НЕ - ВАЙНЕ!
757

“Збіраю грошы, каб з’ехаць і працаваць у незалежным медыя”. Выпускнікі журфака расказалі, як шукаюць працу

25.07.2022 Крыніца: Аўтар для Беларускай асацыяцыі журналістаў

У гэтым годзе дыпломы журфака БДУ атрымалі больш за 200 выпускнікоў. БАЖ паразмаўляла з некаторымі з іх – платнікамі і бюджэтнікамі, і даведалася, якія ў планы ў прафесійнай сферы ва ўчорашніх студэнтаў і дзе яны мараць працаваць. 

“На чацвёртым курсе хацела пайсці стажыравацца на TUT.BY”

Карына вучылася на факультэце журналістыкі БДУ на платным аддзеленні. Пры паступленні дзяўчына абрала спецыяльнасць “Менеджмент СМІ”. Мяняць прафесію Карына не збіраецца, яна хоча працаваць журналістам. 

— Да іншага ў мяне не ляжыць душа. Паспрабаваць пачаць пісаць у “Нашу Ніву”, Белсат ды іншыя незалежныя СМІ я не магу, бо знаходжуся ў Беларусі, пасадзяць. У "Анлайнеры" тэкстаў, якія былі б звязаныя з палітыкай, зараз няма.

Таму ў мяне мэта — зарабіць пэўную суму грошай і з'ехаць з Беларусі, каб пачаць працаваць у незалежным СМІ.

Дзяўчына даўно марыць стаць у будучыні вайсковым карэспандэнтам. Нават казала пра гэта камісіі, калі яна здавала дзяржаўныя іспыты. 

— Прыходзіла з такой мэтай на журфак і сыходжу з яго з ёй жа. Адзін з сяброў камісіі прапанаваў пайсці на дзяржаўны ваенны канал. Я адказала, што мне такое не падыходзіць. А за тры тыдні да вайны ва Украіне я зразумела, што хачу пераязджаць у Кіеў, — прызнаецца яна.

Мая мара — працаваць ва ўкраінскай службе BBC вайсковым журналістам.

Жаданне з’ехаць з Беларусі ў Карыны з’явілася яшчэ да 2020-га года. Яна кажа, што ў краіне дрэнна са свабодай слова было заўсёды.  

— Я не з тых людзей, якія лічаць, што з'яжджаць павінны яны, а не мы, — тлумачыць яна. — Да таго, кожны раз, калі публікую ў інстаграме нешта звязанае з палітычным становішчам у краіне, вайной, думаю, які гэта артыкул. Я ўжо маўчу пра тое, што я не магу патрапіць на матэрыялы незалежных СМІ. 

На пытанне, чаму не з'ехала раней, Карына адказвае, не задумваючыся,  — трэба было скончыць універсітэт, атрымаць дыплом.

— У цэлым рада, што ў мяне атрымалася скончыць журфак. За некалькі тыдняў да ўручэння дыпломаў арыштавалі маю знаёмую, якая вучыліся на біяфаку. І я падумала, што як жа страшна, што мяне арыштуюць і я не змагу скончыць універсітэт. За чатыры гады навучання — 8 тысяч даляраў. Гэтыя грошы на дарозе не валяюцца, іх маёй маці не вернуць. Была перад ёй адказнасць.

На чацвёртым курсе Карына хацела пайсці стажыравацца на TUT.BY.

— Але ўсё вельмі празаічна скончылася. Такой магчымасці, “дзякуючы” нашым уладам, зараз няма. Пакуль знаходжуся ў гэтай краіне, буду займацца тым, што хаця б прыблізна па маёй спецыяльнасці. Калі пайду, напрыклад, у сферу абслугоўвання, то, пры пераездзе ў іншую краіну (спадзяюся, што ва Украіну), не змагу растлумачыць, што я рабіла год-два пасля заканчэння ўніверсітэта, –— дзеліцца яна.

Цяпер дзяўчыне патрэбна пэўная сума, каб першы час, напрыклад, на стажыроўцы ў СМІ, было на што жыць за мяжой. Таму пасля сканчэння ўніверсітэту Карына пачала актыўна шукаць працу. Пайшла ў маркетынг. 

