1459

Згвалтаванне, якога не было. Расійская прапаганда баламуціць грамадскі спакой Нямеччыны

27.01.2016 Крыніца: Жанна Кромер (Ямайкіна) для baj.by

Масавыя дамагальніцтвы ў навагоднюю ноч у Кёльне паказалі: імпартаванага крыміналу баіцца шмат хто. (Чаму немцы пасля гэтай гісторыі крытыкуюць сваю нерухавую паліцыю і прэсу, можна пачытаць у артыкуле “Ноч доўгіх рук” абвастрыла рознагалоссі ўнутры Нямеччыны”). Да недаверу і страху далучаецца яшчэ і замежная — у дадзеным выпадку расійская — прапаганда. А паніку, якая на гэтым “угнаенні” разрастаецца, спраўна выкарыстоўваюць праварадыкальныя рухі.

Журналістам цяжка не стаць у гэтым канфлікце рухавіком нянавісці. Асабліва калі працуеш на медыі, што даўно забыліся на незаангажаванасць і адказнасць перад грамадствам. Нават калі ў матэрыяле з месца падзеяў ты сам не вылучаеш неправераных версій, гэта за цябе можа зрабіць і мадэратарка навінаў фразай: “З'явіліся сведчанні, што мігранты пачалі гвалціць непаўнагадовых дзяцей”.

З “рускага раёна” ў Берліне — на расійскі экран

Берлін гудзе. Ужо тры мітынгі прайшлі тут за апошнія два тыдні ў падтрымку 13-гадовай рускамоўнай дзяўчынкі, якая трапіла ў бяду. Лена* (так яе называюць мясцовыя медыі) не дайшла 11 студзеня да школы. Знайшлі яе праз дзень. Дзяўчынка нібыта распавяла, што яе завабілі ў аўтамабіль мужчыны “паўднёвага” выгляду, адвезлі ў пустую кватэру і згвалцілі.

Як сцвярджаюць родныя пацярпелай, паліцыя прымусіла дзяучынку адмовіцца ад сваіх паказанняў. Нягледзячы на тое, што крымінальную справу яшчэ не завялі, «Першы» расійскі тэлеканал ужо абвясціў вінаватымі ўцекачоў. Прынамсі, такое ўражанне складваецца пасля рэпартажа, у якім няма ніводнага каментара з альтэрнатыўным меркаваннем.

У роліку даецца слова цётцы і дзядзьку Лены*, а таксама ўдзельнікам мітынга, якія ўсе як адзін баяцца “чужынцаў“, лічаць вінаватымі мігрантаў, а некаторыя нават і самі пагражаюць гвалтам. Напрыканцы паказана відэа, у якім нібыта мігрант на нямецкай мове выхваляецца групавым згвалтаваннем. Дзе знятае гэтае відэа — невядома, яму ўжо шмат гадоў. Па Сеціве яно гуляе прынамсі з 2009 года. Пасля такога фіналу матэрыял выклікае толькі жаданне помсціць.

Андрэй Падлубны мадэратар «Facebook»-кам’юніці «Берлінцы і берлінкі», у якім апошнім часам інфармацыя пра Лену* абмяркоўвалася асабліва актыўна, — гаворыць: “Быў кепска падрыхтаваны рэпартаж без праверкі фактаў. А з дрэннага журналісцкага матэрыялу зрабілі добры прапагандысцкі ролік пра тое, што ў Нямеччыне “ядуць дзяцей”, гвалцяць усіх направа і налева, і што там нельга жыць”.

Нямецкі адвакат Марцін Лютле ўжо звярнуўся ў пракуратуру з запытам праверыць працы аўтара гэтага роліка — журналіста Івана Благога — на прадмет распальвання міжнацыянальнай варожасці.

Юрыст з горада Констанц лічыць, што такая прапаганда не з'яўляецца толькі ўнутранай справай Расіі: “У Нямеччыне жыве 6 мільёнаў людзей, якія, верагодна, глядзяць расійскае тэлебачанне. Сам журналіст працуе ў Берліне, на нашай зямлі. Нямецкая Канстытуцыя дае журналістам свабоду слова, але і абавязак правяраць факты. Калі рэпартаж «Першага канала» дае неправераныя факты і падштурхоўвае да думкі пра нядзеяздольную дзяржаву, якая не можа абараніць сваіх грамадзян, узнікае пагроза мірнаму суіснаванню людзей у нашым грамадстве. Гэта парушэнне параграфа 130 Крымінальнага кодэкса Нямеччыны аб абароне ўнутранай бяспекі. Як юрыст я лічу справай гонару супрацьстаяць гэтаму”.  

Хуткі пошук казла адпушчэння

Не ў апошнюю чаргу і пасля такіх рэпартажаў рускамоўная грамада Берліна ўсхваляваная і патрабуе расследавання і жорсткіх захадаў у дачыненні да мігрантаў, а мітынгі пратэсту часам праходзяць пад сцягамі нямецкай правай партыі НПД, вядомай сваім радыкалізмам.

Юрый Нагель — удзельнік мітынгу супраць уцекачоў перад канцлерскай рэзідэнцыяй у Берліне – расказвае, як яго малога сына абакралі двое, як ён называе, “цёмных”. Ён абураны, што ў школьным двары няма ніводнай камеры назірання, і злодзеяў не знайшлі.

“Яны могуць зрабіць што хочуць, і ім за гэта нічога не будзе. Яны гэта выдатна ведаюць, таму так і дзейнічаюць. Калі нас ніхто не можа абараніць, мы будзем абараняцца самі. І тады хай ніхто не крыўдзіцца!” — гаворыць Юрый Нагель.

