886 1

"За некалькі гадзін да нападу ў горадзе пачалі знікаць святло і сувязь" — Брэст у чэрвені 1941 года ШМАТ ФОТА

22.06.2018 Крыніца: Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук для baj.by

Што адбывалася ў самым заходнім горадзе Беларусі ў першы дзень нападу Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 года.

Вайна зусім побач

Цягам апошніх гадоў у горадзе на Бугу праходзіць івэнт, які называецца “апошні мірны дзень”. Яго мэта — узгадаць, што адбывалася ў Брэсце напярэдадні германскай агрэсіі, а таксама ў першы дзень нападу нацыстаў на Савецкі Саюз. Аднак, варта разумець, што ў чэрвені 1941 года вайна ў Еўропе ішла ўжо амаль два гады. У Брэст яна прыйшла ў верасні 1939 года, калі нямецкія самалёты жорстка бамбілі горад, а жаўнеры Войска Польскага з апошніх сіл спрабавалі абараніць старую крэпасць.

Апагеем Вераснёўскай кампаніі 1939 года стаў сумесны нямецка-савецкі марш-парад, які прайшоў па вуліцы Люблінскай вуніі 22 верасня 1939 года. Ён прадэманстраваў усяму свету тое, што Масква і Берлін аб’ядналіся не толькі супраць Польшчы, але і гатовыя ісці далей у справе рэалізацыі сваіх захопніцкіх амбіцый. Аднак прайшло менш за два гады і два дыктатары сутыкнуліся ў смяротнай сутычцы.

Падчас параду ў Брэсце восенню 1939 года

Савецкія і нямецкія памежнікі ў Брэсце. 1941 год

У перыяд з восені 1939-га па лета 1941 гадоў у Брэст прыехала вялікая колькасць савецкіх чыноўнікаў, вайскоўцаў і членаў іх сямей. Для гэтых людзей далучаныя да СССР тэрыторыі былі кшталту таго, чым сталі краіны Варшаўскай дамовы для савецкіх вайскоўцаў пасля Другой сусветнай вайны. З аднаго боку, гэта была чужая тэрыторыя, бо гаварылі там альбо па-польску, альбо па-беларуску, альбо па-габрэйску, архітэктура выглядала інакш, людзі былі апранутыя ў еўрапейскае адзенне, паўсюль былі крамы і кавярні. Але гэта не перашкаджала “гасцям з Усходу” паводзіць сябе па-гаспадарску на новазанятых тэрыторыях.

“Памятаю, дачка нашых суседзяў бегала па двары і радавалася, што яе бацьку пераводзяць некуды пад Брэст, бо ён быў чыноўнікам у нарыхтоўчай канторы”, — узгадвае мая бабуля, якая нарадзілася і правяла маладосць у Разані. Вось такія разанскія, цвярскія, ленінградскія, маскоўскія таварышы ехалі ў заходнія вобласці БССР “па службовых справах”.

Адной з гэтых камандзіровачных была і Лізавета Касцякова з мястэчка Пакроў, што пад Масквой. Яна ў студзені 1940 года прыехала да мужа — зампаліта асобнага супрацьтанкавага дывізіёна. Маладая сям’я жыла ў доме, пабудаваным яшчэ да вайны польскімі вайскоўцамі. Як узгадвала сама Лізавета, афіцэрскія жонкі ў Брэсце ўзору 1941 года — гэта маладыя, часцей вясковыя дзяўчаты з расійскай глыбінкі. Яны атрымалі магчымасць паглядзець свет, убачыць новыя, яшчэ не савецкія гарады, абзавесціся новым еўрапейскім аддзеннем, прадметамі побыту, а калі пашчасціць, дык і пажыць у доме, дзе “да вайны” жыў нейкі фабрыкант, граф, ці іншы “прадстаўнік заможнага класа”.

Увогуле, напярэдадні нападу Германіі на СССР у Брэсце знаходзілася вялікая колькасць вайсковых частак РСЧА. Тут дыслакаваліся падраздзяленні 28-га стралковага корпуса, 6-й стралковай дывізіі, 42-й стралковай дывізіі, 22-й танкавай дывізіі, 33-ці інжынерны полк, 17-ты чырвонасцяжны памежны атрад і 132-гі канвойны батальён унутраных войскаў НКУС СССР.

