746 0

Жаданне паныць — гэта бяда, і гэта трэба мяняць. Як расказваць людзям пра людзей

27.09.2018 Крыніца: Вольга Корсун для Baj.by

У Гродне ў абноўленай прасторы Цэнтра гарадскога жыцця адбылася дыскусія пра тое, як ствараць і прасоўваць сацыяльна значны кантэнт, наладзіць супрацу медыя і актывістаў, НДА і бізнеса, зрабіць іх партнёрамі, як рабіць сумесныя праекты і прыцягваць да сябе ўвагу.

Арганізатарамі выступілі Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, Цэнтр даследавання грамадскага кіравання “СІМПА” і HrodnaMediaRoom.

Як расказваць людзям пра людзей разам з гродзенцамі абмяркоўвалі чатыры дасведчаных эксперта:

  • Ганна Шутава, кіраўніца прафесійнага выдання для рэкламістаў і маркетолагаў Marketing.by;
  • Адар'я Гуштын, рэдактарка часопіса “Имена”;
  • Ірына Новік, рэдактарка спецпраектаў партала Hrodna.life;
  • Сяргей Пульша, журналіст газеты "Новы час".

Медыя не могуць самі па сабе вырашыць праблему

Перад гасцямі і экспертамі было пастаўлена пытанне – а што такое ўвогуле сацыяльны кантэнт і сацыяльная журналістыка? Звычайна пад гэтым падразумеваюць рэпартажы, артыкулы, расследванні на тэмы культуры, здароўя, адукацыі, беспрацоўя, інклюзіі, ЖКГ — усё тое, што прынята называць “сацыяльным”.  Але ёсць і больш шырокі сэнс — гэта чалавек, яго стасункі, тое, што фарміруе грамадства ў актуальны момант часу.

Журналіст газеты “Новы час” Сяргей Пульша некалькі здзівіўся такой пастаноўцы пытання.

“Журналістыка сама па сабе сацыяльная, не важна, у якой рубрыцы друкуецца матэрыял — грамадства, эканоміка, палітыка. Уся журналістыка — гэта аповед людзям пра людзей. У адваротным выпадку мы будзем мець асацыяльную журналістыку? Такога не бывае”, — падкрэсліў Пульша.

Па яго словах, чалавек, калі звяртаецца ў СМІ са сваёй гісторыяй, можа шукаць праўды, агалоскі, але найперш ён шукае справядлівасці.

“Ён заўсёды спадзяецца, што журналіст дапаможа вырашыць яго праблему. Так было і будзе ва ўсе часы.

Але ў той жа момант людзям трэба зразумець, што прэса не можа сама па сабе вырашыць праблему. СМІ могуць яе агучыць, прыцягнуць да яе ўвагу, даць агалоску. Гэта дадатковы ціск на чыноўнікаў, але не непасрэдны інструмент вырашэння пытання”, — сказаў Сяргей Пульша.

З ім пагадзілася рэдактарка “Имён” Адар’я Гуштын:

“Зараз адбываюцца значныя змены ў медыяспажыванні ў параўнанні з 1990-мі і 2000-мі. Мы ўсе, медыя і бізнес, змагаемся за ўвагу аўдыторыі. Цяпер актуальная прафесія аналітыка ў інтэрнэце — гэта людзі, якія ведаюць, як аўдыторыя паводзіць сябе ў інтэрнэце, як рэагуе на інфармацыю. Бізнэс гатовы плаціць за тое, каб ведаць, якім чынам патэнцыйны кліент узаемадзейнічае з сайтамі, які вобраз гэтага кліента, дзе размяшчэнне неабходнай інфармацыі і рэкламы будзе найбольш эфектыўным. Мы канкуруем нават больш не паміж сабой, а з сацыяльнымі сеткамі, каналамі ў месенджарах.

Змяняецца класічная схема, калі чалавек са сваёй праблемай ідзе да журналістаў. Сёння шмат хто проста робіць допіс у сацыяльнай сетцы, а журналісты ці падхопліваюць і развіваюць тэму, ці нават проста перастаўляюць пасты сабе на сайт”.

