НЕ - ВАЙНЕ!
1256

«Зафарбавалі бел-чырвона-белы сцяг, каб перастрахавацца». Адкрываецца выстава фатографа «Нашай Нівы» Сяргея Гудзіліна

04.08.2016 Крыніца: Любоў Каспяровіч, afisha.tut.by

5 жніўня ў прасторы ЦЭХ адкрываецца персанальная выстава Сяргея Гудзіліна. У праекце «Кандэнсат» — 9 фотасерый, у якіх кожны беларус знойдзе і пазнае сябе. AFISHA.TUT.BY напрасілася паўдзельнічаць у мантажы выставы і пераканалася, што яе ні ў якім разе нельга прапусціць.

5 жніўня ў прасторы ЦЭХ адкрываецца персанальная выстава Сяргея Гудзіліна. У праекце «Кандэнсат» — 9 фотасерый, у якіх кожны беларус знойдзе і пазнае сябе. AFISHA.TUT.BY напрасілася паўдзельнічаць у мантажы выставы і пераканалася, што яе ні ў якім разе нельга прапусціць.

За дзень да адкрыцця белыя сцены ЦЭХа толькі пачынаюць запаўняцца сэнсамі. Гудзе шрубавёрт, гучна падаюць інструменты. Плошчу Беларусі ўціскаюць да 60 квадратных метраў, на якіх з дапамогай відэа, фота, інсталяцый пакажуць рэальнае жыццё краіны. На працягу сямі гадоў Гудзілін даследаваў яе монацэнтр, сталіцу, і мультыўскраіны, дакументаваў важныя грамадска-палітычныя падзеі, асабістыя гісторыі і моманты, якія ўтвараюць штодзённасць беларусаў. Тут і сталічны Silver Man у сваім найлепшым строі, і пастух з каровамі, і святочныя сталы на магілах.

«Жанчына зафарбоўвае фатаграфію, на якой жанчына зафарбоўвае надпіс»

— Мне не хацелася, каб гэта быў набор справаздачных фатаграфій на цвіках, — кажа Сяргей. — Тут мноства розных праектаў, якія склаліся ў адно апавяданне. Пра Беларусь, якая ў маім уяўленні выглядае як парнік. Закрытае грамадства, замкнёныя працэсы, якія «мігруюць» у розныя станы: з цвёрдага ў вадкі, з вадкага ў газападобны.

Уваход на выставу — гэта абітыя плёнкай дзверы, якія без прадмоў намякаюць, дзе мы жывём і куды цяпер патрапілі.

— Кожны глядач павінен вырашыць для сябе сам, што ён убачыць за гэтымі дзвярыма. Ці адчыніцца парнік? Гэта уваход або выхад? У нас была ідэя стварыць дзіўную прастору, з першага погляду незразумелую — як і Беларусь у сваёй разнастайнасці.

Распавядаць пра гісторыі фотаздымкаў Сяргей, мабыць, не прывык. У прынцыпе, гэта можна растлумачыць: ёміста і востра пра ўсё ўжо сказала карцінка. Але аб адным здымку Сяргей распавёў выдатную ў сваёй абсурднасці гісторыю.

— Гэта фота — з серыі «Супрэматычны горад», якая зарадзілася выпадкова. Вось здымак, дзе жанчына зафарбоўвае пратэстнае графіці. У Нацыянальным мастацкім музеі ў 2014 годзе адбылася выстава Zabor, дзе экспанавалася гэтая серыя. Адзін з элементаў фатаграфіі — бел-чырвона-белы сцяг — быў адрэдагаваны работнікамі музея. Яны яго зафарбавалі, каб перастрахавацца, мабыць. Падабралі блізкі колер, але да канца не схавалі яго, можна адгадаць, што тут. Так атрымалася, што побач быў сведка, які са спіны зняў, як замалёўваюць сцяг. У выніку атрымалася рэкурсіўнае відэа: жанчына зафарбоўвае фатаграфію, на якой жанчына зафарбоўвае надпіс. Мы гэтую працу павесілі ў дарагую музейную раму, каб перадаць прывітанне Нацмузею, а побач паставілі тэлевізар, які будзе паказваць відэа.

Фотаздымак надрукаваны на танным матэрыяле, але пасля рэдагавання ён стаў чымсьці іншым. І ёсць жаданне захоўваць яго далей.

— Манекены — яшчэ адна сакрэтная частка выставы, новы медыум, — тлумачыць задумкі каманды Сяргей. — Фота, якія тут прадстаўлены, у асноўным ужо бачылі. Мы хацелі паказаць іх у іншай якасці і выглядзе. Здымкі з іншых праектаў мы ператварылі ў рэчы, якія будуць надзетыя на манекены. Рэальнасць можа быць адлюстравана ў фатаграфіі, а потым фотаздымак ператвараецца ў іншыя сэнсы і прызначэнні. Гэта атрымаецца гісторыя пра вобразы, якія ператвараюцца ў рэчы. Дарэчы, усё на выставе прадаецца. Будуць і паштоўкі з серыі «Mi(е)нск» у невялікім тыражы, якія стануць віп-квіткамі.

«Беларусь гатовая змясціць у сабе і Дажынкі, і FSP»

Куратар выставы Антаніна Серакова даўно знаёмая з Сяргеем і запэўнівае, што ў яго здымках няма злой іроніі і смеху, як можа спачатку здацца гледачам. Ён не канструюе, а фіксуе моманты і падзеі. І калі яны не ўпісваюцца ў асабістыя ўяўленні аб беларускай светабудове, ад гэтага, нават пры самым моцным жаданні, яны не перастануць існаваць.

— Фатаграфія — гэта заўсёды оптыка, — распавядае Антаніна. — Адзін і той жа яблык можна зняць дванаццаццю рознымі спосабамі, у залежнасці ад таго, што мы хочам паказаць. А вакол тэмы «Беларусь» мы не ведаем, з чаго пачаць, як яе зняць. Таму кожны раз, калі мы прыдумляем нейкія тэорыі: Беларусь як еўрапейская краіна, як сельскагаспадарчая, сацыяльна арыентаваная, айцішнай дзяржава, Кастрычніцкая як маленькі Берлін — рыхтуем сябе на правал. Ні адна татальная канцэпцыя не працуе да канца. Здымем мы, да прыкладу, што адбываецца на Кастрычніцкай. Але гэта не дасць адказу на пытанне, што такое Беларусь. Менавіта ўсё разам стварае для нас агульную карцінку з мазаік, кадраў, супярэчлівых адзін аднаму. Беларусь гатовая змясціць у сябе і Дажынкі, і FSP. Гэта значыць, па сутнасці, Беларусь — гэта і тое, і другое. Якраз таму, што мы знаходзімся ў стане пераходу. На фотаздымках Мінска гэта добра бачна.

Калі: з 5 па 28 жніўня.

Дзе: ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая, 16).

Колькі: 5 рублёў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!