НЕ - ВАЙНЕ!
831

Заснавальнік сайта Orsha.eu месяц пражыў пад бамбёжкамі ў Чарнігаве. Расказвае пра "ваенны сіндром", інстынкты самазахавання і крах рэжымаў

31.03.2022 Крыніца: Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў

Ігар Казмерчак — заснавальнік рэгіянальнага медыя Orsha.eu, восенню мінулага года з’ехаў пад ціскам рэпрэсій у Чарнігаў, будаваў планы развіваць беларускую супольнасць. Але. Ён месяц пражыў пад бамбёжкамі ў Чарнігаве, на днях змог выехаць у Львоў. Ігар расказаў пра падзеі ў горадзе, новы досвед, новыя каштоўнасці і свой прагноз, як будзе развівацца сітуацыя.

Эвакуацыя: звычайна дарога ад Чарнігава да Львова заняла б восем гадзін, а мы ехалі трое сутак

— Эвакуацыя мне больш за ўсё, асабліва ў першыя гадзіны, нагадала фільм «Імгла» (Фільм зняты па матывах аповесці Сцівена Кінга «Туман» (The Mist, 1980). Рэд.) — туман накрывае горад, напрыканцы фільма людзі выходзяць з гандлёвага цэнтра і бачаць, што адбылося з горадам, яны ўвесь час адчуваюць небяспеку, бо на іх могуць напасці монстры. Адзін у адзін так выглядала наша эвакуацыя.

Мы ехалі праз разбомбленыя вуліцы, разумелі, што ў любы момант можа накрыць мінамётны агонь, бачылі расстраляныя машыны — пару вайсковых, але большасць былі цывільныя. Наступствы вайны шмат дзе відавочныя: праязджалі палі на іх тырчалі неразарваныя ракеты, як кукурузіны непрыбраныя. Бачыў лагеры для бежанцаў, дзве ночы там правёў.

Звычайна дарога ад Чарнігава да Львова заняла б восем гадзін, а мы ехалі трое сутак. Уражвае гэта ўсё.

Чым далей ад Чарнігава, тым менш слядоў вайны. Здаецца, у Вінніцкай вобласці ўбачыў трактар, за якім ішоў чорны шлейф, думаў, нешта гарыць. Але гэта быў узняты пыл ад сухой зямлі. У мяне дагэтуль парушаныя асацыяцыі — што норма, а што не норма. Напэўна, так і выглядаюць ваенныя сіндромы.

У Чарнігаве засталося шмат эмоцый — я любіў гэты горад і да вайны. Недзе праз год пасля «аранжавай рэвалюцыі» першы раз трапіў у Чарнігаў, з таго часу бываў там штогод, так лёс складаўся. Таму быў рады, калі пасяліўся ў гэтым горадзе.

Думаю, у нейкі момант усё адно давядзецца туды вярнуцца. Там кавярня была, дзе сёмая кава — бясплатна, а ў мяне за дзень да вайны набралася шэсць купонаў. За сёмай бясплатнай дакладна давядзецца паехаць (смяецца. — Рэд.).

Моцна пацярпелі ўскраіны Чарнігава — дзе даставала расійская артылерыя, ускраіны бамбілі моцна. Кепска ўсё стала з медыцынай. Я не ведаю, па шчырасці, колькі бальніц было ў Чарнігаве, але ёсць адчуванне, што іх усе бамбілі, ці побач праляталі снарады і павыбівала вокны. Пацярпелі помнікі архітэктуры. На шчасце, не самыя важныя, але гэта ўсё адно непрыемна.

Разбураная інфраструктура. Пакуль я быў там, то не зусім усведамляў, наколькі ненармальна ў ХХІ стагоддзі хадзіць з зарадкай, спадзеючыся, што дзесьці атрымаецца падзарадзіць тэлефон. Некалькі дзён я прасядзеў без электрычнасці — не чытаў навін, не было ніякай інфармацыі.

Я не асэнсоўваў, што набіраць ваду з ракі, якая да таго ж крыху смярдзіць, для мыцця і туалета таксама не норма, так не павінна быць. Людзі не павінны гатаваць ежу на вогнішчы ў двары.

Пачало даходзіць, што гэта ўсё ненармальна, толькі калі пабачыў у полі той самы трактар. Чым далей ад Чарнігава, тым усё больш мірнае жыццё. Нават сустрэлася крама з нізкаградусным алкаголем. У Чарнігаве, калі вайскоўцы бачылі людзей з алкаголем, разбівалі бутэлькі. У Чарнігаве ўсё гэта здавалася нормай, бо ўсе так жывуць. Але не.

 

Жыццё падчас вайны: калі чуеш авіябомбу, арганізм патрабуе, каб ты некуды бег, хаваўся

Першыя дні арганізм не разумее, як паводзіцца пад бамбёжкамі. Можа баяцца, у мяне ён «прасіў» спаць, змяншаецца апетыт. А потым разумееш, што ў крамах цяжкавата знайсці нешта. То, можа, гэта і добра.