Беларусы гатовыя дапамагаць

Рэдакцыя часпіса “Имена” прытрымліваецца актыўнай пазіцыі, згодна з якой ніхто не павінен сядзець склаўшы рукі на беразе ракі і чакаць, пакуль па ёй “праплыве труп ворага”. Мы можам самі нешта змяняць тут і цяпер.

“Мы не лічым, што ў любой сітуацыі сутнасць медыя толькі ў тым, каб ціснуць на дзяржаву, каб яна выдаткоўвала грошы на вырашэнне нейкіх праблем. Напрыклад, на прытулак для ахвяраў хатняга гвалту. Мы разумеем, што так не адбудзецца. Трэба вырашаць пытанні тут і зараз. У нас вялікія кампаніі па лабіраванні зменаў у заканадаўстве, мы даем людзям магчымасць прыцягнуць увагу да таго, што яны робяць.

Не трэба чакаць, што публікацыя ў медыя нешта зменіць, трэба працаваць над зменамі самім і не спадзявацца цалкам на дзяржаву”, — адзначыла Адар’я Гуштын.

Калі аўдыторыя становіцца не проста спажыўцом кантэнта, але ўсяляк пачынае ўзаемадзейнічаць з гэтым кантэнтам — гэта вялікая ўдача і гарант поспеху для медыя.

“У нас вельмі крутая аўдыторыя. Я даўно працую ў журналістыцы, але калі перайшла ў “Имена”, была пад вельмі вялікім уражаннем. Прывяду прыклад. Мы рабілі матэрыял пра бабулю-самародка Аню, якая жыве ў Чашніцкім раёне, адна, у нейкім бараку. Яна ператварыла сваё жытло ў казку, размаляваўшы яго карцінамі. Да таго ж яна — рэзчыца па дрэву. Унікальная жанчына! Яна жыве ў вельмі складаных побытавых умовах, у яе нават няма лядоўні, але яна ні на што не скардзіцца, нічога не просіць, у яе ўсё добра. Калі мы напісалі гэтую гісторыю, быў вельмі вялікі эфект, людзі пачалі пісаць, што любяць бабулю Аню і хочуць ёй дапамагчы. Бабуля нічога не прасіла, а адзін наш чытач набыў лядоўню і сам адвез ёй.

На нашыя гісторыі адгукаюцца не толькі простыя людзі, але і сацыяльна адказны бізнес. На прыкладзе “Имён” бачна, што беларусы гатовыя разам дапамагаць камусьці, аб’ядноўвацца і нешта рабіць. Пачынаеш верыць у людзей. Не ўсё у нас так безнадзейна, як часам здаецца”, — расказвае экспертка.

Адна з місій СМІ — арганізоўваць і аб’ядноўваць

Ірына Новік, рэдактарка спецпраектаў партала Hrodna.life, мяркуе, што ў рэгіянальных выданнях, акрамя канкурэнцыі за ўвагу, ёсць яшчэ больш важная задача. 

“Функцыю медыяў я бачу ў тым, каб вычапіць сваё, гродзенскае, і зрабіць унікальную гісторыю ў кантэксце сацыяльнай журналістыкі. Мы ў Hrodna.life робім тое, што не зробяць “Имена”, “Новы час” ці мясцовыя выданні.

Напрыклад, мы пісалі пра 29-гадовую Машу і яе хлопца Юрыя, якія жылі ў намёце ў лесе на ўскрайку горада. Дзякуючы гарадскім службам, гродзенскім актывістам і гараджанам, пару атрымалася вывесці з лесу. Машы і Юрыю далі жыллё ў Доме начнога знаходжання, а гарадскія службы дапамаглі ім аднавіць дакументы і нават далі працу.

Журналісты могуць прыцягнуць увагу да праблемы, спрыяць яе вырашэнню, але што будзе далей — залежыць не ад нас, мы не можам на сваіх плячах несці ўсе гісторыі”, — адзначыла Ірына Новік.