Асобную ролю ў жыцці горада адыгрывалі супрацоўнікі Працоўна-сялянскай міліцыі (ПСМ) і ўнутраных войскаў НКУС СССР. Калі першыя ў асноўным займаліся звычайнай для міліцыянераў працай, звязанай з аховай правапарадку, то другіх прыцягвалі да аховы і канваіравання так званага “польскага кантынгента”. Размова ідзе, перш за ўсё, пра 132-гі канвойны батальён, які размяшчаўся ў Брэсцкай крэпасці. Жаўнеры ўзгаданай часткі ахоўвалі і гарадскую турму (былы польскі следчы ізалятар) № 23 на вуліцы Зыгмунтоўскай. Увесну 1941 года ў гэтай турме знаходзілася каля 4 тысяч чалавек, сярод якіх было шмат польскіх грамадзян.

Пад ударам “хаўруснікаў”

Напярэдадні нападу Германіі на СССР жыхары Брэста …ведалі, што хутка вайна вернецца ў горад. Пра магчымасць баявых дзеянняў казалі амаль усе. Але бальшавіцкае кіраўніцтва спрабавала рабіць выгляд, што за Бугам няма канцэнтрацыі нямецкіх войскаў, што Гітлер — хаўруснік Крамля, што немцы рыхтуюцца да перакіду войскаў у Індыю, для барацьбы супраць брытанцаў.

Карацей, на нядзелю, 22 чэрвеня 1941 года вайсковае камандаванне прызначыла ўрачысты паказ тэхнікі на адным з палігонаў пад горадам. Дзеля гэтага, машыны і танкі рыхтавалі да парада, а войскі знаходзіліся ў палявых летніх лагерах. На даклады шматлікіх перабежчыкаў, якія беглі з Генерал-губернатарства (акупаванай нацыстамі часткі Польшчы) увагу не звярталі.

Адзін з галоўных Лінейных адзелаў ПСМ знаходзіўся на чыгуначнай станцыі Брэст-цэнтральны. У ноч на 22 чэрвеня 1941 года там неслі службу каля 30 міліцыянераў.

Як згадвалі выжыўшыя абаронцы будынка вакзала, за некалькі гадзін да нападу немцаў у горадзе на Бугу пачалі знікаць святло і сувязь. А да таго ў Брэсце пачалі з’яўляцца невядомыя асобы, часта ў савецкай вайсковай форме. На іх звярталі ўвагу міліцыянеры, але, парадокс, нікога не затрымлівалі. Маўляў, рамантуюць слупы, ахоўваюць шляхі, правяраюць — так і павінна быць.  

У перыяд з 19 па 21 чэрвеня 1941 года жаўнеры 132-га канвойнага батальёна ўнутраных войскаў НКУС СССР этапавалі эшалоны са зняволеннымі з Брэсцкай, Пінскай і Баранавіцкай турмаў. Цягнікі з арыштаванымі накіроўваліся ў Горкаўкую вобласць. У ноч з 21 на 22 чэрвеня нкусаўцы таксама суправаджалі “спецкантынгент”, які ішоў па маршруце Брэст – Масква – Брэст. Нарэшце, напярэдадні нападу нацыстаў на Савецкі Саюз з Брэсцкай крэпасці ў гарадскую турму, якая знаходзілася ў цэнтры горада, накіраваліся новыя пасты і каравулы.

А хутка пачалося пекла. Немцы абстрэльвалі горад на Бугу, яго ўскраіны, а таксама крэпасць з артылерыі, распачалі масіраваную авіябамбардзіроўку. Калі выбухі скончыліся, побач з будынкам чыгуначнага вакзала з’явілася пяхота вермахта. Міліцыянеры пад камандаваннем начальніка лінейнага адзела Андрэя Вараб’ёва накіраваліся да Заходняга маста. Другі атрад ПСМ пад камандаваннем старшыны Паўла Баснева заняў абарону на прывакзальнай плошчы. Трэці атрад абараняўся на Ковельскім мосце. Міліцыянеры занялі кругавую абарону, але сілы былі няроўнымі. Ужо ў 5 гадзін на Заходнім мосце распачаўся кровапралітны бой. Праз некаторы час немцы змаглі выцесніць міліцыянераў і чырвонаармейцаў у будынак вакзала. Далей была абарона ў падвалах. Немцы не змаглі выбіць абаронцаў з іх “крэпасці” і пусцілі ў падвалы ці дым, ці газ, ад якога міліцыянераў і чырвонаармейцаў пачало ванітаваць. Пазней нацысты пачалі затапліваць падвал, але некалькі абаронцаў вакзала ўсё ж уратаваліся.