Самае складанае — мыцца, калі няма вады, цяпла. Праз некалькі тыдняў я навучыўся ваду з ракі выстаўляць у вядры на балконе на сонца, каб яна прагравалася і можна было хоць крыху галаву памыць. Калі пад Кіевам на аўтазапраўцы змог памыць пад кранам рукі цёплай вадой, гэта было адчуванне поўнага шчасця. А потым яшчэ і цёплая ежа…

Не параіў бы нікому гэта перажываць. Да артылерыйскіх атак прывыкаеш, я хоць ні дня не служыў у войску, але ўжо ведаю па гуку, дзе артылерыя працуе «на выхад», а дзе «на ўваход». Самае страшнае — авіяцыйная бамбёжка. Калі ляціць самалёт, ад яго характэрны шум. Але разумееш, калі і чуеш яго, што ў гэты момант ён ужо ў іншым месцы. Авіябомбы страшныя па сваёй разбуральнасці. Я назіраў, як падалі авіябомбы: гэта было далекавата, але такі «грыб» вогненны вырастаў, што на плошчы ў 100-200 метраў, відаць, нічога жывога і не заставалася.

Авіябомба патрапіла ў гатэль «Украіна» ў Чарнігаве, думаю, шмат хто бачыў гэтыя фота — будынак стаў выглядаць бы літара «м», проста некалькі паверхаў было знішчана. Аскепкі адляталі на сотні метраў. Калі чуеш авіябомбу, арганізм патрабуе, каб ты некуды бег, хаваўся.

Можна доўга распавядаць, але такі досвед немагчыма зразумець. У дарозе я думаў пра гэта і параўнаў з пеклам. Мы як бы разумеем, што яно ёсць, можам паверыць у яго, але пакуль не пабываем, то не ведаем дакладна. Ніхто не зможа да канца зразумець, як гэта. Можна паверыць, але не зразумець.

Шмат адбываецца ўнутры цябе падчас авіяўдару: жаданне бегчы ад авіябомбаў, пры тым ты не ведаеш куды бегчы. Проста інстынкты, натуральныя рэакцыі арганізма схавацца. І гэта не паніка.

На вайне таксама шмат побытавых раздражненняў: напрыклад, няма святла, і ты не можаш напісаць родным, што жывы.

Пра інфармацыю і прапаганду: самасвядомасць украінцаў не пачалася ў 2020 годзе, як у многіх беларусаў

— Людзі пераважна праз Telegram атрымліваюць інфармацыю. Гэта важная крыніца, хаця пакуль у мяне быў тэлевізар, я ўключаў яго. Уначы можна было пачуць паветраную трывогу на чарнігаўскіх каналах. Давяраюць — хто каму і чаму хоча. У чарзе па ваду можна наслухацца рознай ахінеі і плётак.

Але, не зважаючы на адсутнасць тэлебачання, людзі вераць ва Украіну. Прапаганда Расіі ніяк не паўплывала на іх светапогляд. Іх самасвядомасць не пачалася ў 2020 годзе, як у многіх беларусаў. Украінцы прайшлі доўгі шлях да асэнсавання сябе.

Што тычыцца сайта Orsha.eu, дык мы не адны заблакаваныя. Наведвальнасць упала моцна, але ў нас былі развітыя сацсеткі, і мы зрабілі на іх акцэнт пасля блакіроўкі. Раней гэта быў самы папулярны сайт пра Оршу, а хутка будзем самым папулярным аршанскім рэсурсам у сацыяльных сетках: у нас высокае месца ў Instagram, някепскія пазіцыі ў «ВКонтакте», хутка раскручваецца YouTube, бо я вёў відэадзённік падчас вайны, таксама з'яўляюцца відэа з нейкіх здарэнняў у Оршы.

Я не бачу катастрофы. У нас цяпер шмат «агентуры», якая дае інфармацыю з горада, але, мяркую, што калі зʼявіцца магчымасць зноў працаваць у Беларусі, то мы не толькі вернем свае пазіцыі, але і ўзмоцнім іх. Гэта добры досвед у экстрэмальных умовах. І я хачу падзякаваць усёй рэдакцыі, якая працавала, пакуль быў без сувязі.

Гэтая вайна насамрэч моцна паскорыла ўсе гістарычныя працэсы, якія і так відавочныя. Я прадказваю — і разумею адказнасць за такія аптымістычныя прагнозы — што да канца года не будзе ні Пуціна, ні Лукашэнкі. Мы вернемся ў Беларусь і зможам нармальна працаваць у легальным полі.

Я паглядзеў, як працуюць СМІ ва Украіне, ведаю, якія медыя ў Польшчы, Літве. Беларускія дзяржаўныя раёнкі — гэта поўны «калгас». Перабіць іх аўдыторыю будзе вельмі проста. Таму я чакаю, калі сітуацыя зменіцца і мы зможам нармальна працаваць і атрымліваць з гэтага добры вынік.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!