Па яе словах, адна з місій Hrodna.Life — арганізацыя супольнасці, каб людзі не толькі прыходзілі і распавядалі свае гісторыі, але маглі і самі нешта зрабіць — аб’яднацца, стварыць мясцовае кам’юніці для сумеснай дзейнасці.

“Цікавы прыклад — будоўля пляцоўкі для выгулу сабак на Вішняўцы. Шмат пісалі пра тое, што ёсць такая праблема — няма дзе выгульваць сабак. Мы ўзяліся яе вырашыць разам з актывістамі і ўладамі. Мы рабілі апытанкі, здымалі відэа, тварам праекта была актывістка Алена Майсюк. Яна падалася на ўдзел у шоў “Горад”, каб зрабіць праблему яшчэ больш гучнай.  У выніку ў горадзе з'явілася добра абсталяваная і зручная пляцоўка”, — кажа Ірына.

 

З праблемы трэба рабіць магчымасці

На сустрэчу з экспертамі прыйшлі журналісты, маркетолагі і людзі, якія працуюць з сацыяльнай тэматыкай. Так, дырэктарка Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка прывяла прыклад узаемадзеяння арганізацыі з мясцовымі медыямі:

“У мінулым годзе ў нас з'явілася праблемная сітуацыя: людзей з інваліднасцю не пускалі на подыюм моднага шоў, каб яны змаглі прадэманстраваць мадэлі адаптыўнай вопраткі. Дзякуй журналістам, якія падхапілі гэтую тэму, бо выніковае станоўчае рашэнне ўладаў было ў тым ліку падмацавана рэзанансам у СМІ.

Ёсць пытанне, ці з’яўляецца зварот у СМІ, вынясенне канфлікта ў медыя мэтай і рашэннем праблемы. У той сітуацыі мы вырашылі, што без розгаласу, без медыя мы не зможам дабіцца вырашэння праблемы.

З любой праблемы трэба рабіць магчымасці. Гэтая сітуацыя стала для мяне адваротным люстэркам: ці ў тым накірункам мы ідзем, можа, трэба распавядаць пра нас па-іншаму, паказваць праблему па-іншаму? Магчыма, так, як мы робім гэта зараз, людзям надакучыла і нават раздражняе. Магчыма, трэба менш ціснуць на жаль, слёзы, а распавядаць пра нас больш станоўча, канструктыўна”.

Медыя, якія працуюць з сацыяльнай тэматыкай, увесь час шукаюць новыя падыходы і фарматы для адлюстравання праблемных пытанняў. Але часам прыходзіцца сустракаць шмат неразумення з боку чытачоў.

“Часам нас бярэ адчай. Я разумею, у інтэрнэце — плюралізм меркаванняў, але часам гэта пераходзіць межы.

Мы павінны паказваць і жорсткі бок некаторых праблем. Напрыклад, калі кажам пра хатні гвалт. Асабліва ў той час, калі некаторая частка грамадства лічыць, што закон супраць хатняга гвалта не патрэбны ў Беларусі, сям’я сама разбярэцца. Мы паказалі, як сем’і насамрэч разбіраюцца. І пасля гэтага  атрымалі шквал нянавісці ад каментатараў, такое жаданне задушыць, дабіць, пры тым — часцей ад жанчын.

Вялікая частка каментатараў лічыць сваім абавязкам зрабіць больш балюча, не разумеючы, што сваімі каментарамі робяць толькі горш і закрываюць рот тым, каму патрэбна рэальная дапамога. У жанчыны пасадзілі мужа, не даюць спакою сацыяльныя органы, дык яшчэ і каментатары дабіваюць. Калі нехта такое прачытае, яшчэ сто разоў падумае, ці звяртацца за дапамогай”, —  расказвае Адар’я Гуштын.

 

Бізнес, медыя і грамадства: фокус на каштоўнасцях

У чым інтарэс бізнесу, каб сацыяльныя праблемы грамадства вырашаліся? Калі ёсць праблема, ці пойдзе туды рэкламадаўца, брэнд?

