НЕ - ВАЙНЕ!
526

«Збудуем мост і вернемся». Як самы хуткі журналіст Горадні заснаваў новае выданне ў Беластоку

15.06.2022 Крыніца: Алесь Наваборскі, Белсат

У Беларусі з 2020 года пазнікала шмат незалежных медыяў: улады фактычна знішчылі папяровую грамадска-палітычную прэсу, вымусілі спыніць працу шэраг інтэрнэт-выданняў, кінулі за краты 26 журналістаў, у тым ліку кіраўнікоў Tut.by, БелаПАНу, «Нашай нівы» і «Новага часу». Новыя беларускія выданні пачалі ўзнікаць за мяжою: у іх ліку «Most», які «будуюць» між Беластокам і Горадняй.

Пачаў рабіць каўоркінг – атрымаўся рупар дыяспары

Выданне «Most» у Беластоку заснаваў гарадзенец Руслан Кулевіч разам з іншымі беларускімі журналістамі. «Most» пачаў працу ў студзені 2022 года, а 28 красавіка атрымаў ад уладаў Беларусі «ганаровае званне»: матэрыялы сайту і звязаных з ім сацсетак назвалі «экстрэмісцкімі».

Як і шмат якія іншыя журналісты, Руслан Кулевіч з’ехаў з Беларусі праз палітычны ціск. Спачатку, згадвае ён у размове з «Белсатам», паехаў з жонкай у Рыгу, потым сям’я пераехала ў Польшчу. Найбольш плюсаў пабачыў у Беластоку, дзе жыве вялікая беларуская дыяспара. Кулевіч лічыць, што гэта ці не найбуйнейшая беларуская дыяспара ў свеце.

Руслан Кулевіч – 30-гадовы гарадзенскі журналіст, які шмат гадоў працаваў у выданні «Hrodna.life», запісваў успаміны гарадзенцаў і выдаў дзве краязнаўчыя кнігі. Яго называлі самым хуткім журналістам Горадні, журналістам на ровары. 11 жніўня 2020 года яго разам з жонкаю затрымалі ў Горадні падчас працы на акцыі пратэсту. Руслана моцна збілі, зламалі абедзве рукі, кінулі за краты на тры дні. Пасля гэтага яму сталі паступаць пагрозы. Мужчына пастанавіў пакінуць Беларусь. Кажа, што ў «Most» уклаў усе свае сродкі, адмовіўшыся ад працы ў буйных выданнях.

Але ў Беластоку яму было нязручна працаваць з дому. З’явілася ідэя зрабіць для беларускіх журналістаў каўоркінг. Да таго ж, праз каронавірус «і так два гады дома сядзелі». Ідэю падтрымалі журналісты, а таксама мясцовыя ўлады (прэзідэнт гораду добра ведаў пра сітуацыю ў Беларусі: у Беластоку шмат беларускіх уцекачоў, у 2020-м там быў адзін з найбуйнейшых маршаў беларусаў за мяжою). Атрымалі памяшканне, зрабілі рамонт, знайшлі мэблю – выйшла прастора «МедыяПортБеларусь».

«Мы запрасілі ўсіх беларускіх журналістаў, якія былі вымушаныя з’ехаць з радзімы, – расказвае Кулевіч пра каўоркінг. – Тады, калі я ўбачыў, што нас шмат, што многія журналісты страцілі працу, з’явілася ідэя зрабіць новае медыя, каб нам аб’яднацца.

Не пайшлі на будоўлю працаваць, а займаемся журналістыкай, як раней у Беларусі гэта рабілі. Кожны прыйшоў са сваім досведам і са сваймі ідэямі. Таксама мы пабачылі, што ў Беластоку вялікая беларуская дыяспара, якая патрабуе новае медыя. Таму мы цяпер такі рупар беларускай дыяспары ў Беластоку».