Тым часам на мітынгах расійскай грамады можна пачуць і непрыхаваныя заклікі да пагромаў кшталту „Ідзем на хайм!“ (Heim — па-нямецку „Прытулак“) .

Берлінская паліцыя ўжо зарэгістравала прынамсі адзін напад рускамоўных мужчын на прытулак для ўцекачоў непадалёк ад дома, дзе жыве Лена*.

З нагоды “згвалтаванай дзяўчынкі” на мітынгі прыходзяць не толькі рускамоўныя. На самым буйным мітынгу ў некалькі сотняў чалавек, які прайшоў 23 студзеня, былі нейтральныя плакаты “Мы супраць гвалту” і “Лена*, мы з табой”. Аднак нямецкі эксперт па расійскай прапагандзе і расійска-нямецкіх дачыненнях журналіст Барыс Райтшустэр пазнаў у натоўпе па тварах вялікую колькасць вядомых нямецкіх праварадыкалаў, правых і людзей з берлінскага адгалінавання “Пегіды” (праварадыкальны рух Нямеччыны – аўт.). У сваім блогу ён таксама выказвае думку, што развіццё падзеяў “вельмі падобнае да рукі КДБ”.

У любым выпадку ў расійскіх медыях даволі заўважна прасочваецца тэма загніваючага Захаду“ і расійскага місіянерства”.

Напрыклад, тэлеканал РЕН ТВ паведаміў: “Дэманстранты патлумачылі Меркель, што будзе адбывацца ў Германіі пасля згвалтавання 13-гадовай дзяўчынкі масай мігрантаў.” А газета “Совершенно секретно” ў артыкуле “Руская Германія падымаецца на абарону талерантнай Еўропы” рэзюмуе навіну пра мітынг перад канцлерскай рэзідэнцыяй так: ... Вельмі сімвалічна, што завадатары гэтых працэсаў зноў рускія людзі, якім не прывыкаць ратаваць Еўропу ад чарговай пошасці“.

Дзяўчынка была, згвалтаванне не

Калі вярнуцца да няшчаснай дзяўчынкі, якую невядома хто “згвалціў” і якую падымаюць на свае сцягі нямецкія правыя і расійская прапаганда — трэба, мабыць, звярнуцца да паліцэйскай статыстыкі. Колькасць сексуальных дамагальніцтваў у грамадскіх месцах Нямеччыны з боку мігрантаў сапраўды апошнім часам павялічылася. Найчасцей гаворка ідзе пра непрыстойныя заўвагі і дотыкі. Згвалтаванні, аднак, застаюцца адзінкавымі выпадкамі.

Не маюць рацыі і тыя, хто падазрае, што гісторыя Лены* проста «фэйк». Дзяўчынка і яе сямʼя сапраўды існуюць. Мама з татам рэгулярна вывешваюць спасылкі на тэксты з крытыкай Меркель, паведамленні пра пошук дзяцей і рызыкоўныя выказванні ў сацыяльных сетках у стылі “Пегіды”. Дзядзька і цётка, якія ад імя Лены* давалі інтэрв'ю “Першаму каналу”, таксама належаць да сям'і. Мяркуючы па акаўнтах у odnoklassniki, Марына — сястра мамы дзяўчынкі, а Цімафей — яе муж. На фотаздымах яны носяць “георгіеўскія” стужачкі, пазуюць са сцягам “Наваросіі”, фатаграфуюцца 9 мая на фоне помніка савецкаму салдату ці проста адпачываюць у цёплых краінах. Сама дзяўчынка займаецца спортам, мае расійскі сцяг на сцяне свайго пакоя, віншуе мужчын з Днём савецкай арміі фотаздымкам у пілотцы і ставіць галоўным здымкам фота са старэйшым братам, якім, відавочна, ганарыцца. На дадзены момант акаўнты ўсёй сям'і альбо закрытыя для наведнікаў, альбо ўсе фотаздымкі выдаленыя.

Што стала з дзяўчынкай насамрэч і што абдываецца з ёй зараз? Галоўны камісар крымінальнай паліцыі Марцін Дамс на мой запыт паведаміў:

«Следства паказала, што не было ні выкрадання, ні згвалтавання. Далейшыя падрабязнасці не раскрываюцца, каб абараніць прыватнае жыццё асобы».

Прапаганда ігнаруе следства

З афіцыйных каментароў Аляксея Данквардта — адваката, да якога звярнулася сям'я Лены*, — можна, аднак, зрабіць высновы, што следства працягваецца і не закрытае. Нешта з дзяўчынкай сапраўды адбылося, але, магчыма, не будзе кваліфікавацца як згвалтаванне. Гэта можа быць як добраахвотны, але незаконны палавы кантакт з 13-гадовай як сексуалізаваны гвалт без вагінальнага пранікнення, так і некалькі іншых супрацьпраўных дзеянняў. Ідзе разбіральніцтва.

Тым, хто сцвярджае, што паліцыя прымусіла непоўнагадовую адмовіцца ад сваіх паказанняў, пагражае позва ў суд за паклёп. Пра гэта папярэджваюць на афіцыйнай старонцы паліцыі Берліна ў Facebook. Між тым, на прэс-канферэнцыі 26 студзеня міністр замежных спраў Расійскай Федэрацыі Сяргей Лаўроў абвінаваціў нямецкія ўлады ва ўтойванні інфармацыі і назваў дзяўчынку “нашай”, хаця размова ідзе, відавочна, пра нямецкую грамадзянку.

А журналіст Іван Благі тым часам расказвае ў каментары The Insider, што не лічыць ні сябе вінаватым, ні свой сюжэт — тэндэнцыйным.