Ганна Шутава, кіраўніца Marketing.by, распавяла пра падыхода бізнеса да сацыяльных пректаў.

“Бізнэс — гэта таксама частка грамадства, ён не можа быць выключаны з яго, бо там працуюць людзі. Мы набываем пэўныя прадукты, паслугі, таму што яны адпавядаюць нашым поглядам, каштоўнасцям. Разумеючы гэта, бізнес імкнецца прыцягваць пэўную аўдыторыю. Трэба паказаць патэнцыйным кліентам, што я як бізнесмен не толькі вырабляю прадукт, але таксама думаю пра грамадства, у якім мы ўсе жывем.

Напрыклад, цяпер на планеце Зямля ёсць глабальная праблема — экалогія. Бізнес мог бы на яе начхаць і працягваць зарабляць свае грошы. Але брэнды робяць па-іншаму. Напрыклад, Ikea: вясной яны абвясцілі, што скарачаюць колькасць пластыка ў сваіх крамах, будуць падтрымліваць ініцыятывы, звязаныя з экалогіяй.

Бізнес звязаў сябе з глабальнай праблемай, атрымаў рэпутацыйныя бонусы і профіт ад узгадвання ў самых розных крыніцах, а мы, людзі, якіх хвалюе экалогія, думаем — о,  набудзем у іх што-небудзь, бо яны малайцы, думаюць, як і мы, пра гэту зямлю.

У Беларусі бізнес таксама да гэтага прышоў. Але часам бізнес можа не разумець, дзе і каму можна дапамагчы. Можа прыходзіць вялікая колькасць людзей і прапановаў, усе хочуць грошай, і тут пытанне, каму гэтыя грошы даць”, — кажа экспертка.

Ірына Новік дадала: беларускі бізнес ужо разумее, што такое імідж, што ён не дае прафіт тут і цяпер, што над ім трэба працаваць.

Добры прыклад на мясцовым узроўні — супрацоўніцтва Hrodna.Life з Беларускім народным банкам.

У праекце апісваецца сядзіба Панямунь, рэзідэнцыя апошняга караля Рэчы Паспалітай. Цяпер гэта жылы дом. Раней там жыў кароль, цяпер — пяць гродзенскіх сем’яў.

Чаму банку цікава плаціць за гістарычны матэрыял?

"Банк пазіцыянуе сябе як установа, якая паважае беларускую гісторыю. На вуліцы Сацыялістычнай ёсць знакаміты гродзенскі “дом з лілеямі”, гэта офіс банка. Гадоў 15 таму будынак быў у жахлівым стане, яго збіраліся знесці. Актывісты і гісторыкі адстаялі яго і шукалі любыя магчымасці, каб гэты дом захаваць, бо ён унікальны. Гэты будынак быў уласнасцю Беларускага народнага банка, і яны пагадзіліся аплаціць рэканструкцыю. Гэта каштавала вялізных сродкаў, рэканструкцыя цягнулася 10 гадоў. Але тое, што яны зрабілі, — выдатны ўзор рэканструкцыі, бо захавалі ўсё, што толькі змаглі ўзнавіць па дакументах і фотаздымках. Банк гэтым вельмі ганарыцца. І калі мы пісалі ім прапанову, то адзначалі — давайце напішам пра сядзібу, бо ў горадзе ёсць ваш прыклад, як трэба захоўваць гістарычную спадчыну. Магчыма, гэты праект натхніць улады заняцца сядзібай, магчыма, знойдзецца інвестар. Банк пагадзіўся. І гэты праект сябе ўжо акупіў. Вось на такой глебе любові да беларускай гісторыі і яе захавання мы знайшлі агульную мову", — распавяла  Ірына Новік.

Падчас пошукаў патэнцыйных партнёраў важна вылучыць, што прапісана ў палітыцы бізнесу, якія ёсць пункты па сацыяльнай адказнасці. Варта падкрэсліваць, што з дапамогай медыя бізнес зможа пазітыўна сябе пазіцыянаваць.