У Беластоку ўжо працуе беларускае радыё «Рацыя», ёсць беларускамоўная праграма на Польскім радыё, але журналістам хацелася зрабіць нешта іншае: «Яны нас могуць чамусьці навучыць, і мы іх можам чамусьці навучыць». На базе каўоркінгу і з’явіўся «Most», у склад якога ўвайшоў відэапраект Кулевіча «Мы вернемся».

Прыходзяць працаваць і журналісты іншых выданняў. Памяшканне паступова ператвараецца ў культурніцкую прастору: завітваюць музыкі, мастакі, гісторыкі; ужо зладзілі некалькі выставаў, заняткаў курсаў «МоваНанова», інтэграцыйныя сустрэчы беларусаў і ўкраінцаў. Выходзіць, кажа Кулевіч, што «там, дзе мы, там Горадня».

«Хочам быць мастом»

Гэтую фразу Кулевіч неаднаразова паўтарае: быць мастом між этнічнымі беларусамі Падляшша і беларусамі, якія нядаўна перасяліліся ў Польшчу; мастом між Беластокам і Горадняю, Беларуссю і Польшчай. Аўдыторыя сапраўды склалася такая: «Most» чытаюць Беласток і Варшава, Горадня і Менск.

«Гэта цікава беларусам, асабліва гарадзенцам, што тут адбываецца, – кажа Кулевіч. – Мая аўдыторыя з Горадні засталася. І шмат беларусаў цяпер вырашае, з’язджаць з Беларусі ў Польшчу ці ў іншую краіну.

Для гэтай аўдыторыі робім гайды: як выехаць у Польшчу, як набыць жытло ў Беластоку, якую працу можна знайсці. Для беларусаў, якія ўжо выехалі, тлумачым, як атрымаць падатковы нумар, як падацца на побыт, як да лекара схадзіць. У чаце Беластоку бачым, якія ёсць запыты».

Пішуць і беларускія навіны. Кулевіч пагаджаецца з тым, што яны пераважна сумныя. Але тлумачыць, што якраз таму пра гэта трэба пісаць: пра што не здолеюць напісаць калегі ў Беларусі, каб людзі ведалі, што працягваецца тэрор, што палітычныя затрыманні адбываюцца штодня. Напрыклад, у Горадні жоўта-блакітныя тралейбусы перафарбавалі ў сінія, каб не было асацыяцыяў са сцягам Украіны, а ў Горадні амаль ніхто пра гэта не напісаў. Акрамя «Маста», якому пра гэта расказала крыніца ў тралейбусным упраўленні.

Выданне пакуль невялікае: у камандзе каля пяці чалавек, рэдактарам стаўся Ігар Палынскі з «Рэгіянальнай газеты». З «Мастом» працуюць людзі з Берасця, Горадні, Маладзечна ды іншых гарадоў. Выданне небагатае: хоча само сябе забяспечваць, толькі пачынае зарабляць на рэкламе. Кулевіч згадвае, што ўсе пераконвалі яго: зарабіць на рэкламе будзе цяжка. Але хваліцца: за апошні тыдзень прадалі рэкламы на 200 долараў. «Most» проста глядзіць, які бізнес адкрываецца ў Беластоку, прапануе рэкламу – і людзі пагаджаюцца. Таксама выданню дапамагае інвестар: беларускі бізнесовец, які працуе ў Польшчы.

Лозунг пра масты з’явіўся ў пачатку 2022 года, калі чарговая хваля міграцыі, здавалася б, суцішылася. Але 24 лютага Расея поўнамаштабна напала на Украіну. Кулевіч дапускае, што лозунг прыдумаюць новы, бо «вайна ідзе, не вядома, што будзе далей». Цяпер эксперыментуюць з тым, як працаваць у «экстрэмісцкім» статусе і з сайтам, заблакаваным у Беларусі.