Будынак чыгуначнага вакзала ў Брэсце

Гэты будынак абаранялі міліцыянеры ў чэрвені 1941 года

Не меньш трагічная сітуацыя адбылася і ў цэнтральнай турме Брэста. Яе камендант спрабаваў арганізаваць абарону. Байцы 132-га канвойнага батальёна заселі ў вокнах і назіралі за тым, як немцы падыходзяць да будынка. На ўзбраенні “васільковых фуражак” было 17 вінтовак і адзін “Максім”. Негледзячы на гэта, бой усё ж адбыўся. І цяпер на сценах былой турмы, у якой сёння знаходзіцца швейная фабрыка, бачныя сляды ад куль. Хутка ахова турмы пачала разбягацца па горадзе. У выніку ўся ўнутраная дакументацыя НКУС трапіла ў рукі немцаў. Вязні пачалі выбіваць дзверы камер і выходзіць на свабоду. З іх дапамогай немцы распачалі сапраўднае паляванне на былых ахоўнікаў і наглядчыкаў турмы. Тыя, хто трапляў у рукі, былі растраляныя на месцы.

Былая польская турма, у 1941 годзе турма НКУС. Бачныя сляды абстрэлу

У бой супраць немцаў уступілі і жаўнеры 132-га канвойнага батальёна ўнутраных войскаў НКУС у Брэсцкай крэпасці. Вораг пераплываў раку на лодках, а “канвойнікі” адбіваліся з вокнаў казармы. Варта адзначыць, што большасць камандзіраў і афіцэраў батальёна знаходзіліся ў камандзіроўках, ці былі ў Брэсці, і прабіцца ў месца размеркавання сваіх падначаленых не змаглі. У турме Брыгіткі нкусаўцы аказаліся ў пастцы. Звонку наступалі немцы, а ў камерах сядзелі польскія вайскоўцы і цывільныя, якія таксама імкнуліся паквітацца з “вертухаямі”. Хутка немцы знішчылі супраціў байцоў канвойнага батальёна і захапілі турму. Пазней частка “канвойнікаў”, якія выжылі ў баях, спрабавалі прабіцца з крэпасці, аднак большасць з іх трапілі ў нямецкі палон.

У час, калі абаронцы Брэсцкай крэпасці вялі цяжкія баі супраць немцаў, у самім горадзе склалася не менш трагічная сітуацыя. Пра магчымасць нападу Германі на СССР здагадваліся амаль усе, але эвакуіраваць сем’і савецкім вайскоўцам і чыноўнікам не рэкамендавалася. А раніцай 22 чэрвеня 1941 года ўжо давялося бегчы.

Бамбёжка была настолькі моцнай, што Лізавета Касцякова, пра якую мы згадвалі вышэй, не паспела нават дакументы захапіць з дома, у якім яна жыла з мужам. Смага, кроў, забітыя жанчыны, мужчыны, дзеці. Калі стала зусім цяжка, жонкі камскладу здаліся ў палон. Немцы трымалі гэтых жанчын у турме — там, дзе яшчэ нядаўна сядзелі польскія грамадзяне. Пазней Лізавеце ўдалося вызваліцца.

Аўтар артыкула ў Брэсцкай крэпасці ў мундзіры савецкага памежніка

Уратавацца ў той жудасны дзень, 22 чэрвеня 1941 года, змаглі далёка не ўсе. Савецкія грамадзяне, вайскоўцы, чыноўнікі верылі, што ім трэба пратрымацца яшчэ гадзіну, яшчэ трыдцаць хвілін і прыйдзе дапамога, падтрымка. Аднак Чырвоная армія адступала, а нямецкі “Бліцкрыг” рушыў на Усход.

Бальшавіцкае кіраўніцтва Брэста збегла настолькі хутка, што забылася эвакуіраваць абкамаўскі архіў. У руках немцаў апынуліся спісы партыйнага і камсамольскага актыва. А ў будынку Дзяржбанка нацыстаў чакалі… 22 мільёны савецкіх рублёў, а таксама вялікая колькасць аблігацый. У будынку Упраўлення НКДБ супрацоўнікі нацысцкага Абвера знайшлі шмат сакрэтнай дакументацыі, у тым ліку, спіс сакрэтных тэлефонаў у Крамлі і хатніх тэлефонаў членаў савецкага ўраду.

Вось толькі некаторыя эпізоды з тых жахлівых падзей, што адбываліся ў памежным Брэсце 22 чэрвеня 1941 года. Але гэта быў другі акт трагедыі, якая пачалася яшчэ 1 верасня 1939 года. Згадваючы чэрвень 1941-га, варта памятаць, што Другая сусветная вайна пачалася са змовы Гітлера і Сталіна ў жніўні 1939-га.

Пахаванне савецкіх салдат у Брэсце

Каментары

Вельмi цiкавы артыкул, але дрэнна вычытаны карэктарам.. Шмат арфаграфiчных памылак..