Трэба распрамляць беларусам плечы

У працяг тэмы ўзаемадзеяння бізнеса, медыя і грамадства Ганна Шутава прывяла чатыры глабальныя праблемы, якія параіў развіваць мясцоваму бізнесу ў Беларусі намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Закары Тэйлар. Гэта:

  1. Права жанчын: кіруючыя пасады ў палітычнай сферы і на дзяржаўнай службе, а таксама ў бізнесе, навуцы, СМІ і іншых абласцях.

  2. Дыджыталізацыя бізнеса: аўтаматызаця з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Гэта дазваляе адкрыць новыя шляхі выкарыстання чалавечага патанцыялу.

  3. “Зялёная” эканоміка: пашырэнне ведаў у грамадстве аб прынцыпах і ідэях “зялёнай” эканомікі.

  4. Фарміраванне здаровых звычак (адмова ад палення, алкаголя, нездаровай ежы) у моладзі для ўстойлівага развіцця грамадства.

“Усе заклапочаныя тым, як расце пакаленне Z — моладзь ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў. У Беларусі мала праектаў, накіраваных на гэта. А яны — будучыя спажыўцы. Іх звычкі можна фарміраваць ужо сёння”, — адзначыла Ганна Шутава.

Эксперты звярнулі ўвагу на той факт, што мы, пакаленне Y, не разумеем пакаленне Z. Даследванні паказваюць, што моладзь большую частку інфармацыі атрымлівае з Інтэрнэту, пры гэтым не з сайтаў, а з сацыяльных сетак. А мы да іх зандта доўга прыглядаемся — усё вельмі хутка змяняецца.

“Мне здаецца, ужо ёсць пэўны канфлікт наконт таго, што і як мы пішам для іх. Расія ў гэтым сэнсе больш прасунутая. Уся беларуская моладзь сядзіць на расійскіх каналах YouTube. Беларусь стварае вельмі мала цікавага для моладзі кантэнту. І калі паглядзець, хто героі, лідары меркаванняў для беларускай моладзі, то беларусаў там практычна няма. Нам трэба імкнуцца да таго, каб рабіць сваіх беларускіх герояў”, — сказала Адар’я Гуштын.

“Имена” працуюць у гэтым кірунку. Напрыклад, ёсць умоўная рубрыка “людзі з неабмежаванымі магчымасцямі”, дзе журналісты расказваюць пра герояў, якія нягледзячы на свой фізічны стан робяць захапляльныя рэчы.

“У нас ёсць герой, цалкам паралізаваны, у якога рухаецца толкі адзін палец, і пры гэтым ён робіць вельмі класныя сайты, у яго вельмі насычанае жыццё. Ці яшчэ адзін наш герой, Саша Макарчук, паралізаваны, але стварае цудоўныя рэчы. Ён не толькі робіць сваё жыццё самадастатковым, але і вучыць гэтаму іншых людзей з такой жа праблемай, каб яны не былі ўтрыманцамі ў дзяржавы.

А вось жаданне беларусаў паныць — гэта сапраўды бяда. Гэта трэба мяняць. Мы дрэнныя, у нас нічога не выйдзе — і так ва ўсім. Хаця ў Беларусі ёсць вельмі класныя людзі, робяцца класныя справы. Трэба расказваць больш пра сваё, пра сваіх герояў, распрамляць плечы беларусам”, — адзначыла Адар’я Гуштын.

Эксперты прыйшлі да высновы: калі гадоў дзесяць таму людзі ішлі ў медыя за справядлівасцю, то сёння ўсе ідуць за ўзаемадзеяннем, экшанам. Праз сацыяльныя сеткі гэты захад да дзеянняў, сацыяльных каштоўнасцяў пераходзіць у бізнес, да рэкламадаўцаў. Гэта той шлях, дзе прадстаўнікі розных сектароў могуць сустракацца, знаёміцца, супрацоўнічаць, каб паляпшаць жыццё тут і цяпер, вырашаць праблемы, якія нас хвалююць.

Каментары