— Спачатку патрэбна была стажыроўка, таму што досведу ў мяне няма. Я падышла, але яна была неаплатная тры месяцы, працаваць 8 гадзін у дзень, такія ўмовы мяне не задаволілі. Потым увогуле зразумела, што не гару маркетынгам. У выніку іду на сумоўе ў прыватнае выдавецтва часопісаў на пасаду рэдактара аддзела. Не ведаю, наколькі моцна на іх ёсць уплыў з боку дзяржавы, але ў спісе абавязкаў ёсць узаемадзеянне з прэс-службамі. Можа, тут гаворка ідзе пра прэс-рэлізы, — спадзяецца дзяўчына. 

Пра навучанне на журфаку дзяўчына адклікаецца па-рознаму. Былі выкладчыкі, якія падтрымлівалі студэнтаў, адкрыта казалі пра тое, што адбываецца ў краіне, а былі і тыя, хто займаўся прапагандай. 

— На пачатку 2020-га адзін выкладчык вучыў нас бараніцца ад АМАПу. Гэта быў вельмі патрэбны навык. І было вельмі цікава глядзець, як аднакурснікі, якія пайшлі зараз працаваць у прапаганду, нічога не казалі. Чаму яны гэта “елі”, калі ў іх іншая пазіцыя?

Карына лічыць, што ёй пашанцавала з выкладчыкамі на журфаку.

— У іншай спецыяльнасці, напрыклад, “Друкаваныя СМІ” трапляліся аматары дзяржаўнага тэрору, — тлумачыць яна. — Выкладчык, якая вяла ў нас рускую літаратуру, аднойчы сказала такую фразу, "вы ж разумееце, хто кіраваў Каліноўскім падчас паўстання". Казала, што ў яго ідэя была адна, а ёй скарысталіся іншыя людзі. У выніку звычайнае насельніцтва краіны стала мясам. Пасыл яе быў у тым, што не будзьце гэтай масай, якой кіруюць. Паралелі правесці было проста. У 2020-м і пасля стала зразумела, якія людзі нас атачаюць. І я вельмі рада, што сярод іх былі выкладчыкі з нармальнай пазіцыяй.

“Можаш напісаць нейтральную нататку, выключна факты, без лізання дуп і праслаўлення ўлады”

Аляксандр (імя зменена) вучыўся на бюджэце на спецыяльнасці “Веб-журналістыка”. Цяпер яму трэба адпрацаваць у адным з дзяржаўных СМІ два гады. Хлопец знайшоў сабе месца на размеркаванне. Кажа, што там яму не давядзецца хлусіць чытачу. 

— Так, не ўсе тэмы дазволеныя. Але калі ў цябе адабралі кавалак урадлівай зямлі, пачынаеш шукаць нейкія ўчасткі яшчэ. Думаеш, як сказаць аб важным і пры гэтым атрымаць згоду кіраўніцтва на публікацыю. Сапраўды, атрымліваецца праблемы ўздымаць. 

А калі раптам давядзецца асвятляць дзяржаўныя мерапрыемствы?

—  Ты маеш выбар. Можаш напісаць нейтральную нататку, выключна факты, без лізання дуп і праслаўлення ўлады.

Прызнаюся, часам задаю сабе шмат пытанняў, ці правільны выбар зрабіў. Пакуль перамагае думка, што я абраў максімальна няшкоднае месца.

—  Напэўна, ні за адзін матэрыял мне не сорамна, бо ведаю, што ён не проста бяскрыўдны —  ён карысны, —  кажа хлопец. 

Адлічыцца да размеркавання і з’ехаць з Беларусі для Аляксандра не варыянт. Ён прывязаны да месца. Пайсці ў іншую сферу таксама не яго шлях.

—  Можна спрачацца пра кампрамісы, супрацоўніцтва з уладай. Іншых шляхоў, акрамя абранага, зараз я не бачу, —  тлумачыць Аляксандр. — Ведаю платнікаў, якія самі пайшлі ў дзяржаўныя СМІ працаваць пасля выпуску.

Таксама здзівіла, колькі сярод маладых людей абралі шлях Мукавозчыка і Азаронка. Чытаў іх калонкі ў СБ, смяяўся і плакаў. Хутка засвоілі метадычку.

—  Ёсць свае версіі, чаму яны зрабілі такі выбар. Але не буду распаўсюджваць плёткі і здагадкі. У той жа час не варта ўсіх, хто застаўся і пайшоў па размеркаванні, лічыць нейкімі ворагамі. Калі чалавек марыў стаць, напрыклад, медыцынскім журналістам і пайшоў у які-небудзь “Медыцынскі веснік”, за што яго ганіць? Ці працуе літаратурным рэдактарам, —  разважае хлопец.

