510 2

За што судзяць аўтараў расейскага сайту Regnum. Цытаты з артыкулаў

22.12.2017 Крыніца: Радыё Свабода

У Менскім гарадзкім судзе 18 сьнежня праходзіць працэс у справе аўтараў інтэрнэт-рэсурсу Regnum, якіх вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці.

Свабода сабрала цытаты, зачытаныя ў судовай залі і выкарыстаныя для абвінавачваньня Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі.

Цытаты з артыкулаў Дзьмітрыя Алімкіна

Дзьмітры Алімкін

Дзьмітры Алімкін абвінавачваецца паводле часткі 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу «Распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці». Калі гэтыя дзеяньні ўчыніла група асобаў, то артыкул прадугледжвае за іх пазбаўленьне волі ад пяці да дванаццаці гадоў.

У віну падсуднаму ставяцца артыкулы «Вышыванцы, мне вас не шкада», «Беларуская мова. Не мыцьцём дык катаньнем» і іншыя. У іх, паводле пракурора Аляксандра Караля, дапушчаныя зьняважлівыя выказваньні пра беларусаў.

Пра сьмерць беларускай мовы

У сваіх публікацыях Алімкін называў беларускую мову «расейскім дыялектам». Паводле падсуднага, паміж сусьветнымі мовамі адбылася своеасаблівая алімпіяда, па выніках якой у лідэрах апынуліся расейская, ангельская, гішпанская ды некаторыя іншыя мовы. А вось беларуская і ўкраінская «спазьніліся на алімпіяду», і ад іх нібыта трэба адмовіцца.

  • «У беларускай мовы ўсё роўна няма ніякіх шанцаў».
  • «У цяперашні час беларуская мова незапатрабаваная. Калі хто ня ведае, беларускую мову ўжываюць толькі дыктары радыё».
  • «Беларускай мовай карыстаюцца толькі апазыцыянэры».

Вывучэньне беларускай мовы дзецьмі, на думку Алімкіна, можа «сапсаваць назаўсёды мазгі». Беларускіх чыноўнікаў ад адукацыі ён называе «недабітымі паліцаямі».

  • «Людзі ўпарта адмаўляюцца аддаваць дзяцей у беларускамоўныя клясы».
  • «Па-беларуску гаварыла ў канцы 90-х толькі жменька графаманаў, якія называлі сябе пісьменьнікамі».
  • «Сталін разграміў нацыяналістаў і спыніў беларусізацыю».

Пра беларускую нацыю і беларускі сьвет

  • «Беларуская нацыя была штучна створаная ў канцы 19 стагодзьдзя... Гэта была мясцовая папуляцыя расейцаў, якія тут жывуць».
  • «Беларусы — толькі прамежкавы прадукт, каб падзяліць расейскі народ. Ва Ўкраіне гэта ўжо зрабілі».

Паводле Алімкіна, у будучыні сьвет будзе падзелены не на краіны, а на мовы. Расейскамоўныя жыхары Ізраілю таксама належаць да «русского мира», лічыць Алімкін.

«Беларускага сьвету ня будзе, у тым ліку з прычыны адсутнасьці золатавалютнага рэзэрву».

Пра адносіны з Расеяй

Як лічыць пракурор, артыкулы Алімкіна маглі садзейнічаць «узьнікненьню ў Беларусі канфлікту, падобнага да таго, які ўзьнік ва Ўкраіне». Падсудны пісаў, што цяперашнія беларускія ўлады абвясьцілі вайну расейскай культуры пасьля таго, як ад Расеі зьменшылася грашовая дапамога.

«Абсалютная большасьць беларусаў жадае аб’яднацца са сваёй гістарычнай радзімай — Расеяй».

Паводле пракурора, Алімкін сьцьвярджаў у сваіх артыкулах, што індустрыялізацыя Беларусі — заслуга выключна Расеі і расейскага народу.

«Беларусь — частка расейскай тэрыторыі».

Пра варожасьць да іншых народаў

На думку пракурора, Алімкін выказвае нэгатыўнае стаўленьне да палякаў, распальвае варожасьць да «прадстаўнікоў амэрыканскага і нямецкага сьветаў»:

«Не падабаецца рускі сьвет — ідзіце ў амэрыканскі. Там аб вас ногі вытруць», — пісаў Алімкін у адным з падзагалоўкаў.

У адным з артыкулаў, што напісаў падсудны пра Ўкраіну, чытаем:

«Народ там ня вытрымаў русафобскай палітыкі і паўстаў. Пакуль толькі на Данбасе, потым гэтак будзе ва ўсёй Украіне».

Цытаты з артыкулаў Юрыя Паўлаўца

Юры Паўлавец

Выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Юры Паўлавец абвінавачваецца ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці празь нясплату падаткаў за ганарары ў буйным памеры — ня менш як 40 000 рублёў. Эпізоды пачаліся з 2011 году.

