за ўжо зробленае, а таксама фінансавае стымулявання майго энтузіязму.

Журналіст 3:

Гэта крыху па-мазахісцку, але ўсё ж адсутнасць ухвалы з боку рэдактара прымушае працаваць яшчэ энергічней і актыўней. Праблема толькі ў тым, што гэта рана ці позна надакучвае.

Тое, што ён прытрымліваецца аднолькавых са мной поглядаў на сітуацыю ў краіне. Адпаведна, па тэмах у нас няма разыходжанняў.

Тое, што ён сам кінуў паліць і амаль усю рэдакцыю пераканаў кінуць – тытунёвы дым адцягваў маю ўвагу.

Працяг будзе

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!