Наконт цэнзуры Аляксандр кажа, што ніхто з чырвоным алоўкам над тэкстамі не сядзіць. 

—  Усе даўно ведаюць, пра што пісаць і казаць нельга. Людзей даўно выдрэсіравалі. Да ўсяго гэтага ў мяне такое стаўленне. Тэма А, Б і В забароненыя, але застаюцца тэмы Г, Д і далей па спісе не менш важныя. Сысці і не ўзняць ніводную, ці прыняць недасяжнасць тэм А, Б, В і ўзняць тэмы Г, Д і далей па спісе? Думаю, другі варыянт больш карысны для краіны і мяне. Калі ведаеце іншыя магчымасці для тых, хто не хоча ад'язджаць з краіны, падзяліцеся, – дадае ён. 

На пытанне, ці хоча ён пачаць працаваць у незалежных медыя, адказвае, што ён пакуль не бачыць выданняў і парталаў “па той бок”, якія б пісалі пра сферу, у якой ён працуе. Яна дастаткова вузкая. 

З усіх дысцыплін, якія Аляксандр вывучаў на журфаку, сапраўды каштоўных 5-7. Многіх выкладчыкаў, якія далі студэнтам нешта карыснае, звольнілі.

—  Журфак вельмі слабы. На добрыя дысцыпліны мала часу. У выніку ўсё галопам —  што быў той курс, што яго не было. Мала практыкі. Кажуць: “Дзеля гэтага вы ходзіце ў рэдакцыі”. Але давайце будзем рэалістамі: мала ў якой рэдакцыі з вамі будуць цацкацца. Не кожны з цяперашніх выпускнікоў можа зрабіць звычайную нататку. З беларускай мовай — татальная цемра”, —  падсумоўвае ён.

“Адказа на пытанне пра будучыню няма”

Кацярына (імя зменена), як і Аляксандр, вучылася на спецыяльнасці “Вэб-журналістыка”,  толькі на платным аддзяленні. Заканчэнне ўніверсітэта для яе стала дваякай падзеяй. З адного боку — гэта стопрацэнтны спакой за маральныя асновы і каштоўнасці. З другога — дзяўчына разумее, колькі рызыкаў у цяперашняй Беларусі нясе наяўнасць гэтых самых каштоўнасцей. 

— У маім жыцці мала што кардынальна мяняецца ў плане працы, у адрозненне ад маіх аднакурснікаў. Няма размеркавання, я не іду працаваць у дзяржаўных СМІ. Не давядзецца пераступаць праз свае прынцыпы. Здаецца, я б пераступіць не змагла, — гаворыць дзяўчына.

І адразу дадае, што з-за гэтага ўзнікае палярнае адчуванне спакою і ўпэўненасці, а яшчэ — небяспекі і нявызначанасці з-за працы.

— З заканчэннем журфака і думкай пераходу на сталую працу ў мяне з'явілася больш пытанняў, чым адказаў датычна планаў і будучыні,— прызнаецца яна. 

Дзяўчына пакуль што не вырашыла, куды пойдзе працаваць. Яна не ведае, дзе, знаходзячыся ў Беларусі, шукаць вакансію журналіста . Кацярына лічыць, яе знаходжанне ў краіне больш мінус, чым плюс.  

— Адпаведна, узнікаюць і думкі аб ад’ездзе з краіны. Нават банальна, каб знайсці працу па маёй спецыяльнасці, а не ісці ў Макдональдс за касу, таму што лепш так, чым у “СБ”. Выходзіць, што ўзнікае ўнутраны канфлікт і адказа на пытанне пра будучыню няма. Ідэальнае развіццё падзей — знайсці мястэчка ў незалежным выданні, якое даносіць да людзей аб'ектыўныя факты і гаворыць з імі не мовай варожасці, а сумленна пра навакольную рэальнасць. І вось я дала сабе месяц на рэалізацыю гэтага ідэальнага плана па пошуку працы. Паспрабую ўсё, а там паглядзім, – падсумоўвае дзяўчына.

Чытайце яшчэ:

Галоўрэд Сяргей Календа: "Для “Мінкульта” самая вялікая перспектыва, калі ў Беларусі ён будзе ў кожным шапіку"

Белорусские журналисты-расследователи продолжают работу из-за рубежа

"Самым цяжкім сёння здаецца год без фізічнага кантакту": сям'я палітзняволенага Скурко адзначае дзесяцігоддзе са дня шлюбу

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!