Дзе знайшлі распальваньне нацыянальнай варожасьці?

Паводле пракурора, да 6 траўня 2016 году Юры Паўлавец, знаходзячыся ў Прылуках пад Менскам, разам з групай нявысьветленых асобаў рыхтаваў артыкулы «Ідэнтычнасьць беларусаў. Мінулае і сучаснасьць» ды іншыя, чым «учыняў дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне варожасьці паводле нацыянальнай прыналежнасьці».

Паводле пракурора, у артыкулах Паўлавец выказваў сумненьні ў нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, казаў, што ўсе пэрыяды фармаваньня беларускай нацыі адзначаюцца русафобіяй і, маўляў, гэтая русафобія нікуды ня зьнікла, цяпер яна перайшла і ў падручнікі гісторыі. Гэта назіраецца ў тым ліку ў звальненьні некаторых дзяржаўных чыноўнікаў, лічыць Паўлавец.

Ідэалягічны шантаж, паводле Паўлаўца, палягае ў сьцьвярджэньнях, што беларусы ніяк не зьвязаныя са славянствам. Ідэя адзінства славянскіх народаў стала замяняцца ідэяй асаблівасьці беларускай нацыі, мяркуе абвінавачаны.

Ён сьцьвярджае, што беларуская мова «наступае», і прыводзіць у прыклад шыльды ў мэтро па-беларуску. Паўлавец піша, што беларуская мова «мёртвая» і спасылаецца на вынікі перапісу, паводле якіх больш за 90 працэнтаў насельніцтва краіны не карыстаюцца дома беларускай мовай.

Паводле пракурора, Паўлавец адмаўляе гістарычную спадчыну ВКЛ, «зьмяншае» значнасьць беларускай мовы, штучна трактуе стаўленьне беларусаў да расейцаў як варожае, «выклікае ў расейскіх грамадзянаў пачуцьцё абурэньня тым, што адбываецца ў Беларусі».

Цытаты з артыкулаў Сяргея Шыптэнкі

Сяргей Шыптэнка

Сяргея Шыптэнку вінавацяць у распальваньні варожасьці і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. На думку пракурора, за працу на сайце Regnum Шыптэнка незаконна атрымаў 22 000 рублёў.

Абвінавачваньне прад’яўлена за публікацыю на сайце «Рэгнума» артыкулаў «Вышываначнае вар’яцтва», «Жорсткія наступствы мяккай беларусізацыі», «Разам супраць Расеі», «Кідок на Захад. Беларусь актывізуе супрацоўніцтва з Польшчай».

Пра беларускую гісторыю

  • «Узьвялічылі магнатаў Радзівілаў, вядомых як ворагі Расеі. Зь іх зрабілі «іконы Беларусі».
  • «Радзівілаўская Біблія 16 стагодзьдзя абвешчаная шэдэўрам беларускага кнігадрукаваньня».
  • «Слуцкія паясы ператвораныя ў беларускую каштоўнасьць».
  • «Нібыта да фармаваньня мэнталітэту беларусаў Расея ня мае дачыненьня».

На думку Шыптэнкі, польскіх дзеячаў прыпісалі да беларусаў, як было з Адамам Міцкевічам, а нацыянальны арнамэнт нагадвае гітлераўскую свастыку.

«Кірыла Тураўскі ператвораны ў беларускага мысьляра, Эўфрасіньню Полацкую абвясьцілі беларускай, беларусам абвясьцілі польскага кампазытара Міхаіла Агінскага».

Пра беларускую мову

  • «Беларусы ня мелі нават граматыкі».
  • «У СССР беларуская мова падтрымлівалася штучна».
  • «У беларускай мове нават няма ўсіх словаў, каб выказацца».

Пра беларусізацыю

Пракурор мяркуе, што Шыптэнка наўмысна правакаваў міжнацыянальную варожасьць да беларусаў.

«Беларусь павольна, але ўпэўнена рухаецца да мадэлі этнічнага нацыяналізму на ўкраінскі ўзор».

Беларусізацыю Шыптэнка лічыць небясьпечнай. Ён прыводзіў прыклад замены назваў населеных пунктаў, указальнікаў на дарогах з расейскіх на беларускія.

  • У Беларусі «ўсё рускае пасьлядоўна зьнішчаецца».
  • «Беларусізацыя насаджалася вузкім колам людзей».

Падсудныя былі затрыманыя летась у сьнежні. У межах гэтай справы сёлета ў сакавіку на запыт беларускага боку ў Маскве быў затрыманы шэф-рэдактар парталу Regnum Юры Баранчык. Але ў Менск яго не дэпартавалі і адпусьцілі.

Каментары

Яшчэ раз пра гэтую справу тут: http://belisrael.info/?p=13498

...і зусім новае: http://belisrael.info/?p=13523