Кулевіч спадзяецца, што «інфармацыйны мост» застанецца і пасля таго, як у Беларусі адбудуцца дэмакратычныя змены: мо нават захаваюць офіс у Беластоку, бо тады будуць развівацца і бізнесовыя сувязі, і турызм. Сам ён, калі гэта адбудзецца, плануе не проста паехаць на радзіму, а літаральна пабегчы: ён і жонка бегаюць паўмарафоны і прабеглі поўны марафон, рыхтуюцца да ўрачыстага забегу з Беластоку ў Горадню, каб на фінішы «пацалаваць гарадзенскую брукаванку». На радзіме засталася місія: запісваць успаміны гарадзенцаў, якія памятаюць, якою была Горадня «за палякамі», «за першымі саветамі» і ў нямецкую акупацыю.

Беларускі след у Беластоку і беластоцкія прыклады для Беларусі

На сёння ў Беластоку жыве каля 300 тысячаў чалавек. 20 гадоў таму ў перапісе насельніцтва 7,5 тысячы жыхароў гораду назвалі сябе беларусамі, гэта 2,5 % жыхароў. Цяпер, паводле Кулевіча, там жывуць каля 15 тысячаў беларускіх уцекачоў апошняй «хвалі» міграцыі ды 40–50 тысячаў этнічных беларусаў, продкі якіх жылі там яшчэ да Другой сусветнай вайны або з’ехалі туды з БССР пасля яе. Краязнаўца Аляксей Трубкін зрабіў мапу беларускага следу ў Беластоку.

Ад Беластоку да мяжы з Беларуссю – 45 км, да Горадні – 65 км: гарады былі пабрацімамі, але цяпер, кажа Кулевіч, «усе сувязі пацёртыя». Ён заўважае, што і сам раней фактычна не бачыў Беластоку: бачыў хіба вакзал па дарозе да Варшавы або гандлёвыя цэнтры на «закупах». Цяпер, пажыўшы там, зразумеў, што беларусам і ў прыватнасці гарадзенцам ёсць чаму павучыцца ў Беластоку.

«Гарадзенцы, на жаль, не ведаюць Беластоку, а гэта сапраўды круты горад! – запэўнівае Кулевіч. – Я ўжо ў асабістыя паведамленні пішу беларускім чыноўнікам: прыязджайце ў Беласток і пабачыце, як развіваецца горад.

Тут выбіраюць мэра – prezydenta miasta. Цяперашняга абралі на ўжо трэці тэрмін. Пытаю палякаў, чаму яго выбіраюць. Кажуць, ён добры эканаміст і менеджар, шмат усяго робіць для Беластоку, і за 10 гадоў у горадзе напраўду шмат змянілася. У нас у Горадні, на жаль, не так».

Кулевіч смяецца, што адзінае, чаго бракуе Беластоку, – гэта аэрапорту, але і яго падумваюць збудаваць. Астатняе для жыцця ўсё ёсць. Ён пералічвае, што гарадзенскія ўлады маглі б пераняць у беластоцкіх. Як прыклад – амаль поўная адсутнасць бяздомных жывёлінаў на вуліцах Беластоку. Там 15 гадоў узяліся за гэтую справу, зарганізавалі прытулкі, маюць праграмы апекі.

Таксама журналіст згадвае, як хадзіў на футбольны матч беластоцкага клубу «Jagiellonia»: на гульню прыйшлі 10 тысячаў чалавек, «усе ў майках і шаліках у колерах каманды». Пытаў у фанатаў і дырэктара стадыёну, чаму ў іх так, а ў Беларусі не так. Патлумачылі, што ў Польшчы каманды прыватныя, таму зацікаўленыя, каб людзі хадзілі на футбол, а ў Беларусі клубы дзяржаўныя. У Польшчы ёсць футбольныя хуліганы, але з імі неяк зжываюцца, а ў Беларусі футбольных фанатаў ледзь не аўтаматычна залічваюць у злачынцы, пераследуюць – таму фанаты не ходзяць на футбол, следам за імі – і звычайныя заўзятары.

У выніку Кулевіч сам згуляў за рэканструяваны ў Польшчы футбольны клуб «WKS Grodno» з 1920 гадоў:

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!