643

Заява ГА "БАЖ" і Беларускага ПЭН-цэнтра з нагоды прысуду Марыне Золатавай

04.03.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

4 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска пакараў галоўнага рэдактара самага папулярнага беларускага інтэрнэт-партала Tut.by Марыну Золатаву штрафам у 7 650  рублёў паводле абвінавачання ў бяздзеянні службовай асобы (арт. 425 Крымінальнага кодэкса) і спагнаў на карысць БелТА працэсуальныя выдаткі ў памеры 6 000 рублёў. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Марына Золатава — адзіная асоба, крымінальная справа якой была перададзена ў суд па так званай “справе БелТА”. Астатнія фігуранты справы (не менш за 14 чалавек), якія абвінавачваліся ў несанкцыяваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва (ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса), былі вызвалены ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў і фактычным прымусам да выплаты кампенсацый дзяржаўным медыям БелТА і “СБ.Беларусь сегодня”. Памер кампенсацыі вызначаўся па методыцы, якую нельга прызнаць справядлівай і абгрунтаванай.

ГА “БАЖ” і іншыя праваабарончыя арганізацыі ад пачатку звязвалі так званую “справу БелТА” з ціскам на свабоду слова. Ператрусы ў кватэрах журналістаў і рэдакцыях, кароткачасовыя затрыманні журналістаў і рэдактараў (пераважна — жанчын), адабранне прафесійнай тэхнікі, неабходнай для працы журналістаў і рэдакцый падчас папярэдняга следства па крымінальнай справе, выглядалі яўна празмернымі і накіраванымі на запужванне журналісцкай супольнасці.

Падчас судовага працэсу стала вядома пра праслухоўванне тэлефоных размоў Марыны Золатавай і некаторых журналістаў задоўга да ўзбуджэння крымінальнай справы. Шэраг журналістаў у судовым працэсе заявілі, што супрацоўнікі Следчага камітэту аказвалі ціск на іх падчас допытаў з мэтай атрымаць паказанні супраць Марыны Золатавай.

Само абвінавачанне ў бяздзейнасці службовай асобы выглядае спробай прыцягнуць яе да крымінальнай адказнасці любымі сродкамі. Пра палітычны характар пераследу сведчаць і празмернасць асабістага дагляду прысутных падчас разгляду судовай справы у будынку суда.

ГА “БАЖ” і Беларускі ПЭН-цэнтр заклікаюць улады Беларусі:

  • неадкладна спыніць непрапарцыйнае ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у працу журналістаў і недзяржаўных СМІ;

  • прыняць меры для адмены прысуду Марыны Золатавай і вызваліць яе ад крымінальнай адказнасці.

Мы ўпэўненыя, што жорсткія меры супраць журналістаў, якія праходзілі па “справе БелТА”, не паўплываюць на рэдакцыйную палітыку незалежных медыяў.

4 сакавіка 2019 года

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Беларускі ПЭН-цэнтр

Да заявы далучыліся:

- Праваабарончы цэнтр "Вясна"

- Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Прававая ініцыятыва"

- Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права"

- Экспертна-прававое таварыства "Ініцыятыва FORB"

- Асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі"

- Публічная ўстанова "Беларускі дакументацыйны цэнтр"

- Асветніцка-дабрачынная ўстанова "Камітэт "Салідарнасць"

- Асамблея НДА

- Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"

- Установа "Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта"

 

    

Бастунец прысуд Золатавай зьвязвае з набліжэньнем выбараў

Арлем Дэзір: Прысуд Золатавай можа негатыўна паўплываць на незалежныя СМІ ў Беларусі

Зісер пра вырак Золатавай: «Гэта яшчэ мяккі прысуд, і я лічу яго перамогай»